Як ЕС і незалежнаму грамадству найлепш выкарыстаць пашырэнне кантактаў з лукашэнкаўцамі? Піша Віталь Сіліцкі.

16 верасня я сядзеў у маленькай віленскай кавярні з сябрамі‑журналістамі, якія прыехалі з Беларусі асвятляць візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Літву. Гэта было яго другое ўварванне ў ЕС пасля часовага зняцця візавых санкцый у кастрычніку 2008 года. Раптам у кавярні ўсё захвалявалася. Лімузін «апошняга дыктатара Еўропы», на шляху ў шыкоўны гатэль у Старым горадзе, трапіў побач з кавярняй у затор. Тое было цікава гледачам, якія звыклі мірыцца з заторамі ў Мінску, выкліканымі перамяшчэннямі прэзідэнцкага лімузіна між рэзідэнцыямі.

У апанентаў Лукашэнкі былі і іншыя прычыны для радасці. Для іх візіты кіраўніка Беларусі ў Еўропу, прыкладна тое ж, што для амерыканцаў тачдаўны — шэсць пунктаў за адзін раз.

ЕС можа адмяніць санкцыі, з заахвочваннем успрымаючы крокі беларускага кіраўніка ў бок палітычнай лібералізацыі. Але Лукашэнка ўсё адно будзе ператварацца ва ўсходнееўрапейскага Муамара Кадафі ‑‑ лідэра пераканструявання, які скарыстаўся збегам палітычных абставінаў, каб узаконіць сябе ў вачах заходніх партнёраў. Насамрэч,

паводзіны Лукашэнкі ў Вільні былі шмат у чым аналагічнымі цыркавым выступам Махмуда Ахмадзінежада, Уга Чавеса і самога Кадафі праз пару дзён у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Афіцыйнай нагодай для візіту стала адкрыццё беларускай выставы ў Вільні, арганізаванай у той зручны момант, калі Літва магла б сыграць сваю ролю ў дыпламатычных і палітычных манеўрах ЕС у дачыненні да Беларусі. У той час, як Літва выказвала надзею, што адкрытасць спакусіць Лукашэнку праводзіць празаходнюю палітыку, сам Лукашэнка прыйшоў заявіць, што ЕС прызнаў памылковасць палітыкі ізаляцыі Беларусі, і што крытыкі Беларусі не мелі рацыі. «Яскравы прыклад гэтага» — рашэнне ЕС заняць больш прагматычную пазіцыю (гэта значыць, прыцішыць праваабарончую рыторыку) — адзначыў беларускі лідэр.

Лукашэнка аптымістычна гаварыў аб гарантыі выканання правоў чалавека (урэшце, яго ўрад дае права на працу, захоўваюцца правы большасці, хоць дзеля гэтага правы іншых могуць быць прынесеныя ў ахвяру), адхіліў абвінавачванні ў тым, што Беларусі не хапае дэмакратыі (урэшце, Літва з’яўляецца васалам Бруселя, сказаў ён), і дадаў, што не бачыць неабходнасці мяняць эканамічную мадэль (урэшце, як ён сцвярджаў, палі ў Літве не абрабляюцца, а ў беларускіх калгасах — абрабляюцца). Як і падчас іншых рэдкіх візітаў на Захад, Лукашэнка прадэманстраваў, наколькі магчыма, прыцягальнасць моцнай асобы, дазваляючы сабе досыць вольна жартаваць з журналістамі і рабіць дзіўныя заявы аб сваім асабістым жыцці.

Перш за ўсё,

візіт Лукашэнкі выклікаў цікавасць у Літве, бо даў магчымасць убачыць экстравагантнага лідэра з нестандартнай палітычнай філасофіяй. Колькасць мінакоў і студэнтаў, якія сабраліся пабачыць моцную і таямнічую постаць, нашмат пераўзыходзіла невялікую групу дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць візіту.

Некаторыя назіральнікі былі заінтрыгаваныя і шчыра прызналіся, што разумеюць, чаму Лукашэнка так папулярны ў сябе дома. Іншыя не маглі схаваць сваёй агіды. Гэтая агіда была шматкроць павялічана тым, што датай візіту абралі 16 верасня — дзесятую гадавіну знікнення і магчымага забойства лідэра беларускай апазіцыі Віктара Ганчара — чалавека, якога Лукашэнка ў інтэрв’ю літоўскаму тэлебачанню назваў «таргашом».

Лукашэнку не турбуюць дрэнныя водгукі ў прэсе і пратэсты. Яго візіт быў важны па ўнутраных прычынах: некаторыя аналітыкі лічаць, што гэтым пачалася кампанія па пераабранні ў 2011 годзе. Трыумфальнае перасячэнне мяжы ЕС павінна было азначаць паразу апазіцыі, якая настойвала на санкцыях, і даць доказы таго, што Лукашэнка, не падпарадкоўваючыся Захаду ўвесь гэты час, меў рацыю.

Чалавек, якога можна зацікавіць?

