Швейцарскі суд задаволіў просьбу амерыканскага рэжысёра польскага паходжання Рамана Паланскага выйсці на свабоду пад заставу 4,5 мільёны даляраў. Тамтэйшае міністэрства юстыцыі паведаміла, што не мае намераў абскарджваць гэтую пастанову.

Аўтар «Дзіцяці Размары» і «Піяніста» пойдзе пад хатні арышт з турэмнага заключэння, у якім ён перабываў з верасня. Разам з тым, швайцарскія ўлады паведамілі, што гэтая пастанова ніякім чынам не паўплывае на іх абмеркаванне аб выдаванні Паланскага амерыканскім уладам.

Злыбеды Паланскага пачаліся яшчэ ў 1977 годзе, калі рэжысёра прыцягнулі да суда ў ЗША за згвалтаванне 13 гадовай дзяўчыны ў доме, які належаў Джэку Нікалсану. Паланскі часткова прызнаў віну, але неўзабаве ўцёк з ЗША ў Брытанію, а потым, каб пазбегнуць высылкі назад, у Францыю. Сёлета, 26 верасня, арганізатары кінафэста ў Цюрыху, куды Паланскі прыехаў, каб атрымаць рэжысёрскую ўзнагароду, паведамілі прэсе, што слынны рэжысёр быў арыштаваны па ордэры, датаваным 1978 годам. Пакуль што швейцарскія ўлады не прынялі рашэння пра экстрапаляцыі рэжысёра ў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?