06.11.2009 / 20:01

Кастрычніцкая рэвалюцыя на самой справе была рэстаўрацыяй 43

Да такога вываду прыйшоў выдатны гісторык Расіі Рычард Пайпс.

Да такога вываду прыйшоў выдатны гісторык Расіі Рычард Пайпс.

У лютым панурага 1917-га шмат хто паверыў у дэмакратычную будучыню Расіі. Манарх адрокся, быў сфармаваны дэмакратычны ўрад. Але ішла вайна, а новы дэмакратычны лад больш нагадваў анархію. Уладзімір Ленін наважыўся на новую рэвалюцыю. Бальшавікоў падтрымалі левыя эсэры і анархісты. Слабасць Часовага Урада не дазволіла яму абараніць уладу.

Гістарычная заканамернасць

На падзеі кастрычніка 1917-га ў сусветнай гістарыяграфіі існуюць розныя погляды.

Самі бальшавікі спачатку называлі свой прыход да ўлады «Кастрычніцкім пераваротам». Сталін у 1918 годзе назваў артыкул, прымеркаваны да першай гадавіны тых падзей, «Аб кастрычніцкім перавароце». Аднак пазней тэрмін «пераварот» быў прызнаны негатыўным. І заменены спачатку на «рэвалюцыю», а потым і ўвогуле на «Вялікую кастрычніцкую рэвалюцыю».
«Пераварот» вярнуўся ва ўжытак толькі ў канцы 1980-х.

Рычард Пайпс — амерыканскі даследчык расійскай рэвалюцыі і гісторыі Расіі ХХ ст. — увогуле разглядае ўсталяванне камуністычнай улады на тэрыторыі былой Расійскай Імперыі як гістарычную заканамернасць.

Вытокі камунізму — у царызме

Пайпс сцвярджае, што лютаўская рэвалюцыя была часовай памылкай у шэрагу падзей 1917 года.

Расійскае грамадства проста не было гатовае прыняць капіталістычны лад, не было гатовае і да прыватнай уласнасці. Пайпс прыходзіць да высновы, што вытокі расійскай формы камунізму можна прасачыць у далёкім мінулым: у сярэднявечнай Масковіі адзіным рэальным уласнікам быў вялікі князь (цар).
Ён мог распараджацца не толькі казённай маёмасцю, але і маёмасцю падданых. Спецыфічны характар уласнасці ў Масковіі, на думку Пайпса, прывёў да фармавання асаблівай нацыянальнай культуры ў Расіі, фундаментальныя каштоўнасці якой розніліся ад каштоўнасцяў заходняй цывілізацыі, часткай якой была і Беларусь. Самавольства цара і бюракратыі ў дачыненні да маёмасці падданых рабіла немагчымым у Расіі і развіццё дэмакратыі.

Такім чынам, лічыць Пайпс, бальшавіцкі пераварот паставіў гісторыю Расіі на ўласцівыя ёй рэйкі. І насамрэч рэвалюцыя адбылася ў лютым, а ў кастрычніку надышла жорсткая рэакцыя — з іншымі тварамі і метадамі. Яшчэ больш жорсткімі, чым у перыяд манархіі.

У выніку расійская дэмакратыя праз лічаныя месяцы абрынулася ў савецкую прорву.

Луцкевіч і Ленін

Для Беларусі падзеі 1917 года былі важнымі. Вынікам нестабільнасці Расіі стала магчымасць змагання за незалежнасць краю. БНР сталася магчымай таму, што бальшавіцкая палітыка радыкалізавала беларускі нацыянальны рух. Але ці была ў тым добрая воля бальшавікоў?

Меркаваная сустрэча прэм’ера Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча з Леніным, на якой апошні, нібыта, мог пагадзіцца на прызнанне БНР, не знаходзіць падцверджанняў. Наадварот.
Як сведчыць гісторык Анатоль Сідарэвіч, калі А.Луцкевіч сустракаўся ў Кіеве з кіраўніком СНК Украіны Х.Ракоўскім, той даў зразумець, што бальшавікі не прызнаюць незалежнасці БНР, нават калі беларускі ўрад увядзе ў дзеянне савецкую канстытуцыю. А тое, што зрабілі камуністы з беларускай нацыянальнай элітай у 1930-я, адкінула нас на дзесяткі гадоў назад.

Аляксандр Пілецкі

0
Станкевич / Адказаць
06.11.2009 / 21:36
О чём это всё?
0
Ronaldo / Адказаць
06.11.2009 / 22:26
О чём это всё? про победу БАТЭ
0
Вітольд Няўрыда / Адказаць
06.11.2009 / 22:35
Дык гэта ж ужо Бердзяевым даўна апісана....
Паказаць усе каментары/ 43 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру