«Мытны саюз — гэта перш за ўсё наймацнейшая падтрымка для Расіі» — такую думку выказаў кіраўнік 24 лістапада на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных інфармагенцтваў СНД у Мінску.

«Мы вельмі спадзяемся, што Беларусь, Казахстан не будуць на задворках гэтага мытнага саюза», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, беларускі бок разлічвае, што ўдзел у мытным саюзе дасць яму эканамічны эфект. «Для нас гэта больш надзея на тое, што будзем мець эфект у эканоміцы. У тым выглядзе, у якім мы цяпер яго прымаем (маецца на ўвазе мытны саюз), ён яшчэ пакуль не дасць эфекту. Гэта працэс, але не далёкі. Мы за паўгода уніфікуем усе мытныя тарыфы, ствараем камісію і выходзім да адзінай эканамічнай прасторы. Вось адзіная эканамічная прастора — гэта поспех», — заявіў Лукашэнка.

Тэма мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі абмяркоўвалася таксама на сённяшняй сустрэчы Лукашэнкі з намеснікам генеральнага сакратара ЕўрАзЭС, адказным сакратаром камісіі мытнага саюза Сяргеем Глазьевым.

Запланаванае на 27 лістапада ў Мінску падпісанне дакументаў аб стварэнні мытнага саюза Глазьеў назваў лёсавызначальным рашэннем, з якога пачынаецца «фаза практычнай рэалізацыі саюза». «На экспертным узроўні ў нас усё прапрацавана: адзіны мытны тарыф з усімі асаблівасцямі яго прымянення, адзіная сістэма нетарыфнага рэгулявання», — цытуе чыноўніка прэс-служба прэзідэнта.

Глазьеў паведаміў, што 1 студзеня 2010 года ў межах мытнага саюза плануецца перайсці на універсальную сістэму нетарыфнага рэгулявання. У адпаведнасці з прапановамі беларускага боку будзе абмяркоўвацца магчымасць адмены ўсіх узаемных абмежаванняў ва ўнутраным гандлі да 1 ліпеня наступнага года.

Адначасова будзе прапанаваны для падпісання сумесны план да дагавора аб мытным кодэксе з рашэннем аб увядзенні ў дзеянне гэтага дагавора 1 ліпеня. «Гэта значыць з 1 ліпеня ў нас запрацуе адзіная мытная тэрыторыя, — падкрэсліў Глазьеў. — Гэта фундамент, які затым будзе дабудоўвацца і садзейнічаць паступоваму пераходу да адзінай эканамічнай прасторы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?