Размежаванне ў АДС адбылося пад ціскам прэзідэнцкіх амбіцыяў Мілінкевіча, але ў першую чаргу па геапалітычнай прыкмеце. Аналізуе Юры Чавусаў.

З’яўленне на беларускай палітычнай арэне Беларускага Незалежніцкага Блока (БНБ) не ёсць якаснай зменай у апазіцыйный супольнасці. Гаворка хутчэй можа весціся пра пэўнае тактычнае перагрупаванне старых палітычных сілаў, пра палярызацыю па прыкмеце геапалітычнай арыентацыі і, у значна меншай ступені, па ідэалагічных прыкметах.

Такім чынам палітычныя структуры намагаюцца заняць больш зручную пазіцыю напярэдадні бліжэйшых палітычных кампаніяў, падчас якіх ранейшыя задачы будуць вырашацца прыкладна ранейшымі сродкамі. Афармленне новай кааліцыі з’яўляецца вынікам ранейшых працэсаў, што адбываліся ў нетрах старой кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), і адначасова сведчыць пра змену генерацыяў у апазіцыйных структурах.

Стварэнне кааліцыі нацыянальна‑дэмакратычных сілаў было даўняй марай многіх прадстаўнікоў правага крыла беларускай апазіцыі,
незадаволеных неапраўдана малым месцам гэтай ідэалагічнай плыні ў апазіцыйным ландшафце. Рэалізацыя гэтага праекта зрабілася магчымай пасля змены кіраўніцтва ў Партыі БНФ – у партыі, якую можна разглядаць як «залатую акцыю» апазіцыі. Пры гэтым тактычныя выгоды падобнага размежавання не скасоўваюць ягонага асноўнага мінуса – апазіцыя напярэдадні чарговага выбарчага цыклю не інтэгруецца, а наадварот павялічвае ступень раз’яднанасці. Кааліцыйнае будаўніцтва само сабою не з’яўляецца будзь якім істотным чыннікам для поспеху апазіцыі – больш важная стратэгія ўдзелу у выбарах, якой цяпер няма. Пабудова новай кааліцыі стане цяжкай задачай – любая перабудова звязаная з дэканструкцыяй і павелічэннем працэсаў дэзінтэграцыі.
Асноўным матывацыйным рэсурсам для стварэння БНБ сталася незадаволенасць апазіцыйнага актыву ранейшай кааліцыйнай архітэктурай і, шырэй, незадаволенасць апазіцыяй увогуле. Асноўныя імпульсы для стварэння «правай кааліцыі» сыходзілі з асяродку вакол Аляксандра Мілінкевіча.
Для патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, што карыстаецца пэўнай вядомасцю ў грамадстве, апора на кааліцыю, якая выглядае шырокай, з’яўляецца неабходнай умовай для вылучэння. Уласна кажучы, для вылучэння кандыдатам былому адзінаму кандыдату ад АДС было неабходна заручыцца падтрымкай «свайго ўласнага АДС». У свой час пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў у апазіцыі адбыўся падзел рэсурсаў – усе моцныя структуры засталіся ў складзе АДС, а Мілінкевіч засяродзіў на сабе персанальную папулярнасць у насельніцтва. Аднак ён хутка распачаў працэс канструявання ўласнай кааліцыі: заснаваў і зарэгістраваў Рух «За Свабоду» (РЗС), ускосна падтрымліваў антыкамуністычныя і антыліберальныя настроі ў колах апазіцыйнага актыву, усялякім чынам заахвочваў дзейнасць малых апазіцыйных суб’ектаў, незадаволеных сваім становішчам у АДС. Па вялікім рахунку, заснаванне БНБ сталася ўсяго толькі лагічным крокам пасля Кангрэсу АДС 2007 года, калі адбылася перабудова кіравання кааліцыяй і яе падзел на прыхільнікаў і праціўнікаў былога адзінага кандыдата.

Да таго ж, ужо даволі даўна існуе процілеглае ідэалагічнае аб’яднанне ў межах АДС – Саюз левых сілаў, які зручна разглядаць у якасці прарасейскага флангу ў айчыннай апазіцыі (які адначасова ёсць і антымілінкевічаўскім фарпостам). Так што стварэнне люстэркавага адбітку, адваротным чынам арыентаванага на інтэграцыю ў Еўрапейскі Саюз, было толькі справай часу і зручнага моманту.

