21.11.2009 / 14:43

«Паклёп» на ксяндза Бульку 41

19 лістапада газета «Звязда» надрукавала артыкул пад загалоўкам «З-за чаго легендарны беларускi ксёндз трапiў у рэанiмацыю?»
Ужо ў падзагалоўку выданне выдае адказ: «Жыхары вёскi Мосар, дзе жыве 83-гадовы ксёндз, упэўненыя, што iх духоўнага настаўнiка давялi да такога стану «паклёпнiцкiя артыкулы» ў газетах».

Нагадаем, што «паклёпнiцкiя артыкулы» заключаліся ў публікацыі вынікаў расследавання, праведзенага літоўскай пракуратурай. Згодна з яго вынікамі, Юозас Булька перш быў у антысавецкіх партызанах. А калі трапіў у палон да саветаў, тыя завербавалі яго як агента. Паводле следства, «агент Бімба» забіваў ужо сваіх колішніх сяброў па падполлі. Згодна з інфармацыяй літоўскіх гісторыкаў і пракуратуры, ён браў удзел у больш як пяцідзесяці ліквідацыях, г.зн. забойствах. Літоўскі закон трактуе гэта як злачынствы супраць людзей, якія баранілі незалежнасць сваёй краіны. Забіваў ён звычайных лясных братоў - хлопцаў і дзяўчат, якія паўсталі супраць савецкіх захопнікаў.

Булька мог абараняць сябе ў судзе, незалежным судзе свабоднай дзяржавы, але ў Літву не з'яўляецца. На святара ён быў высвячаны ў Польшчы, а святараваў у Беларусі, бо ў Літве сутыкненні са сваякамі былых партызанаў прыводзілі да канфліктаў.

Публікавала вялікі артыкул пра «агента Бімбу» і НН. Не для таго, каб асуджаць: айцец Юозас Булька сваім жыццём выкупіў сваё мінулае. Але для таго, каб праўда прагучала. З публікацыі «Звязды» няясна, у чым паклёп. Усякае слова нямілае, калі яно на адрас асобы, абласканай лукашэнкаўскімі ўладамі?

Між іншым, журналісты НН былі ў Мосары і на свае вочы пераканаліся, што далёка не ўсе жыхары вёскі добра ставяцца да айца Юозаса Булькі і да ягонай гісторыі. Стаўленне гэтае настолькі ж супярэчлівае, як складаныя суплёты гісторыі нашых нацый, доўгі час акупаваных суседнімі дзяржавамі. Чорна-белая палітра для гэтай гісторыі не пасуе.

Калі «Звязда» не давярае матэрыялам літоўскіх гісторыкаў і пракуратуры, гэта яшчэ не падстава, каб вінаваціць іншыя выданні ў паклёпе.

Сямён Печанко, Мікола Бугай

0
Участковы ветэрынар са Смургоні / Адказаць
21.11.2009 / 15:22
Тры разы быў у Мосары, падзьцвярджаю- прыгажосць там Булька стварыў неймаверную. Расейскія ды іншыя турысты ў захапленні, а гэтым сезонам нарачанскія санаторыі бралі за паездку ў Мосар каля 40 тыс.рублёў. Задаваў асабіста пытанні Бульку: якія адносіны з уладамі. Дыфірамбаў Лукашэнку не чуў ні разу. Булька да нядаўняга часу рабіў сваю справу, яму не да палітыкі. Аўтар пасквіля правільна заўважыў- ня ўсе мясцовыя жыхары за Бульку, некаторым кожны дзень прыходзіцца матляцца ў суседнюю вёску за "чарнілам". А наконт літоўскіх "лясных братоў" скажу як было- падчас вайны ды пасля яе не любілі яны беларусаў, стралялі ды рэзалі актывістаў, рабавалі "іншаземцаў". Няма чаго беларусам еньчыць за крах літоўскага супраціву. Булька шмат зрабіў для Беларусі, і няхай падкуплены іншаземцамі пісака затыркнецца. А то Бугая вылегчаем.
0
Кейстут / Адказаць
21.11.2009 / 16:03
Пакуль няма судзебнага выраку, любыя абвінавачванні можна расцэньваць, як паклёп. Што вам не падабаецца? Ці вы ўпэўнены на 100 адсоткаў, што валодаеце ісцінай?
0
Адлеглы / Адказаць
21.11.2009 / 16:58
« наконт літоўскіх "лясных братоў" скажу як было- падчас вайны ды пасля яе не любілі яны беларусаў, стралялі ды рэзалі актывістаў» Абаранялі сваю краіну ад захопнікаў-сталіністаў і катаў-НКВДыстаў. І гэта правільна. Шкада, што беларусы склалі лапкі і не абаранялі сваю свабоду і гонар, а мноства і пайшлі служыць савецкаму ворагу. Калі сярод МГБ-істаў і камуністаў у Літве былі беларусы, нам за гэта павінна быць сорамна.
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру