7 лістапада ў Брэсце ўпершыню ладзілася, так бы мовіць, публічнае вяселле згодна з народнымі традыцыямі. Цікавасць падагравала і тое, што было яно міжнародным. Маладую з-пад Пінска выдавалі замуж за маладога з Бельска-Падляскага (Польшча). Госці з-за Буга, этнічныя беларусы, здзівілі цудоўным веданнем аўтэнтычнага фальклору нашых продкаў.

Маладыя выглядалі шчаслівай парай.

Сумесна з суседзямі на працягу 2009 года праводзілі выставы, майстар-клас ганчарнай справы, разам спявалі жніўныя песні. І вось дайшла справа да вяселля. Распачалі свята сёстры Лук’яновіч з вёскі Леснікі Драгічынскага раёна. Яны цудоўна выканалі ролю сябровак маладой. Па традыцыі вечарам перад вяселлем моладзь у вёсках ладзіла так званыя «вяночкі», ці «квэткі». Дзяўчаты бралі каляровую паперу і выраблялі з яе ўпрыгожанні. Адначасова спявалі:

    Насцечка кажэ, то ны лыбыдык лытае,
    Молода кажэ, то ны лыбыдык лытае,
    То моя маты коровайночкы збырае,
    То моя рiдна коровайночкы збырае...

Асабліва важна было аздобіць галоўны атрыбут свята — каравай. Не менш значная задача — апрануць нявесту. На Палессі выконвалі гэта на хлебнай дзяжы, падаслаўшы кажух. Такі цікавы абрад паказалі жанчыны з вёскі Сташаны Пінскага раёна. Потым за маладую трэба было ледзь не на кожным кроку плаціць выкуп.


Маладыя выглядалі шчаслівай парай.

Бацькі старанна збіралі маладых «у дарогу» і першымі сустракалі пасля вянчання. Ад правільнасці працэдуры, лічылася, залежыць шчаслівае і працяглае сумеснае жыццё. «Вясельны поезд» з’явіўся на публіцы з чырвоным сцягам (і не таму, што дзея адбывалася 7 лістапада). Даўней да палотнішча прыстасоўвалі нават лямпачку і ўключалі яе! І ўсё ж галоўная адзнака старадаўняга вяселля — шмат песень і прыпевак. Яны гучалі на кожным кроку, ствараючы непаўторны настрой.

Асобнае месца на вяселлі займае абдорванне маладых, ці «пэрэпой». Тут важная роля адводзіцца вясёламу маршалку. Ён не толькі ўносіць каравай, але сочыць за ўсімі дзеяннямі гасцей, каменціруе іх. Гэта свайго роду тамада. З няпростай роляй на свяце выдатна спраўляўся ўдзельнік гурта «Васілёчкі» пан Уладзімір Весялоўскі з Падляшша. Персанаж з пакручастымі вусамі, у хромавых ботах і ваенным галіфэ старанна частаваў караваем і гледачоў, якія выступалі ў ролі так званых «запарожцаў» (тыя, што знаходзяцца за парогам). Усё было натуральным. У пачатку вяселля маладая кідала цукеркі ў залу, і прысутныя з захапленнем, як дзеці, лавілі іх.

Ролю пінскай нявесты добра выканала мясцовы прадавец Алена. Жаніх Іван-Ясько з Падляшша ў сапраўднасці — Матфей, навучэнец беларускага ліцэя ў Бельску-Падляскім.

Адметна, што гледачы амаль не заўважылі, як у дзеянне ўключыліся польскія калегі. Хіба трошкі выдаваў акцэнт, а ў астатнім артысты не толькі не ўступалі, а часам пераўзыходзілі жаданнем спяваць і танцаваць. Ідэйны натхняльнік і арганізатар «польскага боку», стваральнік музея Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (прадмесце Бельска-Падляскага) Дарафей Фіёнік сцвярджае, што этнічныя беларусы ў польскім Падляшшы свята захоўваюць традыцыі продкаў. Напрыклад, у калектыве «Жэмэрва» шмат моладзі. Многія навучаюцца ў названым вышэй ліцэі, а ў час канікулаў выязджаюць у экспедыцыі на Палессе — запісваюць песні, жывуць у вёсках. Такім чынам, духоўна ўзбагачаюцца, быццам атрымлiваюць другое дыханне.

Скокі на лавах напоўнілі абрад незвычайнай весялосцю.

У разгар вяселля сталыя жанчыны з вёскі Сташаны Пінскага раёна паказалі ўнікальны абрад — скаканне на лавах. Раней спыняліся толькі тады, калі... не вытрымлівала драўніна. Як пасля прызналася загадчыца аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко, цалкам выканаць традыцыю перашкодзіла толькі тое, што мэблю ўзялі ў арэнду...

Адзіны трошкі сумны момант падчас вясельнага абраду - здыманне вэлюму з маладой. Сумны, бо ён набліжае заканчэнне вяселля. «Пераўтварэнне» нявесты ў замужнюю жанчыну таксама мела шмат асаблівасцяў. Імі падзяліліся ўдзельнікі фальклорнага калектыву з вёскі Ладараж Пінскага раёна. Маладую Насцечку (імя па сцэнарыю) асыпалі аўсом, а затым свякроў умела мяняла галаўны ўбор. Са знятым вянком па чарзе танцавалі сяброўкі маладой, каб таксама выйсці замуж. Але і напрыканцы гулянняў было шмат цікавых эпізодаў. Напрыклад, прыход цыганкі, ад якой усе старанна хавалі грошы. Вяселле скончылася палеска-падляскай полькай. Пасля нават спецыялісты спрачаліся — з Палесся ці з Падляшша ўзята больш найгрышаў? Зрэшты, не гэта галоўнае.

Апрананне маладой праводзілася па народных традыцыях.

Як зазначыла Ларыса Быцко, арганізаванае свята — першая ластаўка цыклу «Рух зямлі», які распачалі. Наступная сустрэча — на Каляды. І так цэлы год. Плануецца, што абласны грамадска-культурны цэнтр будзе запрашаць сяброў на ўсе значныя народныя святы і праводзіць іх у адпаведнасці са старадаўнімі традыцыямі. Дарафей Фіёнік і яго падапечныя таксама засталіся задаволеныя ўдзелам. Кажуць, гэта своеасаблівы фінал фестывалю «Там, по маёвуй росі», які ладзяць у сябе і на які прыязджае ўсё больш палешукоў.


Маладыя выглядалі шчаслівай парай.

...А пад закрутную польку танцы плаўна перайшлі ў фае, дзе яшчэ доўга ігралі музыкі. Ногі самі прасіліся ў скокі...

Сяргей Мошчык, фота аўтара, «Вечерний Брест»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0