Менавіта геапалітычная арыентацыя выглядае асноўнай лініяй размежавання, а ідэалагічныя чыннікі граюць тут другасную ролю.

Варта адзначыць, што паасобныя суб’екты, якія выступаюць цяпер у якасці заснавальнікаў новага апазіцыйнага блоку, маюць розныя матывы для аб’яднання. Частка з гэтых матываў вынікае з незадаволенасці працяглым падпарадкаваннем палітычных структураў кааліцыйным угодам, а частка звязаная з унутранай барацьбой ў арганізацыях і неабходнасцю стратэгічна пралічваць умовы свайго самазахавання на далейшы перыяд.

Беларускія апазіцыйныя партыі з’яўляюцца аб’ектам пільнай увагі з боку палітычных аглядальнікаў і часцяком падлягаюць бязлітаснаму аналізу і жорсткай крытыцы. А вось да РЗС крытычная ўвага значна меншая – больш філіпікаў адрасуецца ягонаму лідэру, у той час як роля самой гэтай арганізацыі застаецца па‑за ўвагай. Як падаецца, нічога новага ў стратэгіі гэтага палітычнага суб’екта на будучы палітычны сезон не прапануецца.

Няма аніякага годнага і вартага даверу адказу на пытанне, чаму РЗС так упарта высоўвае Мілінкевіча на прэзідэнта і што ён можа зрабіць новага для перамогі.
РЗС хаваецца за праеўрапейскую псеўдапраграму і мала ўвагі надае распрацоўцы ўласнага палітычнага аблічча. Па вялікім рахунку, РЗС выступае ў якасці палітычнага суб’екта толькі як аб’яднанне прыхільнікаў палітыка Мілінкевіча – у астатнім арганізацыя насамрэч засяроджаная на грамадскай дзейнасці. Але магчыма, што унутры РЗС разлік ужо таксама робіцца на самазахаванне структуры і працу на час пасля 2011 года, калі дзеючы лідэр гэтага руху магчыма сыдзе з палітычнай арэны. У гэтым выпадку канструяванне кааліцыі вакол РЗС стварыла б зручныя магчымасці для далейшага карыстання выгодамі гэтай падвоенай грамадска‑палітычнай ідэнтычнасці.

Партыі БНФ пасля змены лідэра было наканавана таксама выступіць палкім прыхільнікам новага кааліцыйнага аб’яднання – гэта быў напэўна адзін з найважнейшых пунктаў праграмы новага старшыні партыі Аляксея Янукевіча, які дазволіў яму перамагчы (менавіта галасы сябраў РЗС, якія ўваходзяць у партыю, забяспечылі яму поспех). Логіка «апазіцыя там, дзе БНФ» па‑ранейшаму застаецца адной з канстантаў беларускага палітычнага жыцця, і у гэтым сэнсе апазіцыйны характар новага блоку не будзе выклікаць сумневаў у вачах насельніцтва. Падаецца, што барацьба ўнутры Партыі БНФ прывяла да таго, што партыя перастала быць здольнай на рэалізацыю самастойных сцэнароў. Калі раней яна існавала ў фарватэры АДС, то цяпер будзе вымушаная існаваць прынамсі два бліжэйшыя гады ў фарватэры БНБ. Розніца толькі ў тым, што

