28.11.2009 / 00:20

Мытная опера 6

На саміце ў Мінску гучалі фальшыва-патэтычныя ноты. Але не чакайце ідыліі, калі Масква прышчэміць беларускаму партнёру нейкую «адчувальную пазіцыю».

На саміце ў Мінску 27 лістапада тры прэзідэнты спаборнічалі ў аптымістычнай рыторыцы. Гучалі фальшыва-патэтычныя ноты.

Пасля таго як былі падпісаны паперы аб умовах стварэння мытнага звязу Беларусі, Расіі і Казахстана, Аляксандр Лукашэнка заявіў, у прыватнасці, што «без перабольшання, прынятае сёння рашэнне можна назваць лёсавызначальным, як і рашэнне, прынятае ў свой час у Белавежскай пушчы».

Параўнанне, трэба сказаць, рызыкоўнае. Развал Савецкага Саюза ў Віскулях ППРБ не аднойчы клеймаваў як страшнае злачынства. Калі ж пад лёсавызначальным прэцэдэнтам маецца на ўвазе стварэнне СНД, то, як вядома, цяпер пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы.

Наколькі аптымістычныя прэзідэнты, настолькі ж скептычныя незалежныя эксперты. Яны адзначаюць: пакуль прыняты толькі голыя дэкларацыі. Галоўныя спрэчкі яшчэ наперадзе.

Не выпадкова гаспадар сустрэчы зрабіў столькі агаворак. З яго слоў, шэраг рашэнняў, якія прымаюцца ў межах мытнага звязу, «вельмі адчувальныя» для Беларусі. Яшчэ больш, гэтыя рашэнні «не ва ўсім нясуць пазітыўны эфект». Але Беларусь, маўляў, пойдзе на падпісанне дакументаў нават ва ўрон сваім інтарэсам з разлікам на светлую будучыню. То бок калі здзейсніцца запаветная мара — запрацуе адзіная эканамічная прастора, гэтыя ахвяры акупяцца з лішкам.

І яшчэ агаворка: «Горай за ўсё будзе, калі акажацца, што нацыянальныя, дробязныя, аднахвілінныя інтарэсы будуць пераважаць над агульнымі інтарэсамі».

А хто, уласна кажучы, дасць зуб, што гэты горшы сцэнарый не рэалізуецца? Дасюль, паклаўшы руку на сэрца, толькі так і адбывалася. Таму і ляснулася (ці ледзьве дыхае) цэлая чарада постсавецкіх інтэграцыйных структур (дарэчы, і АЭП ужо спрабавалі, але Украіну гэтым пернікам так і не прывабілі).

Д’ябал, як вядома, тоіцца ў дэталях. Між тым шэраг балючых (іх далікатна называюць «адчувальнымі») пытанняў прэзідэнты, якія зляцеліся ў Мінск, проста адсунулі, каб не псаваць абедню, на потым. Напрыклад, паводле віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, краіны мытнай тройкі «да 1 ліпеня 2010 года працягнуць перамовы аб мытах на аўтамабілі і нафту».

Карацей, справа ясная, што справа цёмная.

А для беларускага ж боку прынцыпова важна, ці саступіць Расія ў цане на газ, ці скасуе мыта на нафту, ці паставіцца па-боску да мытнага тарыфу на іншамаркі (перспектыва іх рэзкага падаражання паставіла ўжо на вушы далёкага ад макраэканомікі айчыннага абываталя). Калі без эківокаў, то

менавіта дзеля танных (ну хаця б адносна танных!) энергарэсурсаў Мінск і ўлез у гэты праект, што ініцыяваны Масквой і, як акуратна падлічыў Лукашэнка, удвая ўзмацняе пазіцыі Расіі.

Эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак, з якой мы абмяркоўвалі па гарачых слядах мінскі саміт, прадказвае вязкі торг, калі кожная з краін тройкі будзе выбіваць для сябе выгаднейшыя ўмовы. Яна нагадвае: з 1995 года Расія і Беларусь спрабавалі стварыць мытны хаўрус у межах «саюзнага будаўніцтва», але так і не дабілі пытанне. Праз тыя ж «адчувальныя пазіцыі». І хто сказаў, што ўтраіх дамовіцца будзе лягчэй, чым удвух? Тым болей што пратэкцыянісцкія замашкі партнёраў нікуды не падзеліся.

Паводле эксперта,

«у падкорцы у чыноўнікаў, падобна, сядзіць надзея, што ў мытным звязе пашэнціць штосьці вытаргаваць, закансерваваць эканамічную сітуацыю, схавацца ад рэформаў». Але такая кансервацыя толькі запаволіць вельмі патрэбны нам працэс эканамічнай мадэрнізацыі.

«Гэты саюз можа стаць пятым колам ў возе, — гаворыць Таццяна Манёнак. — Больш лагічна было б не адгароджвацца, а адразу набліжацца да правілаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, умоў Еўразвязу».

Магчыма, менавіта гэта меў на ўвазе і Лукашэнка, калі зрабіў рэмарку, што «мытны звяз не стварае якіх-небудзь прынцыповых перашкод для ўдзелу нашых дзяржаў у іншых міжнародных эканамічных ініцыятывах». Памятаеце, улетку, адказваючы на пытанне аўстрыйскага журналіста, што для Мінска больш прыярытэтнае — гэты мытны звяз ці зона свабоднага гандлю з ЕЗ, беларускі кіраўнік прадэманстраваў найвышэйшы пілатаж прагматызму: «Для нас прыярытэт у тым, што раней мы можам рэалізаваць».

Іншае пытанне, што

для эканамічнай стыкоўкі з Еўразвязам варта найперш уступіць у СГА і ўвогуле правярнуць да халеры ўсялякіх рэформаў. І яшчэ пытанне: а ці далёка адпусціць Масква? Для яе ж гэты мытны звяз — не столькі нават эканамічны, колькі палітычны праект: прывязаць!

А вось на «Усходняе партнёрства» — патэнцыйныя вароты Беларусі ў Еўропу — Крэмль, хоць і стараецца зрабіць добрую міну, вой як касавурыцца!

Між іншым, Мядзведзеў у Мінску падкрэсліў: упершыню за апошнія гады бакі дамовіліся пра «перадачу часткі нацыянальнага суверэнітэту наднацыянальнаму органу — камісіі мытнага звязу, якая будзе прымаць рашэнні аб мытных тарыфах».

Лукашэнка, як мы памятаем, адкідаў усе тыя праекты канстытуцыйнага акта саюзнай дзяржавы, у якія Масква закладала сваё дамінаванне. З гэтай жа прычыны была тарпедавана ідэя адзінай валюты: каб у Крэмль па заробак ездзіў — не дачакаецеся!

У згаданай жа камісіі Расія мае 57% галасоў. Калі яна дамовіцца з Казахстанам у нейкім пытанні — Мінск аўтаматам у аўце. І што, вы чакаеце ідыліі, калі Масква, карыстаючыся перавагай, прышчэміць беларускаму партнёру нейкую «адчувальную пазіцыю»?

Карацей, самыя інтрыгоўныя моманты мыльнай інтэграцыйнай оперы «Мытны звяз» яшчэ наперадзе. І калі хтосьці ў Маскве ўжо п’е шампанскае за ўдачу новага праекта, то не выключаны пахмельны сіндром.

Іншая рэч, што і для Беларусі гэта эпапея можа толькі падоўжыць эпоху вырваных гадоў.

0
Scooter / Адказаць
28.11.2009 / 11:14
"У згаданай жа камісіі Расія мае 57% галасоў. Калі яна дамовіцца з Казахстанам у нейкім пытанні — Мінск аўтаматам у аўце." -- цікава, а калі Менск дамовіцца з Казахстанам, напрыклад панізіць мыта на ўвоз аўто, што будзе рабіць тады Масква?...
0
Станкевич / Адказаць
28.11.2009 / 11:46
Іншая рэч, што і для Беларусі гэта эпапея можа толькі падоўжыць эпоху вырваных гадоў. +++++++++++++++++++++++++ Что значит "можа"? Что, есть сомнения? :)))
0
Аляксандр Класкоўскі 2 Scooter / Адказаць
28.11.2009 / 13:05
"-- цікава, а калі Менск дамовіцца з Казахстанам, напрыклад панізіць мыта на ўвоз аўто, што будзе рабіць тады Масква?..." ========== Тады -- тупік. Рашэнне прымаецца дзвюма трацінамі галасоў. Іначай кажучы, Расія на пару з некім кладзе трэцяга на лапаткі. А вось Маскву адужаць нават удваіх немагчыма. Мінск і Астана маюць у той камісіі толькі па 21,5% галасоў. Вось і будуць таўчыся ў гэтых "адчувальных пытаннях" да пасінення.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру