24.11.2009 / 17:08

Kрэмль паказытаў нервы Лукашэнку 25

Інтрыга вакол сустрэчы расійскага прэзідэнта з беларускай прэсай закручвалася туга. Але ў выніку нічога сенсацыйнага ў Барвісе 23 лістапада не прагучала. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Інтрыга вакол сустрэчы расійскага прэзідэнта з беларускай прэсай закручвалася туга. Але ў выніку нічога сенсацыйнага ў Барвісе 23 лістапада не прагучала.

Ажыятаж быў справакаваны самім фактам запрашэння цэлай абоймы незалежных СМІ. Такога раней не было. І таму публіка напружылася: ну, мабыць, ужо сказане дык сказане! У Мядзведзева ж аказалася з лішкам паліткарэктнасці, але малавата энергетыкі. А магчыма, Крэмль проста вырашыў не агаляць шпагу. Пакуль што.

Карацей, аніякага піяраўскага «мачылава», як хтосьці спадзяваўся. Яшчэ больш, паколькі пытанні аказаліся (цалкам чакана!) вострымі і дыскамфортнымі, Мядзведзеў найперш быў вымушаны абараняцца, апраўдвацца, скарыстоўваць дыпламатычныя абароты, якія маскавалі рэальныя калізіі. Мы, маўляў, не ціснем у пытанні прызнання каўказскіх рэспублік. Ніколі не прымушалі ўваходзіць у Расію. Газ налета дамо на 30–40% танней, чым іншым «супастаўным краінам». Наогул шмат дапамагалі і дапамагаць будзем. Удзел жа Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» Еўразвязу, маўляў, ніяк Маскву не напружвае, перашкод у гэтым плане з боку Расіі не будзе. І г.д. і да т.п.

У прынцыпе, калі разабрацца, усе гэтыя выказванні хутчэй на руку беларускаму кіраўніцтву, чым Крамлю.

Напрыклад, калі не настойваеце на прызнанні каўказскіх рэспублік, то якія пытанні — мы яшчэ падумаем…

Расійскі прэзідэнт прызямліўся за адным сталом з журналістамі — і ў гэтым плане выглядаў больш дэмакратычным, чым Лукашэнка, які на падобных маштабных прэс‑канферэнцыях звычайна ўладкоўваецца асобна ад прадстаўнікоў прэсы. Затое беларускі кіраўнік не саромеецца імправізацый і часта робіць на такіх мерапрыемствах рэзанансныя заявы, якія цытуюцца і праз гады.

Галоўнае ж — розны прынцып падбору ўдзельнікаў. Карэспандэнты з расійскай глыбінкі апрыёры настроеныя кампліментарна. Іх шчыра захапляюць чыстыя мінскія тратуары і ўзорныя фермы. Мядзведзеў жа атрымаў нязручных суразмоўцаў, прычым у асобе прадстаўнікоў як недзяржаўных, так і дзяржаўных беларускіх СМІ. З розных прычынаў, але ўсе яны зусім не былі настроеныя на дыфірамбы. Дарэчы, пастфактум стала відавочна: прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы ў вастрыні пытанняў не саступалі.

Навошта ж Крэмль наладзіў мерапрыемства? Ну хто паверыць, што ўвесь гэты гарод гарадзіўся ў гонар дзесяцігоддзя саюзнай дзяржавы, пра якую цяпер — або добра, або нічога?

«Не выключана, што Крэмль рыхтаваў больш вострыя выказванні па ўсім комплексе двухбаковых адносінаў, — мяркуе мінскі аналітык Андрэй Фёдараў. — Але ў выніку было вырашана іх змікшаваць. І прычынай магла стаць жорсткая пазіцыя Лукашэнкі напярэдадні падпісання дакументаў аб стварэнні мытнага звязу. Масква вырашыла не дражніць гусей».

Свая версія ў беларускага медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага. Ён нагадаў: Мядзведзеў і Пуцін ужо рыхтуюцца да выбараў 2012 года. І не сакрэт, што паміж імі ёсць момант канкурэнцыі. «Магчыма, нейкае піяр‑агенцтва падказала Мядзведзеву такі ход. Бо ён зацікаўлены паказаць сябе самастойнай палітычнай фігурай, выйсці з ценю Пуціна», — адзначыў Паўлюк Быкоўскі.

«Мядзведзеў адказваў дакладна, ясна і лаканічна,

— дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца сустрэчы — галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына. — Гэта і не дзіўна, таму што яго прэс‑служба папярэдне запатрабавала пытанні. Хаця была магчымасць задаць і экспромтам. Але часу было замала. Сустрэчу на паўгадзіны ўрэзалі супраць абяцанага — да паўтары гадзіны. Мядзведзеў быў вельмі паліткарэктны. Бадай, самае жорсткае выказванне тычылася таго, што Аляксандру Лукашэнку варта было б прытрымлівацца большай дыпламатычнасці ў дыскусіях з расійскімі ўрадавымі чыноўнікамі».

Зрэшты, у Мінску гэтую заўвагу ўспрынялі бязбольна, і адпаведны пасаж Мядзведзева выдаў нават Першы канал БТ. А што? Беларуская публіка прывыкла і да болей крутых прамоў свайго афіцыйнага лідэра. Ды і сам ён не лічыць сваю вербальную рэзкасць недахопам. А што вылаяў маскоўскіх дзеячаў — дык так ім і трэба, маўляў.

