Рашэнне Страсбургскага суду выклікала вялікую дыскусію ў Еўропе.

«Прысутнасць крыжа ў школьных памяшканнях з’яўляецца парушэннем права бацькоў на выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі перакананнямі і парушэннем рэлігійнай свабоды саміх навучэнцаў». Такую пастанову 3 лістапада 2009 г. прыняў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу, разглядаючы апеляцыю, пададзенаю грамадзянкай Італіі.

Міністарка адукацыі Марыястэла Джэльміні ў сваёй заяве абвесціла, што «ўрад Італіі абскардзіў рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбургу». Калі суд прыме апеляцыю да разгляду, справа будзе перагледжана ў Вялікай Палаце (орган суда, які прымае рашэнне па справе, што ўздымае сур’ёзнае пытанне альбо тычыцца тлумачэння ці прымянення палажэнняў Канвенцыі або Пратаколаў).

Калі апеляцыя не будзе прынятая да разгляду, пастанова суда прызнаецца дэфінітыўнай ужо праз тры месяцы, і тады права прыняць далейшае рашэнне даецца Камітэту міністраў Рады Еўропы, які на працягу шасці месяцаў мусіць акрэсліць якія дзеянні італьянскі ўрад павінен прыняць, каб пазбегнуць далейшых парушэнняў.

Ватыкан выказаў сваё «здзіўленне і шкадаванне» з нагоды такога «блізарукага і памылковага» рашэння суда. Пазіцыя Канферэнцыі Біскупаў Італіі таксама адназначная. Яна адхіляе гэтае рашэнне, называючы яго «прадузятым і ідэалагічна афарбаваным».

Заяўніца

З пазовам у суд Страсбурга звярнулася Сойле Лаўці Альберцін, італьянская грамадзянка фінскага паходжання. У 2002 г. яна запатрабавала ад дзяржаўнай навучальнай установы Вітарына‑да‑Фельтре ў Абана‑Тэрмэ (Падуя), у якой вучыліся два яе сыны, прыбраць з класных пакояў крыжы дзеля захавання прынцыпу свецкасці дзяржавы. З боку дырэкцыі школы яна атрымала адмоўны адказ і ўсе захады Лаўці засталіся безвыніковымі.

У снежні 2004 г. Канстытуцыйны суд адхіліў апеляцыю. Справа вярнулася ў рэгіянальны адміністрацыйны суд, які ў 2005 годзе, у сваю чаргу адхіліў апеляцыю, сцвярджаючы, што крыж з’яўляецца сімвалам італьянскай гісторыі і культуры і, такім чынам, самой самабытнасці краіны. А таксама сімвалам прынцыпаў роўнасці, свабоды, цярплівасці і свецкасці дзяржавы.

Але потым гісторыя мяняе свой накірунак: суддзі ў Страсбургу, да якіх звяртаецца Лаўці ў 2007 годзе, прызнаюць слушнасць ейнай пазіцыі, больш за тое, яны абавязваюць італьянскі ўрад выплаціць Лаўці кампенсацыю ў 5000 еўра за маральную шкоду. Гаворка ідзе пра першае рашэнне Страсбургскага суда ў пытаннях выкарыстання рэлігійных сімвалаў у школах. «Цяпер італьянскай дзяржаве давядзецца браць пад увагу рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека», — заявілі сужонкі з Абана.

Прысуд

«Наяўнасць крыжа, які немагчыма не бачыць у класе, — гаворыцца ў прысудзе суддзі ў Страсбургу, — можа быць лёгка інтэрпрэтавана навучэнцамі ўсіх узростаў як рэлігійны сімвал. Гэта падкрэслівала б, што адукацыйны працэс адбываецца ў асяроддзі, пазначаным пэўнай рэлігіяй». Усё гэта, яны працягваюць, «можа быць прывабным для веруючых студэнтаў , але раздражняльным для хлопцаў і дзяўчат, якія практыкуюць іншыя рэлігіі. У прыватнасці, калі яны належаць да рэлігійных меншасцяў альбо з’яўляюцца атэістамі». Зноў жа, сам суд «не ў стане зразумець, якім чынам дэманстрацыя ў класах дзяржаўных школ сімвала, які так лёгка асацыюецца з каталіцызмам, можа служыць у выхаванні духа плюралізму, неабходнага для падтрымання дэмакратычнага грамадства».

