16.11.2009 / 17:47

У Мінску прыпынена навучанне ў трох школах

А ў снежні ў Беларусі чакаюць больш магутную хвалю эпідэміі грыпу.

Нягледзячы на тое, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі канстатуе зніжэнне захворвання на грып, сумная статыстыка ў суседняй Украіне насцярожвае. У снежні ў Беларусі чакаюць паступленне вакцыны супраць грыпу A/H1N1 і абяцаюць новую хвалю сезоннага росту захворвання.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі адзначае зніжэнне захворвання на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі ў краіне. Паводле афіцыйнай інфармацыі, за мінулы тыдзень колькасць зваротаў з прычыны ВРВІ знізілася на 50,7%. Што да свінога грыпу, то на дадзены момант зарэгістравана 165 выпадкаў захворвання на вірус AH1N1.

Праўда, статыстыка ва Украіне выглядае куды больш сумнай. Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя Украіны, з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі з пачатку эпідэміі (29 кастрычніка) сутыкнуліся 1.364.939 чалавек. Колькасць памерлых ужо дасягнула 300 чалавек.

Між тым айчынным работнікам сферы аховы здароўя пакуль ўдаецца захаваць хаця б бачны спакой.

Праўда, дактары ўсё ж прагназуюць у снежні больш магутную эпідэмію грыпу.

Разам з тым у трох школах Мінска эпідэміёлагі ўжо прыпынілі заняткі з‑за ВРВІ і грыпу. Будынкі гэтых навучальных устаноў апрацоўваюць дезінфікуючымі сродкамі, паведамілі Іnterfax.by ў Міністэрстве аховы здароўя.

Усяго ж у Беларусі канікулы з‑за ВРВІ і грыпу былі працягнутыя ў 1243 установах адукацыі, адноўленыя заняткі ў 972 установах.

‑‑ У бліжэйшыя дні Міністэрства аховы здароўя мае намер аб’явіць тэндэр на набыццё вакцыны супраць грыпу A/H1N1. Мы разлічваем, што вакцына паступіць у краіну ў канцы лістапада — пачатку снежня, ‑‑ паведаміла www.interfax.by галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан.

Па яе словах, «вакцына супраць свінога грыпу можа быць з Расіі, Францыі. Германіі, Вялікабрытаніі». Эпідэміёлаг таксама паведаміла , што «ад сезоннага грыпу ў Беларусі сёлета прышчэплена ўжо больш за 948 тыс. чалавек», а ад пандэмічнага грыпу плануецца прышчапіць яшчэ больш. У першую чаргу гэта тычыцца медыцынскіх работнікаў, а таксама «супрацоўнікаў так званых жыццёва важных службаў, якія адказваюць за святло, газ і гэтак далей».

Таксама стала вядома, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя паставіла ў Беларусь каля 60 тысяч упаковак «Таміфлю» у якасці гуманітарнай дапамогі, паведамляе «Еўрарадыё». Паводле словаў каардынатара праграм беларускага бюро СААЗ Веры Ільянковай, гуманітарная дапамога адразу будзе накіроўвацца ў бальніцы, адпаведна, у аптэках яго шукаць не варта. Да таго ж СААЗ запэўнівае, што ўжыванне «Таміфлю» здаровымі людзьмі вірус не спыняе, выкарыстоўвацца лекі павінны толькі хворымі.

Юлія Аляксандрава, Салідарнасць

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру