31.10.2009 / 10:32

Анатоль Сыс. Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі «Развітанне» 3

Тыдзень Сыса на НН — у гэтыя дні пракляты паэт мог бы святкаваць 50-ы дзень нараджэння. Гэты верш быў напісаны Сысом у адказ на роспачны верш Пімена Панчанкі «Гэта з мовай маёй развітанне», напісаны на піку савецкай русіфікацыі.
    Родны мой Пімен Панчанка,
    Вы сказалі: настала змярканне?
    Вы сказалі на маці мачыха?
    Бо настала Вам развітанне?
    З яе словам — ужо не родным,
    з яе сонцам — ужо халодным,
    з яе людам — спрадвек галодным,
    нават Богу й таму няўгодным…
    Адыходзіце ці зракаецеся?
    Ці сухімі слязамі каецеся?
    Пад крыжамі Сафіі Полацкай
    бюракрат за Вас не памоліцца,
    а памоліцца за Вас мачыха,
    за сыночка свайго, за Панчанку,
    і ў галовах запаліць свечачку.
    Можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
    скрозь расстанне і скрозь змярканне
    на агеньчык паэт прыстане,
    скажа: родны мой Пімен Панчанка,
    я Вам верыў, ды вера страчана.
    I ў галовах патушыць свечачку,
    можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
    пад крыжамі Сафіі Полацкай
    ён за Белую Русь памоліцца,
    за наступнікаў і за прадзедаў,
    ён памоліцца так, як дадзена,
    як вучылі Купала з Коласам —
    крэўным словам, родным голасам.
    Вы жывымі слязамі заплачаце,
    за паэтам народ убачыце
    скрозь расстанне і скрозь змярканне,
    Вам за смерць сваю прыкра стане,
    бо пад небам Сафіі Полацкай
    на народных паэтаў моляцца.
0
КБ / Адказаць
31.10.2009 / 11:54
харашо бы была і верш ПП прытачыць
0
Зоя / Адказаць
31.12.2009 / 21:39
Сапраўды! Дайце два вершы, нашаніўцы! Вы такім тэндэнцыйным падыходам характарызуецеся, дарэчы :(((((((((((((
0
Кнехт / Адказаць
31.12.2009 / 22:24
ПІМЕН ПАНЧАНКА А мову ледзь не затапталі І асмяялі, як раней. А вы ў народа запыталі, Якая мова нам радней? Бацькі (яшчэ не ўсе), І дурні, І хамы (хаму не пярэч!) Сцвярджаюць: "Руская - культурней І прагрэсіўней. Нашу прэч!" Так мова руская - У сіле! Яна багатая... Але Мы бульбай дзелімся з Расіяй, Шлём сала, мяса і алей. Мацуем нашу роднасць працай, Дзе цяжка - Мы туды ідзём. Над кожнаю магілай брацкай Мы кветкі памяці кладзём. А мову родную заўсёды І усюды вучыць першы клас. А ў нас стыдуюцца: "Не модна...", Як і калісьці ў царскі час. Усе сыны усіх народаў На памяць помняць родны верш І ганарацца песняй роднай, З якой з калыскі ты жывеш. Ну, а салдаты з Беларусі Ці служаць, ці ідуць на бой, Саромяцца ў юнацкай скрусе: Не знаюць спадчыны сваёй... Мілей мне "кнігаўка", чым "чыбіс", Бо голас кнігаўкі ў душы. І бульбу смажаную чыпсам Ты зваць па модзе не спяшы. І я на "клюкву" "журавіны" Не прамяняю, не аддам. І светлы край наш жураўліны Я ціха дзецям перадам. 1987
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру