30-ы нумар альманаху прысьвечаны двум 80-гадовым юбілярам: гісторыку Янку Запрудніку і а. Аляксандру Надсану. У часопісе друкуюцца біяграфічныя нарысы пра іх, поўныя бібліяграфіі, а таксама выбраныя артыкулы гэтых аўтараў. Сярод тэкстаў а. Аляксандра Надсана «Сьвяты Кірыла Тураўскі», «Беларусы ў Грэцкай Калегіі», «Малітвы Скарыны», «Чарнобыль. Наш боль... Наш доўг», а таксама казаньні, прамоўленыя ў часе багаслужбаў ў грэка-каталіцкай царкве сьв. Пятра і Паўла ў Лёндане.

Найбольш значны з апублікаванага ў «Запісах» даробку д-ра Янкі Запрудніка  тэкст «Спробы адраджэньня і аўтарытарная рэакцыя» (1994–1996), які зьяўляецца апошнім разьдзелам з кнігі «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях», што падчас выданьня кнігі ў Менску ўвосень 1996 г. быў зьняты друкарняй. Акрамя таго ў часопісе публікуюцца прыклады паэтычнай спадчыны Янкі Запрудніка (пісаў пад псэўданімам С. Ясень) – ягоныя эпітафіі вядомым дзеячам беларускай эміграцыі.

Сярод іншых «запісаўскіх» тэкстаў – аналіз беларускіх дыяспараў Натальляй Гардзіенкай; артыкул Лявона Юрэвіча пра авантурыста-патрыёта, лідэра Беларускага Вызвольнага Руху Людвіга Галубовіча-Зарэчнага; сьпіс беларускіх сьвятароў, што знаходзіліся ў Нямеччыне ў 1945 г.

У «Эпісталярыях» друкуюцца лісты экс-кіраўнічкі СБМ Надзеі Абрамавай-Тэадаровіч да жонкі Дзмітрыя Касмовіча – і пляменніцы Якуба Коласа –Надзеі Касмовіч-Міцкевіч, а таксама некалькі лістоў Міхася Забэйды Суміцкага.

У разьдзеле «Літаратура» апублікаваныя ўрыўкі з «Аўгена Анегіна» ў перакладзе Натальлі Арсеньневай ды вершы Вальжыны Морт. Тамсама пасьлямова Янкі Юхнаўца да аповесьці «Яно».

Акрамя таго, гэты нумар «Запісаў» зьмяшчае агляд кніг эміграцыйнай тэматыкі, што выйшлі цягам двух апошніх гадоў.