На мінулым тыдні прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі ўзнагародзіў ордэнамі «За заслугі перад Польшчай» розных ступеняў прадстаўнікоў дысідэнцкага руху краін былога Савецкага Саюзу.

Сярод узнагароджаных былі грамадзяне Украіны, Літвы, Эстоніі, Грузіі. Усе яны падтрымлівалі партнёрскія ці сяброўскія стасункі з польскай «Салідарнасцю» ў 1980‑ыя гады.

Сярод тых, хто мусіў атрымаць узнагароду таксама сябра КХП‑БНФ Валеры Буйвал. У нядзелю ён таксама прысутнічаў у Варшаве, але ордэн так і не атрымаў. Паводле польскага пратаколу, для ўзнагароджвання патрэбная згода кіраўніцтва краіны, дзе жыве лаўрэат. Пакуль дазволу ад Лукашэнкі няма.

Сам спадар Буйвал адмаўляецца каментаваць гэтыя падзеі: «Узнагародзілі тых людзей, якіх мы даўно ведаем, з якімі супрацоўнічалі. Гэта годныя людзі. Што датычыць майго ўзнагароджвання, то каментаваць гэта не буду, бо падзея яшчэ не адбылася. Чаму не адбылася? Тут лепш звярнуцца ўласна да палякаў», — кажа В.Буйвал.

У падобнай сітуацыі апынуўся і расійскі праваабаронца і журналіст Аляксандр Падрабінек. Ласкі ад Мядзведзева ён таксама не дачакаўся. У сваім блогу Падрабінек прыняў рашэнне адмовіцца ад узнагароды, калі для яе атрымання патрэбная згода «дыктатараў і нелегітымных прэзідэнтаў іншых краін».

Валеры Буйвал

нарадзіўся ў 1955 г. у горадзе Вышні Валачок Цвярской вобласці (Расія). У 1956 г. сям’я вярнулася ў родны Гомель. У 1977 г. скончыў факультэт тэорыі і гісторыі мастацтва Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна Акадэміі Мастацтваў у Санкт‑Пецярбурзе. У 1977‑89 г.г. працаваў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам аддзела ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Менску. Сябра Беларускага саюза мастакоў. Даследуе беларускае і заходнееўрапейскае мастацтва. Перакладае з еўрапейскіх моваў творы мастацкай літаратуры і мастацтвазнаўства. У Беларускім Народным Фронце «Адраджэнне» з кастрычніка 1988 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?