Піша кінакрытык Ала Бабкова.

Паважаныя калегі!

Усё ж трэба больш адказна ставіцца да звестак, якія вы атрымоўваеце з іншых крыніц. Маю на ўвазе інфармацыю «Педафілія на «Беларусьфільме»?»

Вы паведамляеце: «Па падазрэнні ў здзяйсненні распусных дзеянняў ў дачыненні да непаўналетніх затрыманы рэжысёр кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксей Туровіч».

А.Туровіч ніколі не быў рэжысёрам беларускай кінастудыі. Да яе ён мае ўскосныя адносіны: яго асабістыя дадзеныя занесены ў картатэку «Беларусьфільма» як артыста масавых эпізодаў, у якіх яго і выкарыстоўвалі. Яго працоўны статус – прадпрымальнік, які на ўласныя (або, можа, атрыманыя ад іншых людзей грошы), імкнецца рабіць кіно з удзелам самога сябе ў галоўнай ролі. У нейкай ступені яго можна лічыць прадзюсерам, які запрашае для здымак фільмаў з уласным удзелам прафесійных спецыялістаў – сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў. Але ўсё гэта рабілася па‑за межамі кінастудыі «Беларусьфільм», акрамя, можа, паслуг вытворча‑тэхнічнага характару. У стужцы «Яблык месяца» (2008 г.) ён лічыцца ў якасці рэжысёра, аднак прафесійнай рэжысуры там на пяць‑дзесяць хвілін, астатняя гадзіна – кінасамадзейнасць. Дылетантызм прасякае і стужку «Сынок», дзе А.Туровіч таксама пазіцыяніруе сябе рэжысёрам.

У кінематаграфічным асяроддзі як творчая асоба ён вагі не мае, хаця сім‑тым мінскім і віцебскім артыстам, а таксама некаторым беспрацоўным «кіношнікам» нейкі мінімум даваў зарабляць (праўда, наконт гэтага я чула моцныя эпітэты ў адрас А.Туровіча).

У Саюз кінематаграфістаў яго не прынялі, але прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, уручыўшы на публічнай прэм’еры «Яблыка месяца» пасведчанне за №458 у сакавіку г.г. (Спадар Праўдзін, паціскаючы руку новаму чальцу, з натхненнем сказаў: «Наша прозаическая, поэтическая, драматургическая и очеркистская нива плодородит весьма интенсивно».). Было сказана, што ў А.Туровіча надрукавана кніга.

У А.Туровіча была вялікая прага да славы, і ў імкненні да яе ён ішоў апантана. Здаецца, яна да яго дабіраецца з іншага боку – калі, канешне, суд дакажа тое, у чым падазраюць рэжысёра аматарскага кіно.

Аляксей Туровіч на здымках «Ліста да Феліні»

Аляксей Туровіч на здымках «Ліста да Феліні»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?