Верагодна, сёньня спыняць галадоўку ўсе 15 ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Берасьці. Радыё Свабода стала вядома, што ў Любові Разановіч, якая адмаўляецца піць ваду ўжо 7 сутак, рэзка пагоршыўся стан здароўя.

Паведамляе прадпрымальнік Віктар Чайкоўскі:

(Чайкоўскі:) «Родныя, сваякі й сябры хвалююцца за здароўе Любові Разановіч. Яна інвалід другой групы – цяжка хварэе. Нас палохае, што могуць застацца сіротамі двое ейных непаўналетніх дзяцей».

У гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода Любоў Разановіч сказала, што рашэньня пра выхад з галадоўкі яшчэ не прыняла. Яна таксама паведаміла: сёньня прыкладна а 15-й гадзіне адбудзецца сход усіх удзельнікаў галадоўкі, на якім, мажліва, будзе зроблена заява пра спыненьне акцыі.

Галадоўка ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. У ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.

Радыё Свабода