Сініка Хурскайнен

Сініка Хурскайнен

Фінскі дэпутат Сініка Хурскайнен нядаўна стала новым спецдакладчыкам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па Беларусі, паведамілі «НН» у Інфармацыйным пункце Савету Еўропы ў Мінску. Прызначэнне адбылося яшчэ ў верасні.

Ад лютага 2007 году гэтую пасаду займаў італьянскі парламентар Андрэа Рыгоні, яшчэ раней — кіпрыёт Хрыстас Пургурыдэс.

Падчас працы сп.Рыгоні пачаўся працэс вяртанне Беларусі статусу спецыяльнай запрошанай у Савеце Еўропы. На летняй сесіі ПАРЕ было прынятае рашэнне, што статус нашай краіне будзе вернуты толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Тым не менш, такія прысуды па‑ранейшаму выносяцца ў Беларусі.

Працу Андрэа Рыгоні неадназначна ацэньвалі беларускія апазіцыянеры. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька кажа: «Маё стаўленне да спадара Рыгоні было досыць крытычным. Ён ад самага пачатку заняў ролю адваката ўладаў. Раіў ім не прыязджаць на пасяджэнні ПАРЕ разам з апазіцыянерамі, бо яны будуць відавочна прайграваць. Гэта абсалютна дакладная інфармацыя. Ягоная палітыка адназначна і не прывяла да поспеху, і рашэнне аб змене можна толькі вітаць.

Ведаеце, тут прыходзіць такая паралель са школай. Звычайна ў класах ёсць такі адстаючы вучань, якому, каб перавесці ў наступны клас, шукаюць самае лёгкае заданне. Ну каб хоць штосьці зрабіў! І Рыгоні шукаў такое заданне для Беларусі. Ён яго знайшоў у выглядзе адмены смяротнага пакарання, але ўлада і тут не змагла яго выканаць», — кажа А.Лябедзька.

Саніка Хурскайнен нарадзілася ў 1951 годзе ў невялікім гарадку Куусанкоскі на поўдні Фінляндыі. Прадстаўляе сацыял‑дэмакратычную партыю. Дэпутат фінскага парламенту ад 1983 па 1999 і з 2003 гадоў. Працавала сацыяльным работнікам. Ад студзеня 2008 году ўзначальвае падкамітэт ПАРЕ па Беларусі. Некалькі разоў была ў нашай краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?