Паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін 7 лістапада выпісаны з бальніцы, паведаміла яго жонка Юлія Бураўкіна.

Паводле яе слоў, стан пісьменніка палепшыўся, ён знаходзіцца дома і адчувае сябе добра. 30 кастрычніка, вяртаючыся дадому пасля чарговай працэдуры ў Рэспубліканскай бальніцы Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, 73-гадовы паэт адчуў сябе дрэнна і вярнуўся ў клініку.

З дыягназам «вострая сардэчная недастатковасць» ён быў змешчаны ў аддзяленне рэанімацыі, адкуль 31 кастрычніка пераведзены ў кардыялагічнае аддзяленне бальніцы.

16 красавіка ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія» Бураўкіну была зроблена аперацыя на сэрцы, якая цягнулася больш як чатыры гадзіны. Пасля аперацыі па шунціраванні, якую правёў прафесар Вячаслаў Янушка, паэт знаходзіўся ў цэнтры, затым быў пераведзены ў Рэспубліканскую бальніцу Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, а потым — у Рэспубліканскую клінічную бальніцу медыцынскай рэабілітацыі ў пасёлку Аксакаўшчына Мінскага раёна.

Сур'ёзныя праблемы з сэрцам з'явіліся ў Бураўкіна пасля інфаркту, які ён перанёс у маі 2006 года. Тады паэту стала дрэнна на сустрэчы літаратараў з чыноўнікамі з нагоды іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?