10.08.2006 / 22:42

Хто народны?

Памёр Брыль. Няма Быкава, Шамякіна, Танка. Народных пісьменьнікаў Беларусі засталося трое: Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. За Лукашэнкам званьне Народнага не прысуджалася. Гэта помста ўлады літаратурнаму цэху, які так і не ўдалося прыручыць. Відавочна хочуць, каб гэты інстытут зьвёўся. Адно гэта выклікае жаданьне яго захаваць. Але як? У сытуацыі, калі права надаваць гэтае званьне мае толькі прэзыдэнт?

Памёр Брыль. Няма Быкава, Шамякіна, Танка. Народных пісьменьнікаў Беларусі засталося трое: Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. За Лукашэнкам званьне Народнага не прысуджалася. Гэта помста ўлады літаратурнаму цэху, які так і не ўдалося прыручыць. Відавочна хочуць, каб гэты інстытут зьвёўся. Адно гэта выклікае жаданьне яго захаваць. Але як? У сытуацыі, калі права надаваць гэтае званьне мае толькі прэзыдэнт?

На пачатку 90-х інстытут Народнага пісьменьніцтва многія лічылі спараджэньнем народніцкае ідэалёгіі, узятым на ўзбраеньне савецкай сыстэмай з мэтай падпарадкаваць творцаў уладзе. Аднак калі ў сярэдзіне 90-х нацыя засталася бяз сымбаляў, выйшла так, што менавіта Народныя пісьменьнікі натуральным чынам сталі выконваць прадстаўнічыя функцыі – яны адкрывалі народнае веча, калі незалежнасьць была пад пагрозай у 1996-м, яны ішлі папераду Чарнобыльскіх шляхоў, іх прымалі як паўнамоцных прадстаўнікоў Беларусі кіраўнікі іншых краінаў, якія не прызнавалі легітымнасьці афіцыйных уладаў. Слова Народных пісьменьнікаў было важкім у сытуацыях палітычнага выбару. На пачатку 2000-х здаецца, што нацыя адаптавала інстытут Народнага пісьменьніцтва, накінуты ў 30-я, і на пачатак новага тысячагодзьдзя Народныя пісьменьнікі сталі такімі ж нацыянальнымі сымбалямі, як сьцяг ці Мірскі замак.

Сапраўды, паўставаньне беларускага адпаведніка Францускае акадэміі – вартаўнікоў мовы і літаратурнае традыцыі – напрошваецца ў сытуацыі, калі мова й нацыянальная літаратура патрабуюць абароны. І нашы Народныя пісьменьнікі – чым не адпаведнік?

Просім адказаў усіх чытачоў «НН» на пытаньне: хто зь беларускіх літаратараў годны званьня Народнага пісьменьніка? Разам з гэтым просім прапаноўваць: хто, на вашу думку, павінен мець права надаваць званьне Народнага пісьменьніка ў цяперашняй сытуацыі?

Вынікі чытацкага галасаваньня мы перадамо ў Таварыства беларускай мовы, Саюз пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-Цэнтар, Раду БНР і іншыя арганізацыі, якія, зыходзячы зь лёгікі, маюць права ў гэтай справе.

Калі пераважыць думка, што інстытут Народнага пісьменьніцтва аджыў сваё ці вартых кандыдатураў няма, гэта таксама будзе важкі вынік.

Чакаем вашых лістоў з пазнакай «Народны пісьменьнік» на капэртах і ў электронных лістах. У наступных нумарах мы запытаемся пра гэта і ў Народных пісьменьнікаў Беларусі.

Перш чым зьвярнуцца да вас, мы адрасавалі гэтае пытаньне сарака беларускім інтэлектуалам. Вынікі апытаньня адкрываюць жнівеньскі літаратурны сшытак «НН».

Хто зь беларускіх літаратараў годны званьня Народнага Пісьменьніка?

З такім пытаньнем «НН» зьвярнулася да айчынных творцаў.

Алесь Аркуш, паэт, журналіст, Полацак: «Народны пісьменьнік сёньня – гэта найперш маральны аўтарытэт, чалавек, які прайшоў свой жыцьцёвы шлях і не зламаўся. Застаўся чалавекам зь вялікай літары. Не публікаваўся ў холдынгавых выданьнях, не прасіў нічога ў дзяржаўных выдавецтвах. Таму б я назваў Віктара Казька».

Лявон Вольскі, музыка, літаратар: «Глёбусу даў бы адназначна і, хутчэй за ўсё, Хадановічу, але Андрэй, можа быць, яшчэ малады».

Ігар Логвінаў, выдавец:«Уладзімер Арлоў і Алесь Разанаў».

Віктар Шніп, паэт: «Сярод празаікаў – гэта Іван Пташнікаў, сярод паэтаў – Уладзімер Някляеў».

Сяргей Астраўцоў, літаратар, журналіст, Горадня: «Мне здаецца, што такое званьне маглі б атрымаць паэтка Данута Бічэль і празаік Уладзімер Арлоў».

Міхась Скобла, паэт, радыёжурналіст: «Вартых шмат і сёньня. Я назаву некалькі прозьвішчаў: Іван Пташнікаў, Янка Сіпакоў, Алесь Разанаў, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі. Я б мог працягваць сьпіс далей, але думаю, што гэтых імёнаў дастаткова».

