Кіраўнікі краінаў ЕС спыніліся на прэзідэнту-адміністратару з якасцямі міратворца. Першым міністрам замежных справаў ЕС стане брытанка Кэтрын Эштан.

Лісабонская дамова, якая ўступіць у сілу ў снежні 2009 г., — новы этап у развіцці Еўрасаюза. Сярод іншага, яна ўводзіць пасаду пастаяннага старшыні Еўрапейскай Рады, якога прэса паспела ахрысціць «Прэзідэнтам Еўропы».

Еўрапейская Рада на дадзены момант — гэта тэрмін, які ўжываецца для апісання сустрэч кіраўнікоў дзяржаваў Еўрасаюза некалькі разоў на год у Брусэлі. Існуе ратацыя, паводле якой краіны старшынююць у ёй, — кожная па 6 месяцаў.

Паводле Лісабонскай дамовы, такі парадак скасоўваецца: старшыня Еўрапейскай Рады будзе выбірацца на 2,5 года.

Пасада прэзідэнта ЕС збольшага адміністратыўная, асноўныя абавязкі — каардынацыя працы Рады ЕС і арганізацыя міжнародных сустрэч. Акрамя таго, прэзідэнт будзе рэпрэзентаваць Еўрапейскі Саюз на сусветнай арэне і гаварыць ад імя аб’яднанай Еўропы. Прэзідэнт Еўропы будзе атрымліваць 270 000 еўра ў год, мець спецыяльную машыну з шафёрам, у яго офісе будуць працаваць 20 памочнікаў.

Хрысціянскі дэмакрат, фламандзец Герман ван Ромпэй — еўрапеец «з вялікай літары», палымяны прыхільнік еўрапейскай інтэграцыі. У той жа час гэта малавядомы і нехарызматычны палітык.
Ягоная родная мова — фламандскі дыялект нідэрландскай, але ён дасканала валодае таксама ангельскай і французскай. Славу ён заслужыў, прыміраючы фламандцаў і валонаў у сябе на бацькаўшчыне, якая гатовая рассыпацца на дзве дзяржавы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?