19 лістапада ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску адкрылася выстава вырабаў майстроў і мастакоў навукова‑вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца» (Мінск).

У экспазіцыі прадстаўленыя тканыя вырабы (абрусы, ручнікі, пакрывалы і габелены), рэканструкцыя беларускіх народных строяў Калінкавіцкага і жыткавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці, Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, сцэнічнае адзенне, кераміка, вырабы з саломкі і дрэва (куфры і маляванкі), створаныя мастакамі, мадэльерамі, канструктарамі і вышывальшчыцамі «Скарбніцы», а таксама кнігі па тэме і матэрыялы з фондаў музея пачатку ХХ стагоддзя.

Дырэктар музея Лідзія Макарэвіч адзначыла, што ў экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя работы таленавітых майстроў. Паводле яе слоў, ля вытокаў нацыянальнай літаратуры ляжаць традыцыйныя фальклор і беларускія рамёствы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і папаўняюць скарбніцу народнай мудрасці і майстэрства.

Начальнік упраўлення устаноў народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Аўдзеева выказала надзею, што выстава выкліча ў гледачоў такі інтарэс, які падштурхне іх да авалодання сакрэтамі народных рамёстваў і стварэння непаўторных твораў.

Дырэктар «Скарбніцы» Марыя Тарайковіч паведаміла, што ў 1976 годзе была створана навукова‑эксперыментальная лабараторыя для вывучэння, адраджэння, захавання, развіцця і папулярызацыі беларускіх народных рамёстваў, якая вырасла ў прадпрыемства «Скарбніца», у якім майстры розных пакаленняў беражліва ставяцца да традыцыйнага мастацтва продкаў.

Удзельнікам вернісажу былі прадэманстраваныя калекцыі беларускіх рэгіянальных касцюмаў‑рэканструкцый, сцэнічнага і сучаснага адзення, выкананага на аснове старадаўніх тэхналогій і мадэляў адзення беларускай шляхты. У адкрыцці экспазіцыі удзельнічаў фолк‑гурт «Гуда» Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

У праграме выставы, якая будзе працаваць да канца студзеня, майстар‑класы па пляценні з саломы (24.11, 17.30), вырабе паясоў (15.12, 17.30) і вышыўцы (22.12, 17.30).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?