Аўтарамі такога рашэння выступілі: Франсуа Тулкенс (Бельгія, старшыня), Уладзімір Загрэбельскі (Італія), Ірэнэй Кабрал Барэта (Партугалія), Данута Ёцэне (Літва), Драгалюб Попавіч (Сербія), Андраш Шаё (Венгрыя) і Ізіл Каракас (Турцыя).

Ватыкан лічыць недальнабачным

Ватыкан лічыць памылковым і недальнабачным такое рашэнне Еўрапейскага суда ў Страсбургу. Як заявіў прадстаўнік Ватыкана айцец Федэрыка Ламбардзі, у кароткай прамове на Радыё Ватыкана і TG1, Папская дзяржава прыняла рашэнне суда Рады Еўропы са «здзіўленнем і шкадаваннем».

«Крыж, — растлумачыў ён, — заўсёды быў знакам любові, якую Бог даў нам і знакам саюза ды прымання ўсяго чалавецтва. Прыкра, што ён пачынае разглядацца як знак падзелу, выключэння альбо абмежавання свабоды. Але гэта не так, і гэта не перадае агульнага настрою нашага народа». «У прыватнасці, гэта вельмі сур’ёзна, — дадаў ён, — што хочуць выключыць са свету адукацыі фундаментальны сімвал, які сведчыць пра важнасць рэлігійных каштоўнасцяў у італьянскай гісторыі і культуры. Рэлігія робіць каштоўны ўнёсак у фармаванне і развіццё маралі асобы і з’яўляецца важным кампанентам нашай цывілізацыі. Гэта няправільна і недальнабачна хацець выключыць рэлігію з адукацыйнай рэчаіснасці», — падкрэсліў ён.

А потым ён дадаў: «Дзіўна тое, што Еўрапейскі суд ўмешваецца ў рэчаіснасць, якая вельмі глыбока спалучаецца з гістарычнай ідэнтычнасцю, з культурнай і духоўнай тоеснасцю італьянскага народа». «Не так, — завершыў ён, — асягаецца мэта выклікаць любоў да Еўропы і спарадзіць жаданне яшчэ больш падзяляць ейныя ідэі, чаго мы італьянскія каталікі рашуча трымаліся з моманту ейнага стварэння».

Каментары

На палітычным узроўні з’явіліся шматлікія выказванні, якія адлюстравалі заклапочанасць з нагоды рашэння Страсбургскага суда.

Міністарка адукацы Марыястэла Джэльміні зазначыла: «Наяўнасць крыжа ў класе не азначае далучэнне да каталіцызму, але гэта сімвал нашай традыцыі».

Лідэр апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі П’ерлуіджы Берсані таксама выказвае свае сумневы адносна рашэння суда: «Я думаю, што такі знак нашай старажытнай традыцыі як крыж не можа быць абразлівым ні для каго».

Паводле Сандра Бондзі, міністра культуры, «такія рашэнні аддаляюць нас ад ідэі Еўропы запрапанаванай нам праз Дэ Гаспэры, Адэнаўэра і Шумана. У такім тэмпе палітычны правал непазбежны».

П’ер Фердынанд Казіні, лідэр Хрысціянскіх Дэмакратаў, заявіў, што рашэнне «з’яўляецца вынікам баязлівасці прадстаўнікоў еўрапейскіх урадаў, якія адмаўляюцца згадваць аб хрысціянскіх каранях Еўропы ў Еўрапейскай канстытуцыі. Крыж з’яўляецца знакам хрысціянскай ідэнтычнасці Італіі і Еўропы».

У сваю чаргу вялікаю радасць выяўляе Рафаэль Каркана, сакратар Саюза атэістаў і агностыкаў‑рацыяналістаў: «Свецкая дзяржава павінна паважаць розныя рэлігіі, але не атаясамляць сябе з ніякай». Падтрымалі рашэнне суда і Паола Ферэра, сакратар Камуністычнай партыі, а таксама лідэры італьянскіх мусульманаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?