З новага навучальнага году ў сярэдніх школах гісторыю Беларусі можна будзе выкладаць па-расейску. Дагэтуль узаконенае было толькі беларускамоўнае выкладаньне.

Рашэньне пра перавод, падрыхтаванае Міністэрствам адукацыі, надрукавана ў «Настаўніцкай газеце». Гаворка ў ім, што праўда, вядзецца толькі пра 9--10-я клясы 12-годкі. Расейскамоўныя школы змогуць самі выбіраць мову, на якой настаўнікі будуць распавядаць вучням пра Вітаўта, Купалу і Лукашэнку. Дазнацца прычынаў такога пераводу ў чыноўнікаў міністэрства цяпер немагчыма: яны спасылаюцца на тое, што распрацоўшчыца рашэння Надзея Ганушчанка сышла ў адпачынак. І дадаюць: «Дзяржаўныя мовы дзьве. У чым праблема?»

Варта зазначыць, аднак, што да 1 верасьня павінен зьявіцца і адпаведны загад Мінадукацыі, і выйсьці з друку расейскамоўныя падручнікі. А гэта значыць, што рашэнне рыхтавалася загадзя.

Пра намер узьняць хвалю пратэстаў заявіла Таварыства беларускай мовы. На думку яго кіраўніка Алега Трусава, ідзе чарговая праверка беларускага грамадзтва на «вашывасьць»: зьямо мы гэтую абразу ці абурымся?

На думку Трусава, агульны фронт супраціву міністэрскаму рашэньню могуць скласьці вучні, бацькі і настаўнікі: «Настаўніка ніхто не прымусіць выкладаць па-расейску. А ў яго ж ужо ўсе навучальныя пляны й распрацоўкі зробленыя па-беларуску».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?