Чым насамрэч можна зацікавіць Лукашэнку? Гэты падыход можа паўтараць старую лінію заходненямецкай палітыкі ў дачыненні да краін сацлагеру — пазбягаць канфрантацыі, дамагчыся перамен праз супрацоўніцтва.

Можна заўважыць слабыя прыкметы пацяплення палітычнага клімату за апошні год. Сярод іх — рашэнне Лукашэнкі вызваліць некалькі палітычных вязняў і аслабіць ціск на апазіцыйную прэсу. І няважна, што Лукашэнка выразна заявіў, быццам гэтыя меры з’яўляліся толькі «падзякай» Захаду. Да гэтага часу вызваленых палітычных праціўнікаў ён называе «злачынцамі».

За некалькі нязначных крокаў Лукашэнку ўдалося вырваць істотныя саступкі з боку ЕС — як выдзяленне Міжнародным валютным фондам стабілізацыйнага крэдыту Беларусі. Затым ён вярнуўся да звычайнай палітыкі шантажу: некалькі палітзняволеных, фактычна закладнікаў, будуць выпушчаныя ў наступным раўндзе лібералізацыі. Аналітыкі сцвярджаюць, што нязначная лібералізацыя, відавочная ў апошнім квартале 2008 года, фактычна прыпыніліся сёлета. А Лукашэнка патрабуе ад ЕС саступак проста за падтрыманне статус‑кво і адсутнасць новых рэпрэсіўных крокаў. Можна зрабіць выснову, што ён разумее палітычную логіку ЕС занадта добра, каб быць лёгка падманутым. Гэта спрошчаная стратэгія.

Лукашэнка, па сутнасці, выпрабоўвае ўласную палітыку. Ён спрабаваў пераканаць літоўскіх бізнесменаў у перавазе сваёй эканамічнай сістэмы, дзе ўсё вырашае прэзідэнт. Забудзьцеся на прыватную ўласнасць і прававую сістэму — было яго пасланне — калі вы сябруеце з прэзідэнтам, вы можаце знайсці рэальныя магчымасці. У шырокім сэнсе слова паводзіны Лукашэнкі даказваюць, што моцныя асобы, у дачыненні да якіх прымяняецца тактыка мяккай сілы, хутка знаходзяць спосаб скіраваць гэтую тактыку на сваю карысць.

Такія лідэры могуць сабе дазволіць некаторую лібералізацыю (магчыма, у Мінску выступяць амерыканскія рок‑зоркі, або пройдуць еўрапейскага ўзроўню кінафестывалі). Але гэта не тыя змены, якія ставяць пад пагрозу статус‑кво (напрыклад, заходнія стандарты ў дзейнасці электронных сродкаў масавай інфармацыі). Лукашэнкаўцы радыя запрашэнням на гандлёвыя кірмашы, але мала што зробяць для лібералізацыі ва ўласным доме. А калі і зробяць, дык такім чынам, каб прадухіліць пашырэнне істотных свабод (напрыклад, апошні скачок Беларусі на 30 месцаў уверх у рэйтынгу Сусветнага банка паводле «індэкса лёгкасці правядзення бізнэсу». Гэтае паляпшэнне перш за ўсё звязана з умовамі рэгістрацыі прадпрыемстваў — вядзенне бізнэсу ў Беларусі застаецца надзвычай складаным).

Наіўная палітыка?

Ці новая палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі з’яўляецца наіўнай? Гэтае пытанне будзе актуальным зноў і зноў у бліжэйшыя месяцы, бо ЕС павінен разгледзець пытанне аб візавых санкцыях для беларускіх чыноўнікаў да канца года (зараз іх дзеянне часова адкладзена).

Па‑першае, старая палітыка ізаляцыі аказалася няўдалай (або ЕС аказаліся не ў стане ізаляваць Беларусь як след).

Па‑другое, «перамены праз удзел» адбываюцца менавіта так, як зараз ў выпадку Беларусі: яны даюць шанец, але няма пэўнасці ў поспеху. Змены могуць адбыцца ў доўгатэрміновай перспектыве, шляхам прадстаўлення матэрыяльных, кароткатэрміновых пераваг дыктатарам. Для актывістаў дэмакратычнага руху ў Беларусі гэтая нявызначанасць можа азначаць новыя і новыя рэпрэсіі, доўгатэрміновыя змены могуць быць невыноснымі. На думку апазіцыі, еўрапейскія чыноўнікі паводзяць сябе беспрынцыпова, але ўсё гэта з’яўляецца непазбежнай часткай працэсу.

Такім чынам, калі ўсё вышэйпералічанае з’яўляецца неабходным элементам, што можа палепшыць ўдзел ЕС? Што было з урадамі іншых краін, такіх, як Польшча, якая адной з першых азнаёміліся са спробай выклікаць змены з дапамогай палітыкі мяккага дотыку?

