10.11.2009 / 18:19

«Мы ўсё выканалі. І адчапіцеся» 7

Пра сенсацыйную заяву Лукашэнкі піша Юры Дракахруст (Радыё Свабода).

Беларусь прымае 12 прапановаў Эўразьвязу — такую сэнсацыйную заяву зрабіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай рэформе выбарчага заканадаўства.

Паводле Лукашэнкі, «нам трэба няшмат часу, і гэтыя 12 ці 15 прапаноў ЭЗ можна спакойна прыняць, бяз шкоды для нашай краіны, нашай унутранай палітыкі». «У нас няма абсалютна ніякай алергіі і адпрэчваньня што да тых прапаноў, якія ўносіць ЭЗ», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Цікава адзначыць, што яшчэ ў траўні ў інтэрвію агенцтву Reuter Лукашэнка гаварыў нешта зусім іншае: «Гэта настолькі наіўныя і непрымальныя прапановы для нас, што проста сьмешна… Гэтыя прапановы тут фармавалі тыя людзі, якія не жадалі нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЭЗ. Мы ведаем пра гэтыя прапановы — зламаць выбарчае заканадаўства, зламаць заканадаўства пра СМІ, усё зламаць, распусьціць і гэтак далей».

А цяпер на ўсе гэтыя «жахі» няма абсалютна ніякай алергіі. Як хутка яна прайшла — ня тое, што сьвіны грып.

Зьдзіўленьне яшчэ больш узмацняецца, калі прыгадаць, што ўмовы тычыліся ня толькі выбарчага заканадаўства — там былі пункты і пра незалежную судовую сыстэму, і пра свабоду СМІ, і пра забарону сьмяротнага пакараньня, і пра дасьледаваньне справаў зьніклых, што не вырашаецца рэформай выбарчага заканадаўства, нават самай радыкальнай і лібэральнай.

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка ўсьвядоміў, што гнуткасьць новай палітыкі Эўразьвязу мае пэўныя межы і працягваць атрымліваць нешта, не даючы нічога ўзамен, увесь час не атрымаецца.

Таму зробленыя крокі ў накірунку рэфармаваньня выбарчага заканадаўства.

Магчыма, гэта прымеркавана да 16 лістапада, калі будзе вырашацца лёс візавых санкцыяў, чаму надае велізарную ўвагу беларуская апазыцыя. Аднак я не выключаю, што для ўлады больш важнае рашэньне аб фінансавай дапамозе Беларусі ўжо ня толькі са скарбонкі МВФ, але і з фондаў Эўразьвязу, пра што казаў нядаўна прадстаўнік Эўракамісіі ў Беларусі. Ну а зрабіўшы пэўную саступку, ёсьць жаданьне прадаць яе як мага даражэй.

Заяву Лукашэнкі можна інтэрпрэтаваць як абяцаньне выканаць у нейкай будучыні, магчыма і няхуткай, усе 12 даволі разнастайных умоваў Эўразьвязу.

А можна і як канстатацыю, што зьмены ў выбарчым заканадаўстве — гэта і ёсьць выкананьне ўсіх разумных пажаданьняў Эўразьвязу.

Сёньняшняя заява пра 12 ўмоваў — гэта пасланьне Эўразьвязу: мы сёе‑тое выканалі, давайце будзем лічыць, што гэта наагул усё і што сытуацыя, калі мы вучні, а вы — настаўнікі, якім мы ўвесь час здаём нейкія іспыты, скончылася. Цяпер тыя або іншыя пажаданьні могуць быць, але ў адмысловым парадку, а не як нейкі звод умоваў, якія Менск павінен выканаць.

А вось яшчэ цытаты зь сёньняшняга выступу Лукашэнкі: «сёй‑той трактуе неабходнасьць зьмены выбарчага заканадаўства як выкананьне патрабаваньняў Эўразьвязу па палітычнай лібэралізацыі Беларусі… Ціснуць на нас, як я ўжо некалькі разоў казаў, контрпрадуктыўна. Гэта і ў Эўропе разумеюць». І тут жа праз слова — пра тое, што прапановы Эўразьвязу Беларусь прымае, і нават усе 12 ці 15.

Ну з фармальнага гледзішча супярэчнасьці няма — патрабаваньні не прымаем, а прапановы прымаем.

Калі ж казаць пра лёгіку палітычную, то ў заяваў — розныя адрасаты.

Наконт «прымаем 12 умоваў» — гэта для Эўропы, маўляў, мы ўсё выканалі і адчапіцеся, наконт уласнай нязломнасьці і непахіснасьці — для сваіх, найперш для чынавенства, каб у яго, барані Бог, ня склалася ўражаньне, што «Акела прамахнуўся».

Юры Дракахруст, Радыё Свабода

0
Лёкса / Адказаць
10.11.2009 / 19:21
за апошні год нешта акрамя словаў і традыцыйных каньюнктурных абяцанак нічога новага не заўважыў..
0
klv / Адказаць
10.11.2009 / 20:09
Як там у анекдоце-- паверыл пьянай жэнщыне.
0
Mikola / Адказаць
10.11.2009 / 20:51
Ni veru Lukasenki ,a jak 'zametusiusa' kali grosy spatrebilis kab bolei utrymacca.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру