Старшыня савета рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка звярнуўся ў міліцыю з‑за пагроз у свой адрас.

«17 лістапада прыкладна апоўначы на мой тэлефон пачалі ісці SMS‑паведамленні пагражальнага характару і зневажальнага зместу.

У адным SMS было сказана: «Я цябе злаўлю і заб’ю».
Я да гэтага паставіўся вельмі сур’ёзна, таму прыняў рашэнне звярнуцца ў органы міліцыі», — паведаміў Шумчанка.

Паводле яго слоў, 19 лістапада ён напісаў заяву ў аддзяленне міліцыі Маскоўскага РУУС. «У сваёй заяве я прашу правесці праверку па гэтым выпадку і ўстанавіць асоб, якія маюць дачыненне да распаўсюджвання SMS‑паведамленняў, што нясуць пагрозу маім жыццю і здароўю, а таксама прыняць усе неабходныя захады па прыцягненні вінаватых асоб да адказнасці ва ўстаноўленым парадку», — зазначыў Шумчанка.

Пры гэтым ён не выказаў ніякіх меркаванняў наконт таго, хто б мог рассылаць такія паведамленні.

«Але магу сцвярджаць, што гэта не з‑за асобасных адносінаў. Адназначна гэта рэакцыя нейкіх структур на маю грамадскую дзейнасць і мяне як чалавека публічнага. Улічваючы спецыфіку працы ў нашай краіне, нельга выключыць магчымасць датычнасці да гэтага пэўных структур і іх дзеянняў правакацыйнага характару. У свой час супраць мяне ўжо была сфабрыкавана крымінальная справа па надуманых фактах», — падкрэсліў Шумчанка.

Ён выказаў спадзяванне, што міліцыя ўстановіць асобу чалавека, які пагражае яму забойствам. «На першы погляд можа падацца, што гэта ўсяго толькі SMS, але ў сусветнай гісторыі вельмі шмат прыкладаў, калі ўсё гэта заканчвалася вельмі сумна, таму я паставіўся да гэтага вельмі сур’ёзна», — сказаў Шумчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?