10.08.2006 / 22:59

Дах

Песьні задуменнага дзівака.

Алесь Камоцкі, Aist Music, 2006.

Песьні задуменнага дзівака.

Песьні Камоцкага заўжды вызначаліся сваёй інтэлігентнасьцю. Ён нават не пяе, а лагодна нашэптвае пад гітару свае вершы і зачароўвае сваімі мэлёдыямі. Гэты дыск – не вынятак, але на ім паўстае не Камоцкі-бард. «Дах» – музыка іншага гатунку, яна хіліцца ўжо ў бок шансону. У музычнай афарбоўцы альбому ўзялі ўдзел музыкі з WZ-orkiestra, гітарыст Алег Змушка (ён звычайна падыгрывае беларускім папсавікам), Юлія Глушыцкая (яе віялянчэль гучэла ў «Новым Небе»), Валер Башкоў (Kriwi, «Сястра») ды іншыя. У выніку і без таго прыгожыя запамінальныя песьні Камоцкага расквітнелі яшчэ болей!

У агульным настроі «Дах» паўтарае «Паравіны году» Вайцюшкевіча. Гэта песьні задуменнага дзівака, які любіць бязмэтна паблукаць па вулках; магчыма, што ў яго ўсё ў жыцьці добра, але ён, пэўна, знойдзе, зь якой нагоды пасумаваць-паразважаць: «Проста – убачыць неба, цяжка – у яго паверыць». На дыску пераважаюць баляды, павольныя і ўдумлівыя, як «Марыльцы» пра прыход «спрасоньня непрыбранай вясны» ці прысьвячэньне «Гораду», у якога лірычны герой Камоцкага адпрошваецца дамоў. Рытмічная і вясёлая песьня на дыску толькі адна – «Птушкі».

«Дах» можна аднесьці да катэгорыі «Дыск для ўсіх». Такая музыка не раздражняе нікога.

Сяргей Будкін

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру