28.11.2009 / 12:49

Апетытныя пасады Еўрасаюза 25

Калі б лукашэнкаўскія дыпламаты і чыноўнікі ведалі, якія «апетытныя» пасады маюцца ў Еўрапейскім саюзе, то б добра падумалі аб сваёй палітычнай арыентацыі.

Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што большасць беларусаў звязваюць будучыню сваёй краіны з Еўропай, шмат хто з іх марыць, каб Беларусь аднойчы стала членам Еўрасаюза, многія шкадуюць аб страчаных у 90‑х гадах магчымасцях далучэння да аб’яднанай Еўропы. Тут сапраўды ёсць аб чым шкадаваць, асабліва людзям з амбіцыямі: калі б яны толькі ведалі, якія «апетытныя» пасады маюцца ў Еўрапейскім саюзе, то б добра падумалі аб сваёй палітычнай арыентацыі ў пачатку 90‑х.

Быць членам Еўрапарламента ці Еўракамісіі — гэта не толькі прэстыжная, цікавая і высокааплочваная праца, але яшчэ і спакойная. Чалавек атрымлівае свой мандат на цэлых пяць гадоў і яго не чакаюць ні «ператрахванні», ні «селектарныя рады» ў жывым эфіры, ні раптоўныя адстаўкі…

Быць членам Еўрапарламента

Хачу пачаць менавіта з гэтай пасады, бо яна самая масавая і найбольш даступная для вельмі шырокага кола грамадзян (грамадзян віртуальнай ЕўраБеларусі).

Еўрапейскі парламент — гэта заканадаўчы орган Еўрасаюза, дэпутаты якога выбіраюцца непасрэдна насельніцтвам краін‑членаў тэрмінам на 5 год. У кампетэнцыю Еўрапарламента ўваходзіць прыняцце законаў, сфера дзеяння якіх ахоплівае ўвесь Еўрасаюз (напрыклад, аб максімальных тарыфах смс‑роўмінгу ў межах Еўрасаюза); выбар прэзідэнта і зацвярджэнне ўсіх членаў Еўракамісіі, а таксама яе роспуск; прыняцце штогадовага бюджэту Еўрасаюза; зацвярджэнне ўсіх міжнародных дамоваў Еўрасаюза, у тым ліку па прыняццю новых членаў.

Колькасць членаў Еўрапарламента ад канкрэтнай краіны залежыць непасрэдна ад колькасці яе насельніцтва. Найбольш еўрапарламентарыяў (99) мае Германія, па 72 у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі, па 50 у Польшчы і Іспаніі, менш за ўсіх — у Мальты (6). Што тычыцца колькасці членаў Еўрапарламента ад віртуальнай ЕўраБеларусі, то яе можна пралічыць па прыкладзе Швецыі, насельніцтва якой 10 мільёнаў чалавек, што амаль супадае з беларускім (9,7 мільёнаў). Швецыя цяпер мае 18 еўрапарламентарыяў, таму віртуальная ЕўраБеларусь будзе таксама мець 18 мандатаў членаў Еўрапарламента.

Мільён еўра ў дэпутацкім партфелі

Цяпер аб найбольш цікавым — аб заробках. Да 2009 зарплата еўрапарламентарыя была такой жа самай, як зарплата члена ніжняй палаты парламента краіны (для віртуальнай ЕўраБеларусі — гэта зарплата члена беларускай палаты прадстаўнікоў)… Толькі не трэба адразу закідваць аўтара гнілымі памідорамі!… Акрамя зарплаты, да 2009 кожны член Еўрапарламента атрымліваў шыкоўныя, і што больш важна, амаль некантраляваныя грашовыя сумы на розныя службовыя выдаткі, такія як:

    выдаткі на «пражыванне» 117,000 еўра (усе сумы палічаны на 5 год)
    выдаткі на дапаможны персанал 489,840 еўра
    выдаткі на офіс 243,120 еўра
    выдаткі на транспарт 60,000 еўра
    выдаткі на пенсійны фонд 394,000 еўра
    У выніку: 1,303,960 еўра за пяць гадоў працы еўрапарламентаром…

Безумоўна, еўрапарламентары як з Заходняй Еўропы, так і з Усходняй гэтымі выдаткамі шчодра карысталіся. Любоў да грошай сцірае ўсе нацыянальныя межы паміж людзьмі, і некантраляваным тысячам еўра былі б вельмі рады не толькі віртуальныя еўрапарламентары віртуальнай ЕўраБеларусі, якіх мы ўжо віртуальна западозрылі ў карупцыі.