калі раней Партыя БНФ падпарадкоўвалася рашэнням былых інструктараў райкамаў КПСС, то цяпер ейнымі партнёрамі будуць... былыя сябры БНФ! Гэтая новая кааліцыйная ўгода будзе выклікаць менш унутраных фрустрацыяў у колах партыйцаў – азначэнні новай кааліцыі як хрысціянскай, антыкамуністычнай і праеўрапейскай не супярэчаць праграмным палажэнням партыі і блізкія шырокім масам партыйцаў.
У той жа час, антымілінкевічаўскія сілы ў БНФ здолілі хутка перагрупавацца і цяпер цешацца рэваншысцкімі амбіцыямі. Але пры ўсім пры тым, на бліжэйшыя некалькі гадоў становішча ў БНФ абяцае быць даволі стабільным – пазіцыям новага кіраўніцтва не пагражае нічога, а рэальнае вяртанне БНФ на лідзіруючае месца ў палітычным полі будзе магчымае пасьля выбараў 2011 у межах новастворанага БНБ.
Адным з галоўных атрымальнікаў дывідэндаў ад стварэння новай кааліцыі будзе Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД).
Гэтая палітычная сіла мела ў АДС мінарытарны статус – там яе не ўспрымалі ўсур’ёз і разглядалі як бурбалку, надзьмутую невялічкай групай былых маладафронтаўцаў на патрэбу моцных хрысціянска‑дэмакратычных партнёраў з Эўропы. БХД першай сказала «чао» АДС, на што там здаецца не звярнулі асаблівай увагі і празявалі момант, калі былыя маладафронтаўцы сталі палітычнымі цяжкавагавікамі. Як маладая палітычная сіла БХД мае выразнае ідэалагічнае аблічча і не паспела зазнаць досведу ахвяравання прынцыпамі дзеля бягучай палітычнай карысці. Менавіта ў сілу гэтага фактара хрысціянскія дэмакраты абяцаюць стаць асноўным ідэалагічным маторам новай кааліцыі.
Дастаткова радыкальная, як для традыцыйнай хрысціянска‑дэмакратычнай партыі, дактрына БХД будзе дамінаваць у ідэалагічным пазіцыянаванні БНБ і ўраўнаважыць гэтае дамінаванне будзе ў стане толькі асабістая разважлівасць Аляксандра Мілінкевіча, ягоная здольнасць палітычна згладжваць вострыя куты.
Такім чынам, лагодная рыторыка кандыдата Мілінкевіча будзе скіраваная навонкі на адрас электарату, у той час як для ўнутранай матывацыі актыву будуць ужывацца радыкальныя дактрыны накшталт праграмных палажэнняў БХД.

Пакуль што праекты праграмных дакументаў новай кааліцыі, насуперак чаканням, не могуць пахваліцца большай канкрэтыкай у параўнанні з дакументамі АДС. У гэтым сэнсе БНБ не больш «беларуская», чым АДС (былі) «дэмакратычныя». Геапалітычны характар новага аб’яднання акрэслены шчырым, хоць і цяжкаперакладальным тэрмінам «незалежніцкія». Але пазіцыянаванне блока як «незалежніцкага» нельга лічыць адназначна выйгрышным ва ўмовах калі ўлады таксама ні ў якім разе не выступаюць супраць незалежнасці і нават ўжываюць лозунгі накшталт «за незалежную Беларусь». Фактычна можна канстатаваць, што ў ідэалагічным сэнсе новае апазіцыйнае ўтварэнне не мае яшчэ пэўнай дактрыны. Гэтай ідэалагічнай нявызначанасцю скарысталася БХД – фактычна на грунце ейнай дактрыны фармуецца праект дэкларацыі БНБ, які ўтрымлівае асуджэнне камунізму і сцвярджэнне хрысціянскага характару Беларусі. Рэцэпцыя каштоўнасцяў БХД адбываецца не толькі праз іх ідэалагічную блізасць да перакананняў іншых суб’ектаў кааліцыі – але ў большай ступені праз тое, што ідэалогія насамрэч тут мала што значыць (проста лічыцца што хоць нейкая ідэалогія павінна ў кааліцыі быць).

Такім чынам, генеральна новы блок мае канфігурацыю не ідэалагічнага аб’яднання – пра ідэалагічныя фактары ў беларускай апазіцыйнай палітыцы можна казаць адно як пра шырму, за якой хаваюцца іншыя чыннікі.

Хутчэй мы тут маем справу з чарговым тактычным аб’яднаннем перадвыбарчага характару – пакуль яно выглядае як хаўрус пад будучую кампанію Аляксандра Мілінкевіча. Размежаванне ў АДС адбылося пад ціскам новых прэзідэнцкіх амбіцыяў гэтага палітыка, і адбылося ў першую чаргу па геапалітычнай прыкмеце.

Што датычыць малых суб’ектаў, якія выступаюць заснавальнікамі Беларускага Незалежніцкага Блоку – то пакуль выглядае, што іх роля ў новым утварэнні будзе фармальна павялічвацца. І Малады Фронт, і Правы Альянс, і іншыя невялікія арганізацыі будуць на роўных прымаць удзел у пасяджэннях меркаванай Рады БНБ – але рашэнні ўсё роўна будуць прымацца камандай Мілінкевіча ў рэжыме перадвыбарчага штабу.

