13.11.2009 / 13:04

Наш чалавек Гары Потэр 5

У новай мастацкай галерэі «Ў» (Незалежнасці, 37а) ідзе выстава, прысвечаная беларускаму поп-арту.


У мастацкай галерэі «Ў» (Незалежнасці, 37а) адкрылася выстава, прысвечаная беларускаму поп-арту.

У РБ ж як: у суботу, 7 лістапада — выходны, дзяржаўнае свята, а ўжо ў нядзелю гандляроў і тарбэчнікаў з «Дынама» труба кліча на капіталістычна-працоўную варту. Таму пытанне, ці ёсць чым пажывіцца ў Беларусі мастаку, які працуе ў кірунку поп-арт і сац-арту, не ўзнікае. У гэтыя святочна-будзённыя дні галерэя сучаснага мастацтва Ў прэзентуе праект: «Філасофія мас. Беларускі неа-поп арт». Выстаўляюцца зубры беларускага поп-арту: Уладзімір Цэслер, Руслан Вашкевіч, Артур Клінаў і Сяргей Ждановіч.

У аснове праекта ляжыць аналіз узаемаадносінаў мастацтва і масавай культуры, то бок самой сутнасці поп-арту: што бярэцца з кінематографа, тэлебачання, моды, рэкламы, глянцавых часопісаў, як усё гэта пераасэнсоўваецца, і калі адкідаецца, дык чаму. Творы, прадстаўленыя ў дадзеным праекце — адлюстраванне ўзаемадзеяння, спалучэння, а таксама канфлікту мастацтва з масавай культурай.


У дадатак дасведчаны наведнік на выставе зможа прасачыць гістарычнае развіццё беларускага поп-арту, выявіць яго асаблівасці і параўнаць іх з сусветным набыткамі.

«Філасофія мас. Беларускі неа-поп арт» — першы куратарскі праект Сяргея Шабохіна, мастака, пераможца «Беларускага павільёна 53 Венецыянскай біенале».

«Наша Ніва» задала яму пару пытанняў.

«Наша Ніва»: З пачынальнікам поп-арту Эндзі Ўорхалам усё зразумела: для сваіх мастацкіх экперыментаў ён выкарыстоўваў абразы вядомай яму масавай культуры, здымкі Мэрылін Манро і рэкламныя ўлёткі «Кока-Колы»… Што ж выкарыстоўваюць беларускія мастакі?

Сяргей Шабохін: Ды тое самае.

Ведаеце, высвятляецца, што Гары Потэр больш нашы, чым зубры і вышаванкі.
Паколькі поп-арт гэта мастацтва, якое перапрацоўвае масавую культуру, пераважна сусветную, і ў дадатак беларускія мастакі настолькі замілавана карыстаюцца яе набыткамі, што калі нехта з іх пачынае гуляцца чыста беларускімі сімваламі, дык тое глядзіцца трохі прыцягнутым за вушы, ненатуральна. Тут адчуваецца подых глабалізацыі.

«НН»: А як жа актыўнае выкарыстанне савецкай поп-культуры, вышываная падушачка аўтарства Цэслера і Войчанкі з выявай Шцірліца ў вашай выставе? Гэта ж не сусветная маскультура…

СШ: Гэта ўжо сац-арт, іншая песня.

Сац-арт — гэта як рэакцыя на поп-арт, савецкая праява поп-арта, але сродкі выяўлення вельмі падобныя,
а таксама падобнае выкарыстанне масавага сімвала ў мастацкіх мэтах.

«НН»: Ці здольны поп-арт, які перажоўвае мас-культуру, зрабіць чалавека больш развітым у культурным плане, больш мыслячым?

СШ: Вядома, бо

ў куце поп-арту ляжыць крытыка, крытыка грамадства спажывання, яго пустэчы,
напрыклад вось гэты экспанат, што ўяўляе ўнітаз з уштукаваным тэлевізарам («Прысвячаецца Пялевіну»). Або серыя фотаздымкаў сучаснага беларускага вяселля (аўтар Андрэй Лянкевіч), дзе не засталася аўтэнтычных завядзёнак, адныя агульныя месцы, а безаблічная маскультура замяніла традыцыю. Або напрыклад, працы Сяргея Ждановіча (здымкі пустых рэкламныя шчытоў на беларускіх аўтатрасах) якія як бы кажуць: бачыце, за рэкламным мэсіджам нічога, адно пустата.

Акрамя галоўнай выставы, у праект «Філасофія мас. Беларускі неа-поп арт» уваходзяць лекцыі, дыскусіі, сустрэчы з мастакамі, прэзентацыі, дадатковыя выставы і шэраг іншых падзей:

13.11 — паказ фільмаў пра поп-арт. Пачатак а 19-й.
15.11 — лекцыя «Скульптура: поп-арт», лектар Павел Вайніцкі, мастацтвазнаўца. Пачатак а 18-й.
17.11 — экскурсія па экспазіцыі, праводзіць культуролаг Ганна Самарская. Пачатак а 17-й.


Цікава, што ў рамках фестывалю адбудзецца экскурсіі і лекцыі для дзяцей. Сяргей Шабохін кажа, што вядома, пра поп-арт дзецям трэба казаць не так, як распавядаецца дзецям, але ў распараджэнні галерэі дасведчаныя экскурсаводы, які выкладаюць у гуллівым стылі , а іх тлумачэнні здольныя асягнуць розумам і дзеці. Такім чынам: 14.11 (Пачатак а 14-й), 16.11 (пачатак а 16-й) і 17.11 (Пачатак а 15-й) - лекцыі для дзяцей «Што такое поп-арт?».

Выстава і мерапрыемствы, звязаныя з накірункам поп-арт, працягнуцца да 20 лістапада. Падрабязней пра расклад імпрэзаў выставы: на сайце мастацкай галерэі Ў.


ЛК, фоты Вікторыі Шчарбаковай

0
аматар белмастацтва / Адказаць
13.11.2009 / 13:55
І колькі можна з тым унітазам насіцца? Няўжо бракуе фантазіі?!
0
КотКа / Адказаць
13.11.2009 / 16:26
Шаноўныя аўтары артыкулу, падпішыце, калі ласка, назвы сфатаграфаваных твораў і іх аўтараў.
0
Алесь / Адказаць
13.11.2009 / 16:52
чароўная адукацыя ў куратара выставы (ці можа яе няма) - розніца паміж поп-артам і сац-артам вылізная http://www.the-artists.org/artistsbymovement/Neo-Pop/ - вось лінк, адсюль карані нэа-попа ps. куратар павінен прафесійна валодаць тэрмінамі і гісторыяй мастацтва, інакш гэта застанецца аматарствам - калектыўнай выставай сяброў
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру