Ветэраны вайны ў Афганістане патрабуюць неадкладнага ўмяшання прэзідэнта ў справу Мікалая Аўтуховіча, паведаміў праваабаронца Алег Волчак.

Паводле яго слоў, 31 кастрычніка 2009 года ў Жодзіне адбылася справаздачна‑выбарная канферэнцыя Рэгіянальнага цэнтра інвалідаў Мінскай вобласці Рэспубліканскага аб’яднання інвалідаў вайны ў Афганістане. Яе ўдзельнікі выказалі падтрымку Аўтуховічу і прынялі адкрыты зварот да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы лічым, што арышт Аўтуховіча звязаны з яго палітычнай дзейнасцю ў барацьбе з карупцыяй у вышэйшых органах улады і адстойваннем правоў удзельнікаў вайны ў Афганістане, чые льготы незаконна ліквідаваныя парламентам краіны», — гаворыцца ў звароце.

«Патрабуем вашага неадкладнага ўмяшання, каб спыніць гэта беззаконне ў адносінах да невінаватых грамадзян. Просім тэрмінова вызваліць з‑пад варты Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку пад падпіску аб нявыездзе. Просім даручыць кампетэнтным і прафесіянальным следчым пракуратуры Рэспублікі Беларусь узяць пад свой кантроль дадзеную справу для далейшага расследавання, адхіліўшы следчых МУС РБ. Таксама просім прыцягнуць да адказнасці службовых асоб, па віне якіх былі незаконна арыштаваныя Аўтуховіч, Асіпенка і Лявонаў (у жніўні вызвалены з‑пад варты, справа ў адносінах да яго спынена)», — пішуць ветэраны вайны ў Афганістане.

«Па прычыне таго, што нашы лісты асабіста да вас у рукі, Аляксандр Рыгоравіч, не даходзяць, а канкрэтных адказаў з Адміністрацыі прэзідэнта мы ніколі не атрымлівалі, таму зварот будзе прадубляваны ў СМІ для азнаямлення з ім шырокай грамадскасці», — паведамляюць удзельнікі вайны ў Афганістане.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0