Перспектывы далучэння да блоку будзь‑якіх іншых моцных структураў з асяродку АДС досыць туманныя.
Анатоль Лябедзька, чыя структура як падаецца была б павінная быць ідэалагічна больш блізкая БНБ, чым астатняй частцы АДС, ужо заявіў што лепш «сініца ў руках, чым жораў у небе». Нават канчатковы развал АДС, якога не варта чакаць да прэзідэнцкіх выбараў, не змусіць Аб’яднаную грамадзянскую партыю пайсці на паклон да БНБ, хоць асобныя перабежчыкі, верагодна, будуць.

У той жа час АДС патрапляюць у складанае становішча напярэдадні будучых палітычных кампаніяў.

Калі да блоку, у які ўваходзіць БНФ, у грамадскай свядомасці будзе даволі лёгка ўжываць прыметнікі «беларускі» і «дэмакратычны», то тэрмін «аб’яднаныя» у брэндзе АДС ужо выклікае сур’ёзныя сумневы.
Пакуль што ў БНБ змагаюцца два падыходы ў дачыненні да лёсу старой кааліцыі – арыентаваныя на тое, каб цалкам знішчыць АДС, і арыентаваныя на захаванне гэтай структуры ў якасці пляцоўкі для міжпартыйных перамоваў. У апошнім выпадку АДС па сваёй функцыі вяртаецца да таго, чым былі ейныя папярэднікі – КРДС і КРАПП.

Зрэшты, у якасці сапраўды перадвыбарчай кааліцыі АДС спрацавалі толькі аднойчы – падчас вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнты ў 2005 годзе. І гэты досвед застаецца галоўным козырам у руках АДС – праект праймерыз арыентаваны на тое, каб скарыстацца ім дзеля надання кандыдату АДС легітымнасці адзінага кандыдата ад шырокай апазіцыйнай кааліцыі. Ды вось бяда – няма больш той шырокай кааліцыі.

Сярод патэнцыйных удзельнікаў Беларускага незалежніцкага блоку часам называюць і КХП, як партыю, што не ўваходзіць у АДС і ідэалагічна несумненна больш блізкую да светапогляду большасці публічных лідэраў БНБ. Але гэткае злучэнне малаверагоднае ў сілу непрыняцця КХП якіх‑кольвек альтэрнатыўных поглядаў і арыентацыяй на татальнае адмаўленне кааліцыйнага супрацоўніцтва. Зрэшты, кіраўніцтва КХП ужо дало звыклую ацэнку новым працэсам у апазіцыі як інспіраваным спецслужбамі.

Прызначэнне мясцовых выбараў на вясну 2010 года сталася на руку патэнцыйным прыхільнікам БНБ, і не толькі праз тое, што аб’ектыўна ўскладняе рэалізацыю сцэнару праймерыз канкурэнтаў з АДС. Мясцовыя выбары могуць зрабіцца для БНБ палігонам, дзе будзе адпрацаваная (і прадэманстраваная) электарату і палітычна‑актыўнай частцы грамадства здольнасць новай кааліцыі да эфектыўнай рэалізацыі выбарчай кампаніі.
Калі БНБ здолее выпрацаваць перадвыбарчую платформу грунтуючыся не на лозунгах «без камуністаў» і «у Еўропу», а на сапраўды сур’ёзных адказах на сацыяльна‑эканамічныя выклікі, што стаяць перад краінай, калі будзе здзейсненая рэальнае размеркаванне абавязкаў і акругаў у межах кампаніі, праведзеная агітацыйная кампанія пад адзінымі лозунгамі – тады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў менавіта БНБ будзе выглядаць апазіцыйнай сілай нумар адзін. Аднак, само па сабе гэта не павялічвае шансаў на змену звыклага сцэнара выбарчых кампаніяў у Беларусі.

Фактычна цяпер фармаванне БНБ і абвяшчэнне ўладамі меркаваных датаў мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў сталася сімвалічным стартам доўгага палітычнага сезону 2009‑2011.

Канкурэнцыя апазіцыйных кааліцыяў была на ўсіх папярэдніх выбарчых кампаніях, і ў тым няма нічога новага. Хутчэй цікаўнасць уяўляе генерацыйны аспект – на асноўныя ролі ў палітыцы выходзіць так званае пакаленне «Маладога Фронту», якое ўжо не проста цясніць, а выціскае тых, хто быў «новай хваляй» напрыканцы 90‑х.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?