Бадай адзінай магчымасцю з’яўляецца тое, што

ЕС павінен актыўна і паслядоўна выкарыстоўваць адкрытасці, створаныя яго новай палітыкай. Так, як іх выкарыстоўвае Лукашэнка. Такія адкрытасці, урэшце, дапамагаюць у многіх пытаннях праводзіць лепшую палітыку ў дачыненні да Беларусі.
Яны таксама служаць самому Лукашэнку — прыцягваючы да яго больш пільную увагу. Паводзіны Лукашэнкі павінны ствараць ілюзію таго, што беларускі лідэр перамяніў погляд на дэмакратыю і правы чалавека, і што ён у бліжэйшы час ператворыцца ў сапраўднага рэфарматара (тое ж датычыць і яго асяродку, многіх чыноўнікаў з якога назіральнікі разглядаюць як «маладых ваўкоў» і «кабінетных лібералаў»).

Больш важна, аднак, тое, што не толькі Лукашэнка можа выкарыстоўваць такія адкрытасці для новай дзейнасці.

Беларускі лідэр, карыстаючыся ветлівасцю гаспадароў, пачаў прапагандысцкую кампанію, і не атрымаў ніякага супраціву (за выключэннем некаторых маладых журналістаў: як адзін з работнікаў літоўскага тэлебачання, які паўтараў жарты Лукашэнкі, жартуючы з самога Лукашэнкі). Еўрапейскія палітыкі павінны разумець, што кожная такая сустрэча дае ім магчымасць — нават абавязак размаўляць.
Такія візіты, як вылазка Лукашэнкі на выставу, маглі б мець значна большы вынік, калі б адбываліся ў выглядзе імправізаваных (і шырока асвятляных) «кухонных спрэчак», падобных да кухоннага паяднання савецкага лідэра Мікіты Хрушчова і віцэ‑прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана на выставе ў ЗША ў Маскве ў 1959 годзе.
Лідэры ЕС павінны не толькі нагадаць беларускаму лідэру аб міжнародных абавязках у галіне правоў чалавека, яны павінны быць гатовымі адказваць на яго нападкі на іх сістэмы і каштоўнасці (Лукашэнка здзекуецца ў адкрытую) спакойна, але настойліва.
Вядома, ён мае магутную перавагу ў спрэчцы — ні адзін еўрапейскі лідэр не будзе мець аргументаў, абмяркоўваючы нешта з Лукашэнкам. Для еўрапейскіх высокапастаўленых асоб, якія наведваюць Беларусь, гэта таксама павінна быць нормай.
Яны звычайна размаўляюць з апазіцыяй перад сустрэчамі ва ўрадзе, але павінны настойваць на магчымасці выступаць ва універсітэтах, у прэсе, і шукаць іншыя шляхі пашырэння грамадскай дыпламатыі.
Лукашэнка не будзе задаволены перспектывай правядзення такіх размоваў, але, паколькі ён прадэманстраваў сваю патрэбу ў Еўропе, ніякай трагедыі не адбудзецца, калі такі дыялог і такі абмен думкамі стане спосабам уздзеяння.

Нарэшце, гэтыя адкрытасці не змогуць перамяніць Лукашэнку, але яны дапамогуць змяніць тых, хто працуе для яго. Адна мая сяброўка, што суправаджала мяне падчас візіту Лукашэнкі ў Вільню, апісала, як былі ўражаныя беларускія чыноўнікі, калі ўбачылі, што людзі проста ходзяць па выставе ў той час, як там жа знаходзіўся Лукашэнка. Калі яны зразумелі, наколькі лёгка звярнуцца да літоўскіх чыноўнікаў, зацікаўленых у вядзенні бізнесу, і калі яны сустрэліся з бяссіллем, спрабуючы абараніць Лукашэнку ад апазіцыйных СМІ, якія на прэс‑канферэнцыі напалі на іх боса з градам пытанняў. Яна, напрыклад, лічыць, што гэта можа быць найлепшай прычынай дазволіць Лукашэнку перасякаць мяжу з ЕС.

Акрамя таго, беларускія чыноўнікі і бізнесмены могуць і павінны быць у стане даведацца больш аб еўрапейскай сістэме, да якой яны ў адзін цудоўны дзень прыйдуць, пазбавіўшыся прыхамаці аднаго чалавека. Гэта не зрабіла б рэвалюцыі ў Мінску раптоўна, але заўсёды складаней кіраваць жалезнай рукой тым народам, які валодае пачуццём уласнай годнасці.

Важней тое, што

беларускія эліты, як і большая частка грамадства, вельмі скептычна адносяцца да так званых еўрапейскіх каштоўнасцяў. Калі здзелкі з Лукашэнкам дазволяць паказваць некаторыя з іх, паказваць, што гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца рэальнымі і практычнымі, а не хавацца за цынічную палітычную прынцыповасць і моцную пазіцыю, ЕС зможа атрымаць многае, дазволіўшы Лукашэнку прыехаць.

* * *

Віталь Сіліцкі — доктар палітычных навук, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Загаловак артыкулу ад Рэдакцыі. Загаловак у арыгінале «Mr Lukashenka goes to Vilnius».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?