У вёсцы Крупнікі (Вілейскі раён) ад неасцярожна кінутай запалкі згарэў жылы дом.

«Пажарным, якія прыехалі на месца здарэння, паведамілі, што ў полымі можа знаходзіцца гаспадар, — расказвае інжынер інспекцыі Дзяржпажнагляду Вілейскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч, — пазней высветлілася, што мужчына акурат у гэты час хадзіў да сваякоў».

Паводле слоў Алега Грыневіча, вечарам гаспадару, у якога хворае сэрца, стала дрэнна. Не знайшоўшы дома таблетак, ён вырашыў схадзіць да сваякоў, што жылі на другім канцы вуліцы. На дварэ было мокра і гразка, таму мужчына хацеў абуць гумовыя боты.

У калідоры напярэдадні перагарэла лямпачка. Корпаючыся ў цемры, пачаў свяціць сабе запалкамі. Яны хутка тухлі, таму запальваў адну за другой, а выкарыстаныя кідаў на падлогу.

Не паспеў мужчына дайсці да канца вуліцы, як пачуў трэск. Азірнуўся і зразумеў, што гарыць уласны дом.

На тушэнні працавалі выратавальнікі з Даўгінава, Вілейкі, два пажарна‑выратавальныя падраздзяленні Мядзельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, арганізаваў падвоз вады сельгаскааператыў «Бубны». Нягледзячы на ўсе намаганні, дом уратаваць не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?