Ваенная журналістыка – занятак небясьпечны і двухсэнсоўны. Небясьпека зразумелая. Гэта небясьпека для журналіста быць параненым ці забітым. Але сёньня гаворка пойдзе пра двухсэнсоўнасьць – маральную і прафэсійную – асьвятленьня ваенных канфліктаў.

Варагуючыя бакі імкнуцца выціснуць максымальную выгаду ня толькі са сваіх перамог, але і з пакут уласнага народу: надта вялікая роля грамадзкай думкі ў сёньняшнім сьвеце.

Ніхто не адмаўляе: мірнае насельніцтва гіне падчас вайны. Але тут узьнікае другі бок праблемы – маральны. Выкарыстоўваць пакуты і сьмерць людзей у прапагандысцкіх мэтах амаральна і цынічна, аднак гэта адбываецца. Ізраільска-лібанскі канфлікт не вынятак, што пацьвердзіў скандал зь лібанскімі фотаздымкамі агенцтва «Ройтар».

Паважанае і найстарэйшае брытанскае інфармацыйнае агенцтва абвясьціла, што зьмешчаны на ягоным сайце здымак лібанскага фатографа Аднана Хаджа, на якім адлюстраваны разбуральныя наступствы налёту ізраільскіх ВПС на Бэйрут, аказаўся адрэтушаванай фальшыўкай. Дым для большай драматычнасьці быў дададзены фатографам. Агенцтва зьняла адрэдагаваны здымак і замяніла яго на першапачатковую фатаграфію. Ды папрасіла выбачэньні перад падпісчыкамі. Адначасова Ройтар заявіла, што адмаўляецца ад супрацоўніцтва з аўтарам адрэтушаванага здымка і выдаліла са свайго архіву 920 ягоных фатаграфій.

У інтэрвію Радыё Свабода вядомы расейскі інтэрнэт-дзеяч, экспэрт і блогер Антон Носік, які адыграў прыкметную ролю ў выкрыцьці здымкаў Хаджа, расказаў пра тое, як была зроблена фотафальшыўка: «Фатограф зрабіў фатаграфію дыму, які ўздымаецца над паўднёвым Бэйрутам, пасьля таго як у яго трапіла ізраільская бомба. Фатографу падалося, што дыму замала, драма замала, і ён намаляваў другі дом, што дыміцца – каб дыму было ўдвая болей. Пры гэтым ён сьцёр нейкія будынкі. Дзеля таго каб гэтыя дамы ўзнавіць на карцінцы, ён проста скапіяваў іх з суседняга ўчастку фатаграфіі. Выйшла вельмі груба і многія гэта заўважылі. Таму прэса, азнаёміўшыся з адзінагалосным заключэньнем асобаў, што ведаюць праграму Photoshop, зьвярнулася ў "Ройтар" з прапановай патлумачыць гэта. Іншымі словамі, якім чынам стопрацэнтна сфальсыфікаваная фатаграфія зьявілася на стужцы агенцтва».

Антон Носік разам зь іншымі экспэртамі ставіць пад сумнеў сапраўднасьць і іншых здымкаў лібанскага фатографа, што працаваў на «Ройтар»: «Мы ведаем, што ў Лібане сіламі карэспандэнтаў, што супрацоўнічалі з "Хезбалах", больш чым удвая перабольшана ацэнка колькасьці ахвяраў. У тры з паловай разы перабольшана колькасьць загінулых дзяцей».

У сувязі з павышанай увагай да фотаматэрыялаў Аднана Хаджа ўжо да панядзелка выяўлена яшчэ чатыры фатаграфіі на стужцы «Ройтар», якія былі адрэтушаваныя.

У таго ж аўтара былі знойдзеныя фатаграфіі, якія адлюстроўваюць падзеньне ізраільскіх снарадаў на горад, на якім выдатна відаць, як пры рэдагаваньні ў Photoshop адзін слой накладваўся на іншы. Нарэшце, ёсьць вельмі цікавая фатаграфія ракеты «Хезбалах», што ляціць у бок ізральскага карабля. Гэта ў лепшым выпадку падтасоўка, а, калі не падтасоўка, то калі ён сапраўды здымаў яе, то ня мог гэтага зрабіць інакш, апроч як маючы прамую ваенную інфармацыю ад "Хезбалах» пра тое, што ў гэтую ноч менавіта з гэтай устаноўкі баевікі маюць намер абстраляць ізральскі ваенны карабель. Бо гэта была ваенная таямніца».

«Ройтар» – і некаторыя іншыя заходнія СМІ – вінавацяць у тым, што яны сталі інструмэнтамі маніпуляцыі і прамымі ўдзельнікамі вайны на баку «Хезбалах». Ізраільска-лібанскі канфлікт сапраўды ў многім праходзіць ня толькі на палёх бітваў, але і на бачынах газэт і экаранах тэлевізіі. Гэта вайна інфармацыйнай эпохі.

«Гэта праблема прагматычнага падыходу да асьвятленьня навінаў, – кажа Антон Новік. – Калі ёсьць рэжым, які (...) можа абмежаваць замежнаму рэпартэру свабоду дзеяньняў, ён (рэпартэр) дзеля таго, каб не перакрылі кісларод, каб не прайграць канкурэнтам, вымушаны дамаўляцца. Узгадлняць свае кадры. У любым выпадку любы таталітарны лад ў гэтай тактычнай барацьбе перамагае любую дэмакратычную дзяржаву».

Друкуецца ў скароце

Радио Свобода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0