У адрозненне ад мінулага года дыскусіі на адкрыцці «Мінскага форуму» не прадугледжвалася, таму Уладзіміру Макею не прыйшлося адказваць на непрыемныя пытанні. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, які разам з паслом Вайсам і кіраўніком Усходняга камітэту нямецкай эканомікі праф. Мангольдам форум адкрываў, выступаў упэўнена і жыццярадасна.

Уладзімір Макей (у цэнтры) і пасол ФРГ Гебхарт Вайс.

Уладзімір Макей (у цэнтры) і пасол ФРГ Гебхарт Вайс.

На самым пачатку ён заявіў, што разлічвае на актыўны ўдзел нямецкіх партнёраў у прыватызацыі. Параўнаў нармалізацыю адносінаў Еўропы з Беларуссю з падзеннем Берлінскай сцяны ў агульнаеўрапейскім маштабе. За апошні год, сказаў ён, было дасягнута больш, чым за ўсе папярэднія гады ізаляцыі.
І працытаваў словы Далі Грыбаўскайтэ, якімі тая адказала на крытыку Саннікава ў Рызе пра бясплённасць палітыкі ізаляцыі.

Акрамя Грыбаўскайтэ, ён працытаваў Гётэ: «Той, хто хоча ступаць упэўнена, павінен ступаць паволі». І заклікаў да цярпення.

У параўнанні з мінулым годам у Макею дадалося ўпэўненасці і публічнасці. У ім стала больш чагосьці такога пуцінскага ў інтанацыях.

Памылкова ацэньваць сітуацыю ў Беларусі толькі па грамадска-палітычнай сферы, але трэба таксама і па стабільнасці ў сацыяльна-эканамічнай сферы, нізкім узроўні беспрацоўя, стане сістэмы аховы здароўя, даказваў Макей.

Беларусь спадзяецца на поўнае зняццё санкцый у лістападзе. Усе інакшыя рашэнні будуць перашкодай, — строга, але неяк паспешліва заявіў ён. І, не зрабіўшы належнай паўзы, пайшоў ганіць тактыку бізуна і перніка, выступаць за ўцягванне краіны ў інтэграцыю без папярэдніх умоваў.

А ў чым інтэграцыя? Беларусь зацікаўленая ў крэдытах і інвестыцыях, заявіў ён і доўга пералічваў установы, ад якіх такоўскія могуць прыплыць. У той жа час

«Беларусь не ставіць задачы поўнага ці асацыяванага членства ў Еўрасаюзе», сказаў Макей.

Ён заклікаў да змякчэння візавага рэжыму, прывёўшы лічбы: у 2008 годзе Еўрасаюз наведалі на 20% грамадзянаў Беларусі менш, чым у 2007-м.

Скончыў ён цытатай са Шпэнглера пра незваротнасць усяго таго, што адбываецца (пры гэтым Освальда Шпэнглера назваў Ота). У зале кожны зразумеў цытату па-свойму.
Але энтузіязму яна не выклікала.

* * *

13 акрэдытаваных у Менску паслоў, а ўсяго — прадстаўнікі 21 краіны прысутнічалі на адкрыцці XII «Мінскага форуму», што праходзіць з 4 па 6 лістапада ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў.
Сёлета яго тэма — «Беларусь і Усходняе партнёрства: перспектывы развіцця ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства». На форум з’едуцца ўрадоўцы, навукоўцы, дэпутаты з розных еўрапейскіх дзяржаваў.

У адкрыцці форуму маюць узяць удзел паслы ФРГ і Швецыі Гебхарт Вайс і Стэфан Эрыксан, намеснік міністра замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус, старшыня Усходняга камітэта германскай эканомікі Клаўс Мангольд.

На Форуме будуць працаваць тры працоўныя групы: «Замежная палітыка: Беларусь — сусед у Еўропе», «Эканоміка: новыя задачы эканамічнай палітыкі», «Грамадства: новыя формы ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і грамадствам».

У сваім выступе Клаўс Мангольд падтрымаў Макея адносна «неабходнасці цярпення». «За кожнай ідэяй павінны стаяць людзі. Не трэба прыходзіць сюды [у Беларусь] з бачаннямі», — заявіў ён.

Мангольд, між іншым, паведаміў, што ён сёлета ў Беларусі «чацвёрты ці пяты раз».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?