Інтэрв’ю кіраўніка дэлегацыі ЕС па сувязях з Беларуссю Яцка Пратасевіча польскай газеце «Rzeczpospolita».

«Rzeczpospolita»: Прэзідэнт Лукашэнка змяняецца. Ён ужо не прарасейскі. Ці змяняецца таксама і апазіцыя? Незалежнасць ужо не можа быць адзіным лозунгам?

Яцак Пратасевіч: Да гэтай пары лозунг быў—Лукашэнка павінен сысці. Аб’ядноўваў ён і празаходніх кансерватараў, і прамаскоўскіх камуністаў. Але паколькі Лукашэнка і Пуцін пасварыліся праз вялікія, вельмі вялікія грошы,

Лукашэнка стаў самым шчырым беларусам.

Ён распавядае ў інтэрв’ю, што размаўляе з сям’ёй па‑беларуску, хоць інсайдэры ведаюць, што ён з гэтай мовай не сябруе. Ён стаў абаронцам суверэнітэту Беларусі. Гэта, відавочна, не ёсць вынікам наплыву патрыятычных пачуццяў, але халодным разлікам.

«RP»: Апазіцыі зараз цяжка змагацца з Лукашэнкам на падставе беларускасці. Якія аргументы яны выкарыстоўваюць?

ЯП: Частка апазіцыі зразумела, што лозунг пра абарону беларускасці перастае быць эфектыўным. Але таксама зразумелі і тое, што змаганне з Лукашэнкам можа быць небяспечным, бо выйграе на гэтым перш за ўсё Расея. І тая частка, што сканцэнтравана вакол Аляксандра Мілінкевіча, пачынае мець іншую іерархію праблем. І калі два‑тры гады таму праблемай нумар адзін было як найхутчэй устанавіць дэмакратычны ўрад, то зараз яна ўяўляе сабой небяспеку васалізацыі Беларусі Расеяй. Яны бачаць, што пакуль Лукашэнка мае інтарэс у тым, каб бараніць беларускі суверэнітэт, можна паспрабаваць з ім якім‑небудзь чынам супрацоўнічаць. Гэта датычыць не толькі Мілінкевіча. Далучыўся да яго і Андрэй Клімаў, які быў дэпутатам апошняга дэмакратычнага парламенту і падпісаў заяву аб імпічменце Лукашэнкі. Парламент быў распушчаны, а ён правёў сем гадоў у турме. Тымчасам падчас перамоў у Брусэлі ён аргументаваў, як Мілінкевіч: «

Сёння самым важным з’яўляецца абарона беларускай незалежнасці, і ў гэтай справе мы можам супрацоўнічаць нават з д’яблам, а значыць і з Лукашэнкам.
Мае прыватныя крыўды на яго і праведзеныя гады ў турме не маюць значэння. Таму што, калі мы страцім незалежнасць, то можам развітацца з надзеяй на дэмакратыю. А калі абаронім суверэнітэт, пасля можам дамаўляцца пра пабудову дэмакратыі».

«RP»: Гэта адвечная праблема апазіцыі. Ці дамаўляцца з уладай, ці яе ігнараваць. У Польшчы таксама была такая праблема ў другой палове 80‑х. Ці знаходзіце падабенства?

ЯП: Мне гэта вельмі нагадвае сітуацыю ў другой палове 80‑х, калі апазіцыя была падзеленая на гатовых да размоў з Ярузэльскім і Кішчакам (Курань, Міхнік і Фрасынюк, людзі, якія доўгія гады правялі ў турме) і радыкалаў пад знакам «Змагарнай салідарнасці» Карнэля Маравецкага, якія лічылі, што трэба арганізаваць чарговы страйк і дэманстрацыю, а рэжым упадзе сам. А тады можна будзе з нуля будаваць вольную і дэмакратычную Польшчу. Падзел беларускай апазіцыі адбываецца такім жа чынам. Хаця таксама існуе іншая, важная спрэчка, якой ў Польшчы не было: ці ісці пасля звяржэння Лукашэнкі на Усход і ўмацоўваць расейска‑беларускія адносіны або абраць празаходні курс.

«RP»: Хто з’яўляецца такім беларускім Куранем, а хто Маравецкім?

ЯП:

Беларускі Валэнса — гэта Мілінкевіч. Ён мае прызнанне Захаду, а ў краіне з’яўляецца лідэрам памяркоўнай апазіцыі.
У ролях Маравецкага і Анджэя Гвязды [радыкальныя лідэры «Салідарнасці» - Рэд.] я бачу Аляксандра Казуліна і Анатоля Лябедзьку. Хаця трэба памятаць, што Казулін і Лябедзька, у адрозненне ад Гвязды і Маравецкага, яшчэ колькі год таму належалі да блізкіх паплечнікаў дыктатара. Але сёння яны яго найбольш лютыя ворагі.

«RP»: Ці станем мы сведкамі перамоў за Круглым Сталом у беларускай Магдаленцы?

ЯП: Працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, у нейкім сэнсе з’яўляюцца копіяй другой паловы 80‑х у Польшчы. Канешне, не дакладнай, бо палітычныя і сацыяльныя рэаліі іншыя. Але, падобна як у Польшчы, улада становіцца слабейшай, асабліва ў эканамічным плане. Яна мае патрэбу ў крэдытах і замежнай дапамозе, каб хапіла на выплату заробкаў і пенсій. І яна ведае, што грошы можа атрымаць ад Захаду пры ўмове эканамічных і палітычных рэформаў. Яна распачынае таксама нясмелы дыялог з апазіцыяй, як Ярузэльскі 25 гадоў таму. Была створаная Грамадска‑кансультатыўная рада пры адміністрацыі прэзідэнта, у якую былі запрошаныя прадстаўнікі розных няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый. Але гэтая беларуская рада, так як і польская 25 гадоў таму, пазбаўленая ўплыву на рэчаіснасць.

Яна не адыгрывае ніякай станоўчай ролі.
Набліжаюцца мясцовыя выбары ў Беларусі. Улада пад уплывам Захаду абяцае, што яны адбудуцца на базе новага, дэмакратычнага выбарчага закону. Гэта, можа быць, першы крок да далучэння беларускай апазіцыі да сумеснага кіравання. Пытанне, ці можа дайсці да перамоў накшталт Круглага Стала, з’яўляецца адкрытым. Беларуская апазіцыя нашмат слабейшая, чым «Салідарнасць» 20 гадоў таму, а настрой не такі антырэжымны і, можа быць, сапраўднага пералому так хутка мы не дачакаемся. Але зрэшты наш Круглы Стол таксама не прынёс адразу поўнай дэмакратыі. Я не выключаю, што наступныя парламенцкія выбары ў 2012 годзе будуць нагадваць польскія выбары 4 чэрвеня 1989 года.

«RP»: Як у гэтай сітуацыі павінен сябе паводзіць Захад? Захоўваць санкцыі, як мяркуеце? Ці супрацоўнічаць з дыктатарам?

ЯП: Думаю, што тая, можа быць, скажоная форма падаўжэння санкцый і адначасовага іх прыпынення з’яўляецца разумнай палітыкай. Таму што маральна‑сімвалічнае пасланне такое: Еўрапейскі саюз не прызнае Лукашэнку, бо яго ўладзе бракуе дэмакратычнай легітымнасці. А нават прыпыненыя санкцыі маюць палітычнае значэнне, асабліва для беларускай апазіцыі, бо дазваляе нам, у Еўрапейскім парламенце, патрабаваць удзелу апазіцыі ў такіх ініцыятывах як Euronest ды Парламенцкая асамблея ЕС і краін Усходняга партнёрства. У сваю чаргу, прыпыняючы выкананне санкцый, мы наладжваем дыпламатычныя каналы і ў перамовах даем уладзе выразны сігнал: фінансавая дапамога, у якой вы найбольш зацікаўленыя, магчымая ў межах Усходняга партнёрства, але вы павінны ўнесці змены не только ў эканамічную сферу, але таксама і ў палітычную. А першым выпрабаваннем будзе распрацоўка новага выбарчага закону. Лукашэнка ўжо загадаў выканаць усе рэкамендацыі АБСЕ. Што будзе насамрэч, паглядзім не столькі на памеры, колькі на практыцы, падчас найбліжэйшых выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?