У 2004 г. быў праведзены незалежны аўдыт службовых выдаткаў 167‑мі выпадкова выбраных членаў Еўрапейскага парламента, які атрымаў назву «даклад Гэлвіна». Даклад Гэлвіна выявіў наступныя шакуючыя факты: высокія заробкі неіснуючых офісных памочнікаў, непраўдападобна высокія прэміяльныя выплаты кэшам офісным памочнікам і сервіс‑правайдэрам, адсутнасць рахункаў ці іх падробка, факты пераводу значных грашовых сум у фонды палітычных партый.

Уражваючы даклад быў абсалютна засакрэчаны, пакуль у 2008 г. брытанскі еўрапарламентар‑ліберал Крыс Дэвіс не агучыў яго публічна гнеўнымі словамі: «Чэснасць не аплачваецца гэтай сістэмай, а спакусы вельмі вялікія. Ніхто не ведае, хто падманвае, а хто не, і гэта сорам, што парламент прагаласаваў за тое, каб трымаць у сакрэце даклад Гэлвіна. Некаторыя еўрапарламентары магчыма прыкарманілі да 2‑х мільёнаў фунтаў сцерлінгаў…» Пасля выступа Дэвіса галандскі еўрапарламентарый Пол ван Бьютэнен апублікаваў на сваім сайце справаздачу аб выкарыстанні службовых выдаткаў, тым самым абвергнуўшы іх сакрэтнасць, за якую прагаласавалі яго калегі…

Чырвоныя дні дэпутатаў

У выніку даклад Гэлвіна ўсё ж зрабіў рэвалюцыю ў Еўрапарламенце: пасля чэрвеньскіх выбараў 2009 г. усе еўрапарламентарыі будуць атрымліваць па 7000 еўра ў месяц чыстымі (91,980 еўра ў год), транспартныя выдаткі будуць пакрывацца толькі па прад’яўленай фінансавай дакументацыі, затое іншыя выдаткі захаваюцца…

Графік працы еўрапарламентароў не цяжэйшы, чым на любой іншай працы, калі не лягчэйшы. Адзін тыдзень у месяц ім трэба прысутнічаць на пленарных паседжаннях у Страсбургу ці на кароткіх паседжаннях у Брусэлі (гэта на «жаргоне» еўрапарламентарыяў называецца «чырвоным» тыднем). Перад «чырвоным» тыднем звычайна ідзе «блакітны» тыдзень, калі еўрапарламентарыі, аб’яднаныя ў вялікія фракцыі па партыйнай арыентацыі (хрысціянскія дэмакраты, сацыялісты, лібералы, зялёныя і інш.), абмяркоўваюць свае пазіцыі адносна пытанняў, разгляданых на пленарных сесіях. Колькі дзён у месяц еўрапарламентарыям трэба праводзіць на радзіме, каб сустрэцца з электаратам альбо выехаць на місію ў іншую частку света. «Ружовыя» дні прызначаны для сустрэч еўрапарламенцкіх камітэтаў.

За кожнае паседжанне парламенцкай сесіі ці парламенцкай сустрэчы еўрапарламентарый атрымлівае 298 еўра на «дробныя выдаткі», такія як гатэль, ежа, таксі і г.д., за якія фінансавая справаздача не патрабуецца. Акрамя таго, еўрапарламентару не трэба замарочвацца як па бытавых, так і па моўных пытаннях: Еўрапарламент абслугоўвае вялізная адміністрацыя штатам 5000 чалавек, якая арганізуе паседжанні і перакладае выступы. Кожны член Еўрапарламента выступае на сваёй роднай мове, і яго прамова адразу сінхронна перакладаецца на ўсе 27 афіцыйных моваў Еўрасаюза.

