09.11.2009 / 17:59

За польскія тавары можна патрапіць у турму 4

Мытная служба пачала спаганяць падаткі з гарадзенцаў, якія часта прывозілі з Польшчы тавары на значныя сумы.

Мытная служба пачала спаганяць падаткі з гарадзенцаў, якія часта прывозілі з Польшчы тавары на значныя сумы. Гэта робіцца на падставе дакумэнтаў польскай мытні, паводле якіх беларускія грамадзяне за набытыя ў суседняй краіне рэчы вярталі падатак на дададзеную вартасьць, так званы VAT — гэта прыблізна 20% ад цаны. Як беларускія службы змаглі атрымаць такія зьвесткі?

Гарадзенец Мікалай добра ведае, што многія гарадзенцы традыцыйна купляюць у Польшчы рэчы, а потым ім вяртаюць частку кошту гэтых рэчаў, бо польскі бок зацікаўлены, каб замежнікі набывалі тавары, і стымулюе гэтую зацікаўленасьць грашова.

Мікалай: «ВАТ» увогуле ня тычыцца нашай краіны, гэта проста палякі зьніжку робяць людзям, вяртаюць падатак на дададзеную вартасьць на тавар ад двухсот і болей злотых. Я ня ведаю, як нашыя даведваюцца. Палякі не даюць гэтых папераў для іх. Як можна даведацца, што наш чалавек дзьвесьце разоў зьезьдзіў у Польшчу і «ВАТ‑ы» «адбіў? Раней нашая мытня рабіла запыты і палякі давалі сьпісы тых, хто ўвозіў тавары з «ВАТ‑ам» за апошні год, напрыклад, а цяпер нібыта перасталі даваць. Гэта толькі чыста псыхалягічна могуць «наехаць» на чалавека, што вось у нас ёсьць сьпісы, аддзел кантрабанды, прыкладам. Выклікаць, сказаць: вось ты часта езьдзіш, у нас ёсьць сьпісы, у палякаў узялі. Ніхто не абавязаны даваць нашым такія сьпісы».

Ці мае інфармацыю наконт асобаў, якім у Польшчы вяртаюць частку грошай за купленыя тавары, Гарадзенская рэгіянальнай мытня, а калі мае, то адкуль? — пытаньне да намесьніка начальніка арганізацыі мытнага афармленьня і кантролю Івана Целяшынскага.

Целяшынскі: «Не, канечне, мы кантралюем частату перамяшчэньня тавараў. У нас дзейнічаюць мэтадычныя рэкамэндацыі аб прызначэньні тавару, мы іх выкарыстоўваем у працы. Проста рэч цяпер, напэўна, пра іншы пэрыяд. Магчыма, гэта ня гэты год і не мінулы, а магчыма, 2004‑ты, 2003‑ці або 2005‑ты, калі гэтыя падзеі «мелі мець месца», можа быць».

А ці такой інфармацыяй польская мытная служба сапраўды абменьваецца з нашай?

Целяшынскі: «Гэтая інфармацыя з разраду службовай. Мы абменьваемся пэўнымі зьвесткамі, але якімі, скажам так, напэўна, гэта няхай застанецца службовай інфармацыяй. У прыватнасьці, па «ВАТ‑ах» — гэта напэўна не зусім да нас пытаньне».

Журналіст «Gazety Wyborczej» Андрэй Пачобут кажа, што зьява набыла масавыя памеры: супраць гарадзенцаў або распачынаюць крымінальныя справы за кантрабанду, або спаганяюць зь іх вельмі вялікія сумы. Ці сапраўды гэта пакараньне за вернутую палякамі частку кошту тавару, набытага ў Польшчы? Андрэй Пачобут кажа:

калі ёсьць зьвесткі, што чалавек часта езьдзіў у Польшчу і вяртаўся з таварам, то робіцца выснова — ён прывозіў не для сябе, а на продаж.

Пачобут: «Гэтыя дзеяньні ўладаў укладаюцца ў барацьбу з экспартам. Цяпер усе дзяржаўныя ўстановы займаюцца продажам тавараў, разгрузкай складоў. Гэтым, як бачна, займаецца таксама КДБ, які «прышчучвае» чаўнакоў, абараняючы рынак ад тавараў, якія плывуць з Польшчы.

А па‑другое, налічваюць аграмадныя штрафы: дзевяноста тысяч даляраў, сто тысяч — я бачыў, столькі налічылі не падатку, а мытнай пошліны зь пянёй разам, якая набегла, напрыклад, з 2004 году».

Андрэй Пачобут кажа: некаторыя ўжо апынуліся за кратамі. У яго ёсьць дакумэнты, копіі рашэньняў.

Пачобут: «У мяне рашэньне мытні пра неабходнасьць спагнаньня мытных плацяжоў, працэнтаў і пеняў. Тут напісана: зьвесткі аб фактах незаконнага перамяшчэньня тавараў вышэйуказаным грамадзянінам, пералік гэтых тавараў і іх кошт прадстаўлены ў мытню ў электронным выглядзе як дадатак да ўказанага ліста з УКДБ».

Такіх рашэньняў шмат, Андрэй Пачобут кажа пра сотні. Ён зазначае пры гэтым:

«Што цікава: гэтая інфармацыя, якую мае КДБ у электронным выглядзе, яна не зьяўляецца доказам, яна не легалізаваная на тэрыторыі РБ, гэта апэратыўная інфармацыя… Хто плаціць, хто скаргі піша, але ў асноўным плацяць. Але ёсьць людзі, якія ўжо сядзяць у турмах».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Міхаліна / Адказаць
09.11.2009 / 18:17
Але ж ёсць і іншая інфа - пра тое, што гарадзенская і берасцейская міліцыя ды КДБ у супрацы з мытняй рабілі ды й робяць з канфіскаванымі на мяжы таварамі. Прыйдзе час - і гэтая інфа выстраліць. Барані тады Божа апынуцца на лініі стрэлу.
0
Міхаліне / Адказаць
09.11.2009 / 19:04
Страляй, Міхаліна, страляй!
0
Кейстут / Адказаць
09.11.2009 / 19:29
Ну дык, вазіце тавары легальна, сплочвайце мыту і ўсё будзе ў парадку. З-за чаго крык?
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру