Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею бліжэйшым часам падрыхтаваць прапановы па кадравых рашэннях адносна членаў урада.

Пра гэта прэзідэнт заявіў 30 кастрычніка на нарадзе па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 9 месяцаў 2009 года і праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год.

«Краіна жыве так, як быццам крызісу ў краіне няма.
На чым ездзілі, на тым і ездзяць. Куды ездзілі, туды і ездзяць. Што елі — тое ямо, што апраналі — тое і апранаем», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

«Ніхто яшчэ ў крызісе не жыў, акрамя народа, якому толькі і прапаноўваюць то на 10 даляраў, то на 5 павысіць плацяжы па камуналцы, — сказаў ён. — І не хадзіце да мяне і не прасіце, маўляў, давайце гэта павялічым, тое паднімем. Шукайце шляхі зніжэння сабекошту. Працуйце над павышэннем прадукцыйнасці працы».

Аляксандр Лукашэнка таксама зноў папярэдзіў міністраў аб тым, што «пачаў асабіста і персанальна слухаць кожнага».

«І папрашу губернатараў усур'ёз заняцца сваімі тэрыторыямі. Пытанне нумар адзін — прамысловасць. Губернатары асабіста з заўтрашняга дня павінны ўзначаліць кампанію па разгрузцы складоў усіх прадпрыемстваў, — сказаў прэзідэнт. — Няхай што хочаце робяць, але выходзяць на зададзены ўзровень. Ці альтэрнатыва: не можаце — скажыце. Я буду шукаць іншых людзей, хто б гэта змог. Але прынятыя мною рашэнні — закон для ўсіх тут прысутных».

Падводзячы вынікі нарады, Лукашэнка застаўся незадаволены падрыхтаванымі ўрадам дакументамі. На 2010 год урадам былі падрыхтаваныя два варыянты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта базавы варыянт, які прадугледжвае рост ВУП на ўзроўні 2-3%, і мэтавы, які прадугледжвае рост ВУП у межах 11-12%.

«Гэтыя дакументы нічога не вартыя.

І не пасуюць для таго, каб працаваць у наступным годзе напружана. Павінен быць адзін прагноз, адзін план грашова-крэдытнай палітыкі, зразумелы для народа», — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Пятру Пракаповічу і намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леаніду Анфімаву ўзначаліць дапрацоўку гэтых дакументаў. «Пракаповіч, Анфімаў, вы — галоўныя адказныя, на працягу месяца падрыхтаваць усе дакументы на наступны год. Калі раней падрыхтуеце — будзе лепш. Усе рашэнні, прынятыя на трэцім Усебеларускім народным сходзе, няўхільна павінны быць выкананыя», — запатрабаваў Лукашэнка.

Звяртаючыся да кіраўніка Нацбанка, прэзідэнт адзначыў: «Пётр Пятровіч, для вас гэта максімум часу. Наймайце, прыцягвайце каго хочаце. Стаўце задачы разам. А кіраўнік Адміністрацыі павінен унесці мне гэтыя дакументы канчаткова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?