Фота Юліі Дарашкевіч
У вершах, як у попеле, шукаю
Пражытых дзён забытае сьвятло.
Я вас люблю, а можа, і кахаю,
Але дакладна ведаю – было
І ёсьць да вас, нібы да зор, імкненьне
Маёй душы самотнай, як матыль,
Што вашы хоча цалаваць калені
І хоча з вамі пашаптаць на «ты»,
Бо ў вершах, як у попеле, знаходжу
Мінулых дзён арфічнае сьвятло,
Што праз гады, нібы праз агароджу,
Пяройдзе ў душы, як у сад, цяплом
Пражытых дзён, што ў вершах засталіся,
Дзе я любіў, а можа, і кахаў,
І вершамі на вас штодня маліўся,
І ў шэрых днях, бы ў попеле, зьнікаў…
Гэты сьвет непаўторны, як ты
Непаўторная і маладая,
Як у кветках вясною сады,
Дзе лятае пчала залатая,
Адзінокая і маладая.
Я табе гэты верш прысьвяціў,
Нібы ў Храме, дзе нам не сустрэцца,
Сьвечку сьветлую зноў запаліў
Ад свайго неспакойнага сэрца,
Каб нам некалі ўсё-ткі сустрэцца.
Гэты сьвет непаўторны, як мы
Непаўторныя і несьвятыя.
Хоць і я ўжо ва ўладзе зімы,
Але веру ў хвіліны я тыя,
Дзе мы родныя і маладыя,
Нібы пчолы вясной залатыя…