Каго выбіраюць найбольш ахвотна

Стаць еўрапарламентарыем проста — трэба перамагчы на свабодных выбарах. Апошнія чэрвеньскія выбары 2009 г. паказалі, што ў Еўрапарламент адчынена дарога як маладым, так і сівым. Самыя маладыя еўрапарламентарыі — прадстаўніцы прыгожага пола, дваццаціпяцігадовыя Эмілі Турунен з Даніі і Радвіле Маркунайтэ з Літвы. Старэйшаму члену Еўрапарламента італьянцу Чырыяка дэ Міта ідзе 81‑шы год. Увогуле, каго толькі ні засядаў у Еўрапарламенце за гісторыю яго існавання: першых еўракасманаўтаў, унучку Мусаліні, найлепшага футбаліста 1969 года, гей‑зорку брытанскіх камедый, главу дынастыі Габсбургаў, польскага дальнабойшчыка, пераможцу «Еўрабачання‑1970»… Акрамя таго, дэпутатамі Еўрапарламента паспелі пабываць шмат былых і будучых прэзідэнтаў, прэм’ер‑міністраў і міністраў замежных спраў, сярод іх Вілі Брант, Франсуа Мітэран, Жак Шырак і Сільвіо Берлусконі, з нашых суседзяў — цяперашні прэзідэнт Эстоніі Томас Хендрык Ільвес, першы прэзідэнт Літвы Вітаўтас Ландсбергіс і былы польскі прэм’ер Ежы Бузак.

Еўрапарламент, як мёд для мух, прыцягвае не толькі прафесійных палітыкаў, але яшчэ і прадстаўнікоў шоў‑бізнесу, спорту, ці проста гламурных гультаёў. Сільвіо Берлусконі намінаваў у Еўрапарламент аж пяць прадстаўніц мадэльнага і шоў‑бізнесу, але ў выніку пасаду атрымала толькі актрыса серыялаў Барбара Матэра, за якую актыўна прагаласавалі ўдзячныя гледачы. Не адстае ад Італіі Румынія: дачка прэзідэнта краіны Элена Басэску, вядомая як «Пэрыс Хілтан Румыніі» таксама атрымала пасаду, хоць і не без дапамогі бацькавага адміністрацыйнага рэсурса.

Віртуальная ЕўраБеларусь таксама багата цікавымі персаналіямі з еўрапарламенцкімі віртуальнымі амбіцыямі. Можна толькі ўявіць сабе маштаб выбарчых баталій за 18 «апетытных» месц працы! І не абавязкова толькі сярод палітыкаў і мясцовых кіраўнікоў:

у Еўрапарламент маглі б спакойна балатавацца Ірына Дарафеева, Паліна Смолава, Ірына Абельская, Юлія Несцярэнка, Макс Мірны, Сяргей Міхалок

і іншыя прадстаўнікі спорту, шоў‑бізнесу і нават тусовак. Еўрапейская практыка паказвае, што іх часам і выбіраюць.

Быць членам Еўракамісіі

Еўракамісар — гэта не камісар Катані, і нават не камісар Рэкс. Еўракамісар — гэта член Еўрапейскай камісіі, выканаўчага органа Еўрапейскага саюза, яго ўрада. У склад Еўракамісіі уваходзіць па адным еўракамісары ад кожнай краіны‑члена Еўрасаюза. Галоўным абавязкам еўракамісара з’яўляецца дзейнічаць у інтарэсах аб’яднанай Еўропы, прапаноўваць удасканаленні ў еўрапейскае заканадаўства і сачыць за яго выкананнем.

Кожны еўракамісар мае свой «партфель» — гэта значыць, якую‑небудзь сферу грамадскага, эканамічнага ці культурнага жыцця Еўрасаюза, за якую ён непасрэдна адказны, напрыклад, прадпрымальніцтва, прамысловасць, транспарт, юстыцыя, эканоміка, навакольнае асяроддзе і г.д. Нацыянальны ўрад намінуе свайго еўракамісара ў кансультацыях з будучым прэзідэнтам Еўракамісіі (гэтую пасаду зараз займае Жозэ Мануэль Дуран Барозу), пры гэтым улічваючы вопыт працы кандыдата ў еўрапейскіх структурах ці еўрапейскай дыпламатыі. Прэзідэнт Еўракамісіі размяркоўвае «партфелі» сярод будучых еўракамісараў, а канчатковы склад Еўракамісіі зацвярджае Еўрапейскі парламент.

Кожнаму сваё

Безумоўна, найбольш «важкія» партфелі часцей дастаюцца прадстаўнікам вялікіх краін Еўрасаюза: у цяперашнім складзе Еўракамісіі за прамысловасць і прадпрымальніцтва адказвае немец, за гандаль — англічанка, за юстыцыю і бяспеку — француз, за транспарт — італьянец, за міжнародныя адносіны і бяспеку — гішпанец. Нашы суседзі‑члены ЕС маюць наступныя партфелі: Літва — фінансавае планаванне і бюджэт, Латвія — энергетыка, Польшча — рэгіянальная палітыка. Кожны партфель — гэта вялікая праца і адказнасць у маштабах усёй Еўропы, таму наўрад ці першаму еўракамісару віртуальнай ЕўраБеларусі даверылі б надта «цяжкі» партфель. Найбольш верагодна, што віртуальная ЕўраБеларусь, здаўна праслаўленая палымянымі барацьбітамі з карупцыяй, атрымала б сферу «адміністравання, аўдыту і барацьбы з фінансавымі злоўжываннямі» (цяпер гэтую сферу кантралюе еўракамісар з Эстоніі Сійм Калас). Таму спецыялістам і проста аматарам барацьбы з карупцыяй асабліва ўважліва трэба чытаць наступны абзац пра зарплаты, ільготы і прэферэнцыі еўракамісараў.

Гадавы заробак еўракамісара складае 217,280 еўра ў год. Улічваючы адказнасць і маштабнасць пасады, такая высокая аплата працы выглядае досыць справядлівай. Акрамя таго, еўракамісары атрымліваюць службовы выдатак у памеры 15% ад гадавой зарплаты, каб аплаціць дом ці арэнду дома ў Брусэлі, дзе яны праводзяць большасць працоўнага часу. Жонка ці муж еўракамісара атрымліваюць 2000 еўра ў год, дзеці еўракамісара атрымліваюць па 3000 еўра ў год, больш за тое, дзіцё еўракамісара, якое навучаецца за мяжой, можа атрымаць да 5000 еўра ў год на аплату навучання! Існуюць іншыя катэгорыі службовых выдаткаў для еўракамісараў, аналагічных як для еўрапарламентарыяў, але яны шырока не афішуюцца. Хутчэй за ўсё, службовы «пакет» еўракамісараў не дасягае мільённых сум за 5 гадоў працы, але згадзіцеся, што яны маюць добрую магчымасць спакойна зарабіць мільён еўра за свой пяцігадовы тэрмін праз зарплату.

Еўракамісію абслугоўвае вялізны штат памерам 25000 служачых: перакладчыкі, эксперты, кансультанты, адміністрацыйныя работнікі і г.д. Асноўнае працоўнае месца еўракамісараў — Брусэль, але ім часта трэба ездзіць у камандзіроўкі па Еўропе і па свету.

Як і Еўрапарламент, Еўракамісія за сваю гісторыю таксама не абышлася без гучных скандалаў. У 1999 г. Еўракамісія ў поўным складзе пайшла ў адстаўку праз французскую еўракамісарку, былую прэм’ер‑міністарку гэтай краіны Эдыт Крэсон, якая на праверку аказалася віртуознай карупцыянеркай (не толькі ж адна віртуальная ЕўраБеларусь віртуальна напоўнена карупцыянерамі).