Аляксандар Фядута, публіцыст: «Іван Пташнікаў і Генадзь Бураўкін. Гэта найбольш дастойныя кандыдатуры».

Алесь Шатэрнік, скульптар: «Алесь Разанаў – гэта паэт сусьветнага маштабу».

Арлен Кашкурэвіч, народны мастак Беларусі: «Генадзь Бураўкін дакладна. Вось яшчэ Ўладзімер Арлоў, але яму, магчыма, яшчэ і рана атрымліваць такое званьне».

Даніла Жукоўскі, літаратурны крытык: «Цяжкое пытаньне. Хутчэй за ўсё я б назваў такога творцу, як Алесь Разанаў».

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік, гісторык: «На вялікі жаль, наша з вамі меркаваньне не супадае з поглядамі тых, хто можа надаваць такія званьні, таму я не выключаю ў хуткім часе зьяўленьня народных пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца і Эдуарда Скобелева».

Віктар Жыбуль, паэт: «Мог бы быць такім Алесь Разанаў, але, відаць, ён занадта інтэлігентны і элітарны. Яшчэ б назваў Генадзя Бураўкіна».

Вера Бурлак, паэтка: «Найперш на розум прыходзіць Уладзімер Арлоў, значыць ён і варты».

Сяргей Балахонаў, літаратар, настаўнік, Гомель: «Зь вялікай нацяжкай мог бы назваць Юр’я Станкевіча».

Генадзь Вінярскі, выдавец: «Народны пісьменьнік сёньня павінен ня толькі пісаць хораша, але яшчэ і не баяцца мець уласную грамадзкую пазыцыю. Назаву Генадзя Бураўкіна і Ніну Мацяш».

Юнэля Крупенька, літаратуразнаўца, Гомель: «Юры Станкевіч, Адам Глёбус, Віктар Казько, Алесь Разанаў, Сьвятлана Алексіевіч, а таксама Андрэй Федарэнка, але толькі як дзіцячы пісьменьнік».

Франц Сіўко, пісьменьнік, Віцебск: «Не зусім карэктнае пытаньне, але калі выбіраць, то, напэўна, Генадзь Бураўкін і Вольга Іпатава».

Валянцін Тарас, пісьменьнік: «У першую чаргу – гэта летапісец народнага жыцьця Віктар Казько, а таксама паэты Генадзь Бураўкін і Алесь Разанаў».

Сяргей Рублеўскі, пісьменьнік, Віцебск: «Хацеў бы пажадаць Андрэю Федарэнку, каб ён імкнуўся да гэтага званьня».

Уладзімер Сьцяпан, пісьменьнік: «Напішыце наступнае: самыя народныя пісьменьнікі – Сьцяпан і Клімковіч».

Анатоль Івашчанка і Ўсевалад Сьцебурака, паэты: «Мы разам параіліся і вырашылі, што найлепшыя кандыдатуры – Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў і Сяргей Законьнікаў».

Зьміцер Колас, выдавец і перакладчык: «Думаю, Алесь Разанаў».

Леанід Маракоў, пісьменьнік: «Напэўна, Іван Пташнікаў. З маладзейшых змогуць прэтэндаваць Арлоў і Федарэнка».

Сяргей Сматрычэнка, перакладчык: «Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў і Сьвятлана Алексіевіч».

Юры Станкевіч, пісьменьнік, Барысаў: «Марыніна і Данцова, іх найчасьцей чытае беларускі народ».

Юры Гумянюк, паэт, Горадня: «Данута Бічэль вартая такой годнасьці».

Юрась Пацюпа, паэт, Горадня: «Мне больш падабаюцца нейкія дваранскія тытулы, як лорд у Вялікай Брытаніі. Такі тытул у беларускай літаратуры я б даў Разанаву і Някляеву».

Васіль Шаранговіч, мастак: «Найперш Івану Пташнікаву, пасьля – Генадзю Бураўкіну, Васілю Зуёнку, Анатолю Вярцінскаму».

Пятро Васючэнка, літаратуразнаўца: «Перадусім Генадзю Бураўкіну».

Міхал Анемпадыстаў, рок-паэт: «Нумар адзін – Лявон Вольскі, нумар два – Уладзімер Арлоў».

Міхась Тычына, літаратуразнаўца: «Алесь Разанаў, а таксама Віктар Казько».

Лявон Баршчэўскі, Ганна Кісьліцына, Аляксей Бацюкоў, Максім Клімковіч, Глеб Лабадзенка, Сяргей Прылуцкі, Зьміцер Саўка, Альгерд Бахарэвіч, Сямён Букчын не назвалі з тых ці іншых прычынаў ніводнага прозьвішча. Нехта палічыў, што званьне народнага даўно зьяўляецца анахранізмам, хтосьці – што сярод сучасьнікаў няма дастойных кандыдатураў.

Людзі называюць Разанава

На нашым невялічкім плебісцыце найбольшую колькасьць галасоў атрымаў паэт, якога масавым ніяк не назавеш:

Алесь Разанаў (14)

Генадзь Бураўкін (11)

Ніхто (9)

Уладзімер Арлоў (7)

Іван Пташнікаў (5)

Віктар Казько (4)

Андрэй Федарэнка (3)

Данута Бічэль, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Адам Глёбус, Юры Станкевіч, Сьвятлана Алексіевіч і Сяргей Законьнікаў (па 2).

Апытваў Зьміцер Панкавец

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру