Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі прапануе павышаць зарплату педагогам за якасць іх працы,

паведаміў журналістам на пленуме Цэнтральнага камітэта прафсаюза 25 лістапада ў Мінску міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра павышэнне зарплаты за вышэйшую катэгорыю, дасягненні ў працы. «Праўда, і патрабаванні да настаўніка вышэйшай катэгорыі павінны быць адпаведныя: неабходна, каб ён выконваў і метадычныя функцыі, напрыклад узначальваў нейкую настаўніцкую кафедру ў школе, у раёне», — сказаў ён. Як адзначыў Радзькоў, шмат у чым з падачы прафсаюзаў была ўнесена прапанова аб павелічэнні заработнай платы маладым выкладчыкам летась, даплат за прафесійную катэгорыю дырэктарам школ.

Як паведаміў міністр, нягледзячы на сусветны эканамічны крызіс, «зарплата педагогаў пакрыху расце». «Шмат у чым нам дапамагае тое, што мы самі зарабляем пазабюджэтныя сродкі», — сказаў ён. Сёння зарплата настаўніка, адзначыў Радзькоў,

у сярэднім па краіне складае 801 тыс. рублёў.

«Зарплата павялічваецца ў адпаведнасці з рашэннем урада, павелічэннем стаўкі першага тарыфнага разраду, таму яна, натуральна, будзе расці», — дадаў ён.

Паводле слоў міністра, сярэдняя зарплата работнікаў ВНУ складае 1 млн. 400 тыс. рублёў, што амаль на 50% больш, чым у сярэднім па прамысловасці.

На думку Радзькова, павелічэнне зарплаты павінна ўвязвацца з якасцю працы. «Чалавек павінен прывучыць сябе да думкі, што чым лепш ён працуе, тым лепшыя ў яго вынікі, тым больш ён павінен зарабляць», — сказаў ён. У Беларусі ёсць прафесары, якія вядуць навуковыя распрацоўкі, запатрабаваныя, уносяць уклад у эканоміку, навуку, высокія тэхналогіі, і атрымліваюць па 6‑7 млн. рублёў, канстатаваў міністр. Паводле яго слоў, «сістэма заработнай платы дазваляе зарабляць».

Як сказаў Радзькоў, у Калінінградскай вобласці Расіі цяпер праходзіць эксперымент. «Калі ў школу прыйшлі дзеці, пад іх выдзяляецца фінансаванне з бюджэту, — паведаміў ён. — А калі ў суседнюю школу не прыйшлі — значыць, адміністрацыя кепска працуе». Паводле слоў Радзькова, гэта стварае канкурэнцыю паміж установамі адукацыі. «Мы так не робім, мы шукаем крыху іншую форму канкурэнцыі, але таксама шукаем», — сказаў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?