Хітрыкі мадам Крэсон

Мадам Крэсон абвінавацілі ў злоўжываннях службовымі паўнамоцтвамі і бюджэтнымі сродкамі Еўракамісіі ў асабістых мэтах, фальсіфікацыі кантрактаў і подпісаў, назначэнні некампетэнтных людзей на адказныя пасады (да болі знаёмая беларусам гісторыя). Свайго сябра і персанальнага дантыста Рэнэ Бертэло мадам Крэсон назначыла экспертам па праблемам СНІД у Еўрасаюзе. Як пастанавіла спецыяльная камісія, за 2 гады працы гора‑эксперт напісаў толькі 24 старонкі нататак, якія не мелі ніякай каштоўнасці.

Вопыт працы

Іншая гісторыя здарылася з нямецкім еўракамісарам па тэлекамунікацыі Марцінам Бангеманам, які ўжо праз тыдзень пасля ўсеагульнай адстаўкі Еўракамісіі ў 1999 г. пачаў працаваць на гішпанскую тэлекамунікацыйную кампанію «Тэлефоніка». Бангемана западозрылі ва злоўжыванні службовай інфармацыяй, і Еўрасаюз падаў на яго скаргу ў суд, што прымусіла Бангемана даць абяцанне распачаць працу ў «Тэлефоніцы» не пазней за 2001 г.

Гэтыя выпадкі з’яўляюцца ўсё ж менавіта выключэннем, а не правілам. Еўрапарламентарыяў шмат, а еўракамісараў мала. І дзейнасць кожнага пільна адсочваецца рознымі інстанцыямі.

Пост‑скрыптум

Непасрэдна Еўрапарламент і Еўракамісія — гэта далёка не адзіныя брусэльскія вакансіі для віртуальнай ЕўраБеларусі. 5000 чалавек афіцыйна працуе на Еўрапарламент і 25000 чалавек — на Еўракамісію. Перакладчыкі, эксперты, дарадцы, журналісты… — таксама «апетытныя» вакансіі, асабліва для еўрабеларускай моладзі. Больш за тое, існуюць яшчэ офісы Рады Еўропы і яе Парламенцкай асамблеі, у якіх Беларусь таксама не прадстаўлена, у адрозненне нават ад Азербайджана і Расеі!

Існавала б шмат вакансій і ў актыўным віртуальным еўрабеларускім МЗС, і ў новых віртуальных еўрабеларускіх амбасадах, якія б шырылі сваю прысутнасць у Еўропе. Можна было б і крышку вырашыць праблему беспрацоўя за кошт занятасці насельніцтва ў еўраструктурах.

Кепска, вельмі кепска развіты ў Беларусі вектар еўрапейскай палітыкі. Ахвотным атрымаць вышэйпералічаныя «апетытныя» пасады прыйдзецца яшчэ доўга чакаць, пакуль Беларусь далучыцца да Еўрасаюза (і ці наогул далучыцца).

І ўсё ж, «апетытныя» пасады ў Брусэлі ў асноўным трэба заслужыць. Заслужыць прафесіяналізмам і кампетэнтнасцю і быць заўсёды здольным пацвердзіць сваё майстэрства і кваліфікацыю. А яшчэ, безумоўна, трэба ўмець прыгожа і пісьменна размаўляць не толькі на роднай мове, а яшчэ, як мінімум, на ангельскай і французскай. Умець карэктна размаўляць з еўрапейскай прэсай. Умець з гонарам пайсці ў адстаўку пры найменшым падазрэнні ў карупцыі, бо еўраструктуры хоць і не ідэальна празрыстыя, але затое старанна імкнуцца да ідэалу.

Слабо, таварышы былыя і будучыя чыноўнікі? Слабі‑бо‑бо.

Вікторыя Грынеўская

0
Mikola / Адказаць
28.11.2009 / 13:21
Viktoryia Gryneuskaia. Ni to pytanne -slabo,takih cynounikau pry sennesnei Ulade Lukasenki uvogula nima...Belgie.
0
Крывіч / Адказаць
28.11.2009 / 14:17
Першы чалавек ад Беларусі ў Эўраструктурах - Вольга Стужынская!
0
несур'ёзна / Адказаць
28.11.2009 / 14:50
зразумела, што гэтыя пасады хочуць атрымаць сёньняшняя апазыцыя. а сёньняшней уладзе і так добры жывецца (у матэрыяльным плане). каго абдурыць артыкул мусіць?
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру