Сытуацыя вакол канфлікту інтэрнэт-правайдэраў і РУП «Белтэлекам» працягвае разьвівацца. Нагадаем, 1 жніўня 2006 году «Белтэлекам» рэзка павысіў кошт красіроўкі тэлефоннай лініі (больш як у 30 разоў) і павялічыў кошт тэхабслугі ADSL-лініі (да 15990 рублёў). У зьвязку з гэтым недзяржаўныя правайдэры былі змушаныя сувымерна падняць цэны на паслугі.

Група інтэрнэт-правайдэраў падала ў адрас РУП «Белтэлекам» калектыўную прэтэнзію. Дадаткова на сайтах правайдэраў былі разьмешчаныя аб’явы пра падвышэньне тарыфаў, дзе віна за павелічэньне кошту паслугаў перакладалася непасрэдна на «Белтэлекам».

Кагадзе на сайце «Белтэлекама» зьявіўся тэкст, які можна лічыць афіцыйным адказам на прэтэнзію правайдэраў. Згодна з прыведзенай інфармацыяй, падвышэньне кошту некаторых паслугаў зробленае з прычыны распрацоўкі тыпавой дамовы на аказаньне паслугі «Выкарыстаньне абанэнцкіх ліній». Новая дамова была распрацаваная з прычыны таго, што попыт на паслугу паўстаў ня толькі ў Менску, але і на ўзроўні абласных і раённых цэнтраў. Тарыфы прайшлі ўзгадненьне ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі РБ.

Як адзначае «Белтэлекам», менавіта манапаліст ёсьць уладальнікам збудаваных ім абанэнцкіх ліній тэлефоннай сеткі агульнага карыстаньня. «Калі абанэнт жадае скарыстацца паслугамі іншага апэратара, гэта значыць, што тэлефонная ліінія дадзенага апэратара будзе сумесна выкарыстоўвацца як РУП «Белтэлекам», так і іншым апэратарам з гледзішча аказаньня паслуг. Пры гэтым «Белтэлекам» працягвае несьці выдаткі на эксплюатацыю лініі і адказнасьць за якасьць усіх відаў паслуг на яе базе».

«За выкарыстаньне абанэнцкай лініі ўсталяваныя адзіныя тарыфы. Яны складаюцца з адзінаразовай платы за інсталяцыю абанэнцкай лініі – 18700 рублёў (для існых абанэнтаў не спаганяецца) і штомесячнай платы «за даваньне другаснаму апэратару абанэнцкай лініі «Белтэлекама» – 15990 рублёў. Гэта не павышэньне тарыфаў на красіраваньне абанэнцкай лініі, як пададзена ў прэтэнзіі апэратараў на адрас «Белтэлекама». Гэта ўвядзеньне новай паслугі на тэрыторыі краіны і тарыфаў на яе. Усё гэта і ўлічанае ў новай распрацаванай міжапэратарскай дамове», - гаворыцца ў заяве «Белтэлекама».

Пры гэтым апэратар электрасувязі спасылаецца на «міжнародную практыку»: «Ва ўсім сьвеце прынятая практыка, што за выкарыстаньне абанэнцкай лініі апэратарамі спаганяецца адзінаразовая і штомесячная плата. У Расеі, да прыкладу, парадку 30-50 даляраў адзінаразова і ад 10 даляраў да 10 эўраў штомесяц за кожнага абанэнта».

На заканчэньне «Белтэлекам» задаецца пытаньнем: «Як вы лічыце, калі б «Белтэлекам» выкарыстоўваў абанэнцкую лінію, збудаваную іншым апэратарам, гэта было б для «Белтэлекама» бясплатна?»

Між тым, недзяржаўныя правайдэры лічаць, што гэткі падыход можа прывесьці да зьнішчэньня рынку камэрцыйнага правайдынгу ў цэлым.

Паводле Onliner.by

Глядзі яшчэ:

«Белтелеком» разработал типовой договор о взаимодействии операторов электросвязи по использованию абонентских линий.

Тэкст калектыўнага ліста-прэтэнзіі на адрас РУП «Белтэлекам»