Крэмль адрэагаваў на заяву Аляксандра Лукашэнка аб тым, што на сустрэчу з Дзмітрыем Мядзведзевым былі запрошаныя беларускія журналісты, якія «на дух рускага чалавека не пераносяць».

Расійскі бок імкнуўся да таго, каб на сустрэчы прысутнічалі розных поглядаў беларускія журналісты, якія прадстаўляюць як вядучыя дзяржаўныя СМІ, так і прыватныя, падкрэсліла прэс‑сакратар прэзідэнта Расіі Наталля Цімакова, словы якой прыводзіць РІА «Новости».

На сустрэчы з Мядзведзевым прысутнічалі прадстаўнікі інфармацыйных агенцтваў БелаПАН, БелТА, Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканала ОНТ, газет «Народная воля», «Наша ніва», «Товарищ», «Новы час», «Советская Белоруссия», «КП» в Белоруссии», «Рэспубліка», «Звязда», штотыднёвіка «Белорусы и рынок», інтэрнет‑партала TUT.BY.

Паводле слоў Цімаковай, размова атрымалася «вельмі змястоўнай і цікавай»

. «Журналісты задалі ўсе пытанні, якія іх цікавілі, прысвечаныя ўсяму спектру расійска‑беларускіх адносін. Часам размова насіла востры характар», — сказала прэс‑сакратар.

Адной з самых цікавых тэм яна назвала «развіццё добрасуседскіх адносін паміж дзвюма дзяржавамі». Цімакова нагадала, што Мядзведзеў падрабязна на лічбах і фактах расказаў аб той дапамозе, якую Расія «аказала свайму партнёру за час існавання Саюзнай дзяржавы».

Цімакова паведаміла, што існуе поўная стэнаграма сустрэчы расійскага прэзідэнта з беларускімі журналістамі, на якой можна азнаёміцца з усімі лічбамі і фактамі.

24 лістапада ў размове з кіраўнікамі дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін СНД Лукашэнка таксама заявіў, што лічыць сустрэчу Мядзведзева з беларускімі журналістамі «абсалютна бессэнсоўнай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?