Мікалай Улашчык: біябібліяграфічны паказальнік; Склад. В.Скалабан (кіраўнік) [і інш.]; Прадм. А.Каўка. 2-е выд., перапрац. і дап. – Менcк: НАРБ, 2006.

Патрэба ў перавыданьні паказальніка выклікана ня толькі ўгодкамі слыннага беларускага гісторыка, стогадовы юбілей якога мы адзначаем сёлета. Неабходнасьць удасканаленьня інфармацыі таксама прадыктавала свае ўмовы. Як зазначае ўкладальнік, да прыкладу, у артыкул 6-га тому біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі», прысьвечанага Мікалаю Ўлашчыку, памылкова былі ўключаныя творы для дзяцей, якія належаць не М.Улашчыку, а Н.Улашчыку. У прадмове да паказальніка беларускі дасьледчык з Масквы Аляксей Каўка, апісваючы жыцьцёвы шлях гісторыка і распавядаючы пра ягоныя школьныя гады, адзначае, што пазьней ужо сам Улашчык зьверне ўвагу на той востры, яшчэ падсьвядомы разлад у дзіцячай псыхіцы, які спараджала тагачасная сыстэма расейска-самадзяржаўнага школьніцтва ў Беларусі – цалкам адчужаная ад культурнай, моўнай адметнасьці краю. Разам з тым А.Каўка робіць выснову, што досьвед Улашчыка «можна лічыць эталённым у беларуска-расейскім дыялёгу, у якім і роднасьць, і рознасьць здатныя гарманізавацца дзеля ўзаемнага пазнаньня і сапраўднае прыязьні народаў-суседзяў».

Polesie widziane oczami Marii Rodziewiczówny i jej współziomków. Album z okazji 60. rocznicy śmierci Marii Rodziewiczówny i 15-lecia powstania Towarzystwa Miłośników Wołynia i Polesia / Towarzystwo Miłośników Wołynia i Polesia. — Warszawa: Wydawnictwo von Borowiecky, 2005.

[Палесьсе, бачанае вачыма Марыі Радзевічовай і яе землякоў. Альбом з нагоды 60-годзьдзя сьмерці Марыі Радзевічовай і 15-годзьдзя паўстаньня Таварыства Прыхільнікаў Валыні і Палесься. – Варшава, 2005.]

Альбом, ахвяраваны пісьменьніцы і дзяячцы харытатыўнага руху Марыі Радзевічовай, прэзэнтуе зьніклы сьвет Палесься 1920–1930-х гадоў. Няма ўжо тых уладароў шляхецкіх сядзібаў, разбураныя многія цэрквы і касьцёлы. Старыя здымкі даносяць да нас амаль ідэальную карціну Палесься. Але вось у чым праблема вузкага, у гэтым выпадку акцэнтавана польскага, погляду – нібыта ігнаруецца тое, што засталіся спрадвечныя жыхары гэтага краю, а пэйзажы па-ранейшаму маляўнічыя. З падобнай крэсовай літаратуры вынікае, што існавалі толькі Польшча ды бальшавіцкія бандыты, якія разбурылі Аркадыю. Беларусі тут месца не знаходзіцца. А можа быць, гэта і ёсьць шанец для карэкцыі адліку – пакінуць па-за беларускім календаром усю гэтую навалу, засяродзіўшыся толькі на багатай спадчыне? Пакуль што я ня маю адказу на гэтае пытаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?