Наогул жа ў Ірыны Леўшынай «склалася ўражанне,

што расійскае кіраўніцтва хацела дакладна і па некаторых пазіцыях жорстка даць зразумець Мінску, чаго ад яго чакаюць у Крамлі. У першую чаргу гэта тычылася мытнага звязу, КСАР АДКБ».

Сапраўдны, па гэтых пытаннях Мядзведзеў выказаўся хоць і без лішніх эмоцый, але цвёрда. Даў зразумець, што Мінску прыйдзецца ад сяго‑таго адмовіцца ў рамках адпаведных пагадненняў. У прыватнасці, змірыцца з павышэннем мыта на іншамаркі ў межах мытнай тройкі. Мядзведзеў таксама празрыста намякнуў, што Крэмль у выпадку неабходнасці разлічвае на паўнавартасны ўдзел беларускага боку ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі краін АДКБ.

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што запрашэнне журналістаў у Барвіху — «гэта механізм ціску на Лукашэнку, сродак уздзеяння на беларускае грамадства. Не выпадкова журналістаў з недзяржаўных СМІ запрасілі больш, чым з дзяржаўных. Гэта традыцыя Крамля: калі адносіны з Мінскам псуюцца, пачынаюцца гульні з беларускай апазіцыяй».

Да слова, Мядзведзеў абмовіўся, што надалей не выключае падобных сустрэч не толькі з беларускай прэсай, але і з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі. Будзённа так кінуў: маўляў, «кантакты паміж палітыкамі — гэта нармальная справа». Цудоўна разумеючы, якую стрэмку заганяе, якія эмоцыі абуджае (усе памятаюць фразу Лукашэнкі: у Беларусі ёсць толькі адзін палітык!). Вось гэта сапраўды гучная заява. Раней расійскія прэзідэнты такога сабе не дазвалялі.

Увогуле ж можна меркаваць, што пакуль Крэмль толькі паказытаў нервы беларускаму кіраўніцтву — не больш.

Але даў зразумець, што ў выпадку абвастрэння гатовы скарыстоўваць розныя віды інфармацыйнай зброі ды палітычнага ціску.

Пастфактум каментатары іранізуюць: і навошта журналістаў запрашаў — можа, сказаць што хацеў? І вось якая рэч атрымліваецца: пачні расійскі прэзідэнт выкрываць, пагражаць, сыпаць громы і маланкі — усе б зразумелі і нават з палёгкай уздыхнулі: дык вось дзеля чаго гарод гарадзіўся! А так нібыта нават і нейкае неўразуменне. Вось гэты псіхалагічны кантэкст лепей за ўсё і характарызуе цяперашнюю фазу «братэрскай інтэграцыі». Так што ў пэўным сэнсе, сапраўды, атрымалася сімвалічна да дзесяцігоддзя саюзнай дзяржавы.

0
Аляксей / Адказаць
24.11.2009 / 17:44
Добрае рэзюмэ сустрэчы. Дзякуй. П.С. За "саюзную дзяржаву, пра якую цяпер - або добра, або нічога" - рэспэкт. +5 ;)
0
Апостраф / Адказаць
24.11.2009 / 17:44
"Пачні расійскі прэзідэнт выкрыкваць, пагражаць, сыпаць громы і маланкі — усе б зразумелі і нават з аблягчэннем уздыхнулі: дык вось для чаго агарод гарадзіўся!" - як жа мы да гэтага прызвычыліся! На нас крычаць і лаяцца трэба, каб дайшло! Бізуна яшчэ табе, пся крэў, бізуна!!! Ветлівы чалавек (тожа еўрапеец), нездарма, што з Пецербургу, роуна, без гістэрыкі, выклаў сваю кропку зору. А мо і сапраўды, нам, як немцам ў 33 годзе, неўрастэніччны гістерык патрэбны? Немцам 12 год спатрэбілася, каб зразумець, што спраўныя людзі пенай не пырскаюць, а проста робяць сваю справу на карысць краіны і народа. А мы ўжо 15 год ніяк паразумнець ня можам...
0
ZP / Адказаць
24.11.2009 / 21:07
"...паколькі пытанні аказаліся (цалкам чакана!) вострымі і дыскамфортнымі, Мядзведзеў найперш быў вымушаны абараняцца, апраўдвацца, скарыстоўваць дыпламатычныя абароты, якія маскавалі рэальныя калізіі." ============================================================= Насуперак, пытаньні будзённыя, адказы цалкам прадказальныя. Мядзведзеў прагназавана агучыў ПУБЛІЧНУЮ пазіцыю па праблемах двухбаковых адносін, сапраўдную ж ніхто даведацца не спрабаваў. Ледзь не ў адзін голас старанна падгульвалі прыхільніку саюзнага будаўніцтва. "...прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы ў вастрыні пытанняў не саступалі" ============================================================= Не зусім дакладна. Насамрэч гэта прадстаўнікі незалежнай прэсы ў бяззубасьці пытаньняў не саступілі калегам.
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру