Аршанскія ўлады ніяк ня могуць вырашыць: варта дазволіць або забараніць будаўніцтва ізалятара часовага ўтрымання на месцы былога помніка архітэктуры ХУІІІ стагоддзя.

Спрэчкі пра лёс царквы цягнуцца ўжо 20 год

Архітэктурны ансамбль базыльянскага кляштара стаўся аб»ектам спрэчак ужо даўно: гадоў 20 таму менавіта ў гэтым месцы на беразе рэчкі Аршыцы было вырашана ўзводзіць будынак гарадзкога аддзела ўнутраных спраў. Тады міліцыянты і выступілі з прапановай знесці парэшткі Царквы Апекі Маці Боскай, каб пабудаваць службовыя гаражы.

Але на абарону гістарычнай спадчыны паўсталі мясцовыя краязнаўцы ды аматары даўніны, якія выратавалі ад зносу і ўласна кляштарны будынак (ён быў аддадзены пад майстэрні мясцовым мастакам з перспектывай некалі адчыніць там карцінную галерэю), і падмуркі царквы, узарванай «ваяўнічымі атэістамі» яшчэ ў 1969-м годзе. Некалі яе збіраліся аднавіць таксама.

Аднак па некаторым часе міліцэйскае кіраўніцтва зноў зацікавіў помнік беларускага барока – у тым сэнсе, што на тэрыторыі базыльянскага кляштара зноў распачаліся будаўнічыя работы. Тут пачалі ўзводзіць будынак ізалятара часовага ўтрымання, але будаўніцтва працягвалася нядоўга і зноў скончылася гучным скандалам: экскаватарам былі разбураныя скляпенні пад старажытнай царквой. Пасля гэтага здарэння стварылі адмысловую камісію, якая пастанавіла, што праект будаўніцтва ІЧУ трэба ўдасканаліць – спраектаваць яго такім чынам, каб не закранаць падмуркі помніка архітэктуры.

Царкву ад міліцыянтаў не ўратаваў чарговы перапіс помнікаў

Сёння будаўніцтва ізалятара часовага ўтрымання на старажытных падмурках разгарнулася зноў. І фармальна міліцэйскае кіраўніцтва заканадаўства пра ахову архітэктурнай спадчыны ўжо не парушае: калі ў 2003-м годзе навукоўцы абнаўлялі спіс гісторыка-культурнай маёмасці Беларусі, то ў яго трапіў толькі жылы корпус кляштара, а падмуркі царквы туды чамусьці не ўключылі.

Зрэшты, і той будынак, якому пашчасціла трапіць пад дзяржаўны дагляд, ужо больш як два гады стаіць бяз даху – ён перададзены прадпрыемству «Оршакамгас», а ў стратнага прадпрыемства няма грошай на догляд помніка. Пэўныя захады для яго захавання зрабіла аршанская Рада моладзевых арганізацый: маладыя людзі правялі некалькі «суботнікаў» па добраўпарадкаваньні тэрыторыі, пакуль лёсам помніка архітэктуры шчыльна не заняліся праваслаўныя вернікі.

«Аблудным душам» патрэбны і царкоўны прытулак, і міліцэйскі ізалятар

Матушка Фамаіда, егумення Талачынскага Свята-Пакроўскага кляштара, якому перададзеныя правы на бызальянскі архітэктурны комплекс, кажа, што з цягам часу яго можна было б скарыстаць. У жылым будынку, ад якога засталіся моцныя сцены з чырвонае цэглы, да прыкладу, цалкам магчыма зрабіць царкоўны прытулак для дзяўчат-сірот ды адзінокіх старых. А Царква Апекі Маці Боскай пасля рэстаўрацыі магла б стаць сапраўдным упрыгожаннем Воршы – калі ад яе сёння пашчасціць захаваць хаця б падмуркі.

У сваю чаргу аршанскія міліцыянты гавораць: новы ізалятар часовага ўтрымання ў горадзе не проста патрэбны, а нават жыццёва неабходны. Бо цяпер гэтая установа месціцца ў сутарэннях пад будынкам раённага аддзелу міліцыі, а там, у вільготным ды цёплым мікраклімаце, дужа актыўна пладзяцца пацукі ды скочкі. І гэтыя «антысанітарныя» істоты кусаюць ды палохаюць не толькі часова зняволеных, але й дабіраюцца ўжо да міліцэйскіх кабінетаў на першым паверсе.

Краязнаўца Ларыса Анісовіч напісала ліст на імя начальніка абласной міліцэйскай управы, наўпрост запытаўшы ў ім, наколькі прынцыпова будаваць ізалятар часовага ўтрымання менавіта на месцы царквы. Пісьмовы адказ быў няпэўны: маўляў, і царквы шкада, але ж і новы ізалятар побач з гарадскім райаддзелам – гэта дужа зручна...

Так ні пра што і не дамовіўшыся, апанэнты ў гэтым пытанні чакаюць уладнага рашэння «зверху».

Алёна Штраль, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0