Справа «Партнэрства» падаецца адным вялікім «празрыстым намёкам». Каму? І чаму менавіта лёсамі чатырох юнакоў? Такое ўражаньне, што мы яшчэ доўга не даведаемся ўсяе праўды.

У пятніцу вынесены прысуд па гучнай «справе назіральнікаў»: актывісты незарэгістраванага «Партнэрства» атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня, папоўніўшы сьпіс беларускіх палітвязьняў. Эніры Браніцкай і Аляксандру Шалайку судзьдзя Леанід Ясяновіч адмераў па паўгоду арышту. Цімох Дранчук атрымаў год, а Мікалай Астрэйка – два гады калёніі агульнага рэжыму. Пры ўсім гэтым, як адзначаюць адвакаты, у апошні момант быў перакваліфікаваны пункт артыкулу абвінавачаньня, фармулёўка якога стала гучаць крыху мякчэй – ч.2 арт.193 заменена на арт.193-заўв. Гэткім чынам, актывісты «Партнэрства» асуджаныя толькі за нерэгістрацыю сваёй арганізацыі, але не за шкоду законным інтарэсам і правам грамадзянаў. Хоць наўрад ці камусьці ад гэтага сёньня лягчэй...

Прысуду давялося чакаць пад праліўным дажджом і моцным ветрам. Частка журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці прамокла і зьмерзла, але гэта нінаколькі не зьмякчыла жорсткасьці загаду «не пускаць» людзей у будынак суду альбо нават пад казырок над уваходам. Карэспандэнту «НН» амапаўцы ў цывільным не далі схавацца ад дажджу пад дах, матывуючы гэта загадам зьверху і мажлівасьцю адсюль прарвацца на працэс. Некалькіх чалавек, што чакалі часу абвяшчэньня прысуду на лаўцы ў двары, акаціў вадой з лужыны кіроўца міліцэйскай машыны, які адмыслова набраў хуткасьць і праехаў па найглыбейшай частцы «вадаёму».

Нягледзячы на абяцаньне пусьціць на выніковую частку прысуду сваякоў, сяброў і прэсу, усіх ізноў падманулі, як у першы дзень суду над Казуліным. Спачатку амапаўцы абвесьцілі, што чакаюць рашэньня старшыні Цэнтральнага суду, потым запусьцілі 22-х сваякоў па сьпісе, у апошнюю хвіліну – амбасадараў некалькіх эўрапейскіх дзяржаваў. Пасьля гэтага звыкла спаслаліся на адсутнасьць месцаў у залі. Застаецца толькі парадавацца хоць бы таму, што малады бацька Цімох Дранчук упершыню змог пабачыць праз краты свайго 4-месячнага сына Платона.

Падтрымаць «партнэраўцаў» прыйшло шмат актывістаў моладзевых рухаў, лідэраў дэмакратычных партыяў. Некалькі разоў на працягу працэсу зьяўляўся Лявон Баршчэўскі – Ц.Дранчук і М.Астрэйка былі ягонымі вучнямі ў знакамітым Беларускім ліцэі.

Удзельнікі намётавага мястэчка, жыхары розных гарадоў, пазнавалі каля суду адзін аднаго. Калі чацьверку асуджаных назіральнікаў у апошні раз павезьлі ад суду ў аўтазаку, людзі пачалі скандаваць: «Свабоду! Свабоду!». Прамоклая да ніткі моладзь раскідала на шляху аўтазака кветкі – белыя і чырвоныя гвазьдзікі – і рыхтавалася пакласьціся пад колы проста ў лужыны альбо перагарадзіць рух жывым ланцугом. Але тут турэмная машына спынілася, разьвярнулася і хутка зьехала з двара празь іншы праезд. Акцыя была сарваная. Толькі Хрысьціна Шацікава яшчэ доўга стаяла, абгорнутая вялікім бел-чырвона-белым сьцягам, які прывязала да сябе. Назаўтра моладзь з намётавага мястэчка напіша больш за 20 віншавальных паштовак на імя 25-гадовага юбіляра Цімоха Дранчука. Эніра Браніцкая сьвяткавацьме гэтую дату 31 жніўня.

Ад імя ўсіх, каго не пусьцілі ў залю, павіншаваць абаіх пасьпеў журналіст і праваабаронца Валер Шчукін, які пасьпеў прайсьці праз амапаўскія кардоны. 6 жніўня сьвяточны пікет у гонар дня нараджэньня Ц.Дранчука правяла на Нямізе і моладзь з «Бунту». Лепшым падарункам для яго і ягоных таварышаў была б воля. Зрэшты, многія прысутныя каля Цэнтральнага суду на працягу шасьці дзён працэсу верылі, што назіральнікам дадуць па некалькі месяцаў турмы і адпусьцяць – зараз ці праз пару тыдняў. Раз так ня здарылася – значыць, гэтая чацьверка, тры маладыя праўнікі і адзін журналіст, сапраўды былі настолькі небясьпечныя для існага ладу! Чым менавіта – можна здагадвацца.

Такое ўражаньне, што пра справу «Партнэрства» мы яшчэ доўга не даведаемся ўсяе праўды. Адвакаты ня могуць казаць пра падрабязнасьці працэсу, бо іх могуць пазбавіць ліцэнзіяў. Пры гэтым, паводле словаў аднаго зь іх, падпіскі пра неразгалошваньне зьвестак пра хаду працэсу дзейнічаюць пажыцьцёва. Павал Сапелка, які абараняў Цімоха Дранчука, лічыць, што вынесены прысуд «вельмі жорсткі» і не адпавядае ўчыненаму. Але застаецца невядомым, пра што канкрэтна на працягу шасьці дзён ішла гаворка падчас судовага разьбіральніцтва і чаму ўсё ж яно было закрытым. Чаго гэтак збаяўся рэжым? Што насамрэч здолеў прадухіліць КДБ, які з зайздроснай апэратыўнасьцю загадзя «вырубіў» назіральнікаў і вывеў іх з выбарчай гульні? Якімі гэта было зроблена мэтадамі? Ці была нейкая альтэрнатыва «Партнэрству» ў назіраньні за сакавіцкімі выбарамі, і калі была, то чаму тады 19 сакавіка ў апазыцыі не было на руках рэальных дадзеных пра галасаваньне?

Мяркуючы па нешматлікіх зьвестках, атрыманых ад сьведкаў па працэсе, прадметам разгляду былі найперш дакумэнтальныя матэрыялы– справаздачы нейкіх арганізацыяў. Таксама гаварылася пра нейкія сустрэчы і грошы. Пра пісталет і мех сотавых тэлефонаў, паказаны па тэлебачаньні ў роліку пра «пераварот», ня згадвалі: першы быў калярытным аздабленьнем тэлекарцінкі для электарату, у другіх знайшоўся гаспадар, які нібыта пакінуў сваю маёмасьць на захаваньне ў аднаго з людзей, блізкіх да «Партнэрства». Сьведкі кажуць, што іхнія паказаньні неміласэрна скажаліся. Вось што распавёў адзін зь іх: «Я ведаў, што мяне могуць даставіць у суд прымусова, і хаваўся ў свайго знаёмца. Але ў панядзелак мяне знайшлі і а шостай ранку, калі я выйшаў з пад’езду, затрымалі і павезьлі на працэс. Ня білі, абыходзіліся нармальна, ветліва. На судзе зачыталі два камплекты маіх паказаньняў: напісаныя ад рукі і набраныя на кампутары. Маёй рукой было напісана, што я ведаю аднаго з падсудных, мы разам бавім вольны час. Там не было сказана нічога такога. А ў надрукаваным тэксьце ад сьледзтва гаворыцца, што я разам з гэым чалавекам сустракаўся зь нейкімі замежнікамі. Калі гэта зачыталі, я спытаў судзьдзю: а хто гэта такія?» Сьведка кажа, што другі варыянт паказаньняў маглі замест яго напісаць кадэбісты.

Пакуль ясна толькі, што вакол «Партнэрства» некалькі месяцаў ішла нейкая гульня, і судовая справа – вяршыня айсбэргу. Прынамсі, са словаў блізкіх да грамадзянскай ініцыятывы актывістаў апазыцыі, на некаторых зь іх пасьля спробы зарэгістраваць «Партнэрства» аказваўся ціск з боку спэцслужбаў з мэтай прымусіць працаваць на КДБ. І мы наўрад ці хутка даведаемся, чым скончылася справа ў некаторых з гэтых выпадкаў (як, дарэчы, і пра сам факт некаторых такіх выпадкаў).

Як сказаў адзін са знаёмых праўнікаў, «калі КДБ сказаў «а», то няхай бы казаў і «б» і працягваў далей адкрыта абвінавачваць гэтых маладзёнаў – гэта было б, прынамсі, больш лягічна і зразумела для ўсіх». У варыянце, які меў месца, прысуд «абясшкоджаным» гэбістамі назіральнікам пасьля непразрыстага суду больш падобны на празрысты намёк. Відаць, для тых, хто сам разумее, што яму...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?