Лекар рэанімацыйнага аддзялення паведаміў, што ксёндз Ёзас Булька трапіў ў шпіталь 10 лістапада. У яго дыягнаставалі ачаговы інфаркт міякарду. На сёння яго стан лекары ацэньваюць як цяжкі, але запэўніваюць, што ўсе неабходныя лекі ёсць, і спецыялісты робяць усё што могуць.

Ніякіх прагнозаў лекары не даюць, найперш таму, што хворы даволі сталага веку — яму ўжо амаль 83 гады.

Ксёндз Ёзас, які служыць у касцёле Святой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна, набыў вядомасць у Беларусі найперш як змагар з пабытовым п’янствам і алкагалізмам. З яго ініцыятывы Удзелаўскі сельскі савет сёлета абвешчаны «зонай цвярозасці» — у тутэйшых вясковых крамах не гандлююць спіртовымі напоямі.

Шмат турыстаў прыяжджае ў вёску Мосар, каб паглядзець «беларускі Версаль» — унікальны парк вакол касцёла, створаны пад кіраўніцтвам ксяндза Ёзаса і з яго непасрэдным удзелам. Яшчэ адзін ягоны праект увасоблены ў жыцьцё ў вёсцы Парыж Пастаўскага раёна — тут ўзведзена свая «Эйфелева вежа», 30‑метровая металічная канструкцыя, якая на Каляды ззяе каляровымі агеньчыкамі.

Сёлета беларускі ксёндз стаў і героем буйнога палітычнага скандалу — у сродках масавай інфармацыі з’явіліся звесткі пра ягонае супрацоўніцтва з камуністычнымі спецслужбамі ў Літве, дзе Ёзас Булька жыў і працаваў да таго, як стаць святаром.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?