У выніку замест 7 тысяч рублёў штрафу за безбілетны праезд жыхар Баранавічаў заплаціў 770 тысяч.

Як распавёў старшы кантралёр службы пасажырскіх перавозак ААТ «АП г. Баранавічы» Руслан Лешык, непрыемны інцыдэнт адбыўся ўвечары 11 лістапада падчас рэйдавай праверкі аплаты праезду пасажырамі аўтобуса №7 на прыпынку «Лакаматыўнае дэпо».

«У мужчыны і жанчыны, якія ехалі на гэтым маршруце, не было ні праязных, ні талончыкаў. У дадатак абодва безбілетных пасажыра былі ў нецвярозым стане. Кантралёры прапанавалі ім аплаціць штраф, але яны адмовіліся і сталі сварыцца з кантралёрамі», — растлумачыў Р. Лешык.

На дапамогу работнікам аўтобуснага парку прыйшлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі. Аднак утаймаваць раз’ятраных «зайцоў» было не проста.

«Спачатку іх папрасілі выйсці з салона аўтобуса, потым папярэдзілі аб адказнасці. Аднак у адказ пачулі толькі абразы. А калі іх сілай пачалі выводзіць з аўтобуса, жанчына паспрабавала ўдарыць аднаго з міліцыянтаў», — распавёў старшы інспектар па асабістаму складу 3-й асобнай роты палка ППСМ УУС Брэсцкага аблвыканкама Ігар Кучур.

У выніку рэйс «сямёркі» затрымаўся на 20 хвілін, а безбілетнікаў даставілі ў Баранавіцкі ГУУС.

Рашэннем суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы за з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе і непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў мужчына быў аштрафаваны на суму ў 770 тысяч рублёў. На яго спадарожніцу таксама складзены адміністрацыйны пратакол і ў бліжэйшы час яна паўстане перад судом.

Intex-press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0