У Гомелі з 30 кастрычніка па 2 лістапада ўзровень захворванняў на грып і ВРВІ перавысіў парогавы ў 3—5 разоў. Пра гэта паведамляецца ў пастанове галоўнага санітарнага лекара Гомеля Уладзіміра Зіновіча (№ 4 ад 3 лістапада), апублікаванай на афіцыйным сайце гарвыканкама.

Такім чынам, паводле заключэння галоўнага санітарнага лекара, на тэрыторыі горада пачаўся эпідэмічны пад’ём захворванняў на грып і ВРВІ.

Для прадухілення далейшага распаўсюджання захворванняў на грып і ВРВІ кіраўнікам арганізацый аховы здароўя прадпісана

«забяспечыць эфектыўную працу вентыляцыйных сістэм; рэгулярнае праветрыванне, ультрафіялетавае абпраменьванне і правядзенне вільготнай уборкі памяшканняў з выкарыстаннем дэзінфікуючых сродкаў; арганізаваць пастаяннае нашэнне персаналам сродкаў індывідуальнай засцярогі органаў дыхання са зменай іх праз 3—4 гадзіны працы; арганізаваць пераважнае абслугоўванне і лячэнне хворых з сімптомамі ВРВІ дома; своечасова шпіталізаваць хворых з цяжкімі і ўскладненымі формамі грыпу і ВРВІ».

Медыкам таксама даручана

«максімальна абмежаваць правядзенне ў дзіцячых паліклініках прыёму здаровых дзяцей да трох гадоў і прафілактычных медыцынскіх аглядаў школьнікаў; ажыццяўляць рэгістрацыю і маніторынг захворванняў на ВРВІ, грып і пнеўманіі сярод насельніцтва на тэрыторыі абслугоўвання; ажыццяўляць актыўнае назіранне за асобамі з наяўнасцю ускладненняў пасля грыпу і ВРВІ».

Медработнікі павінны забяспечыць забор матэрыялу для вірусалагічных даследаванняў ад хворых на грыпападобныя захворванні, у першую чаргу ў калектывах дзяцей і дарослых пры лакальных успышках, у тым ліку сямейных, і ў асоб з цяжкімі формамі праяўлення грыпознай інфекцыі.

Кіраўнікі дзіцячых дашкольных устаноў, школ, школ‑інтэрнатаў, згодна з пастановай, павінны: «забяспечыць ранняе выяўленне, улік і своечасовае ўстараненне з калектываў асоб, якія захварэлі на грып і ВРВІ; павялічыць знаходжанне дзяцей на свежым паветры; абмежаваць правядзенне масавых відовішчных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў».

Кіраўнікам арганізацый незалежна ад формы ўласнасці прадпісана

своечасова выяўляць захварэлых на грып і ВРВІ і ізаляваць іх ад калектыву. Супрацоўнікі прадпрыемстваў сферы абслугоўвання (парыкмахерскія, прадпрыемствы грамадскага харчавання, гандлю і г.д.) павінны выкарыстоўваць засцерагальныя маскі і мяняць іх кожныя 3—4 гадзіны.

Пастанова ўводзіцца ў дзеянне 4 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?