У Мінску 30 кастрычніка прайшлі суды над моладзевымі актывістамі, якіх напярэдадні затрымалі пасля акцыі па вывешванні нацыянальных сцягоў у цэнтры сталіцы. Актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» штрафавалі на 15 і 30 базавых велічынь.

Нагадаем, што Галіну Пярвушыну, Насту Аскерку і Паўла Ладуцьку затрымалі ўчора вечарам падчас вывешвання дзесяткаў бел‑чырвона‑белых сцягоў на праспекце Незалежнасці ад Парка Чалюсцінцаў да Нацыянальнай бібліятэкі.

Разам з затрыманымі фотакарэспандэнтамі Юліяй Дарашкевіч і Уладзем Грыдзіным, якіх пасля адпусцілі, актывістаў кампаніі «Еўрапейская Беларусь» даставілі ў Першамайскі РУУС. Ім было прад’яўлена абвінавачванне ў дробным хуліганстве, пасля чаго маладых людзей адвезлі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Сёння раніцай Галіну Пярвушыну, Насту Аскерку і Паўла Ладуцьку даставілі ў суд Першамайскага раёна сталіцы.

Паводле прысуду, Наста Аскерка і Галіна Пярвушына павінны выплаціць штраф у 15 базавых велічынь (525 тысяч рублёў) кожная, а Павел Ладуцька — 30 базавых вялічынь (1 млн. 50 тыс).

— Прысуд я, безумоўна, лічу несправядлівым, бо мяне абвінавацілі і прызналі вінаватай у тым, чаго я не рабіла. Супрацоўнікі міліцыя сцвярджалі, што я лаялася матам. Насамрэч гэта яны крычылі і нерваваліся, а я паводзіла сябе спакойна, — расказала «Салідарнасці» Наста Аскерка, якую ўчора затрымалі каля станцыі метро «Маскоўская». — Ноч на Акрэсціна была непрыемнай, было холадна, але я ні аб чым не шкадую. Мы правялі акцыю для таго, каб людзі памяталі пра тыя ганенні, з якімі сутыкнуліся 29 кастрычніка 1989 году ўдзельнікі паходу на Курапаты, каб памяталі пра ахвяр сталінскага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?