29.11.2009 / 15:42

Сябар Сільвіё едзе 26

У інтэрв’ю газеце «Стампа» Лукашэнка пакпіў: «Што да дэмакратыі, мы можам з кім-кольвек яшчэ і падзяліцца гэтым дарункам».

У інтэрв’ю газеце «Стампа» напярэдадні візіту Берлусконі ў Мінск беларускі афіцыйны кіраўнік называе італьянскага прэм’ера фамільярна — Сільвіё. «Я не думаю, што Сільвіё едзе сюды па нейкія гарантыі дэмакратызацыі», — заявіў Лукашэнка журналісту.

Што да фамільярнасці, то яна, бадай, не найграная. Гэта, мусіць, той выпадак, калі двое знайшлі агульную мову гэтак жа натуральна, як героі навэлы О’Генры «Роднасныя душы». Пэўна, калі Лукашэнка з Берлусконі вячэралі ўвесну на Апенінах, іскра прабегла адразу.

Калі і выбіраць ілюстрацыю для тэзаў беларускай апазіцыі пра «здраду Еўропы» ды «камерцыялізацыю стасункаў з рэжымам», дык паводзіны Рыма — найкрасамоўнейшы ўзор так званага прагматычнага падыходу, за які выступае Мінск.

Так што зараз візіт прэм’ера адной з буйных краін Еўразвязу сапраўды ніколькі гаспадара не напружвае. Сябар Сільвіё, шырокая душа, адрозна ад падобнай на класную кіраўнічку Фэрэра-Вальднер ці Саланы з ягоным абліччам ліберальнага прафесара, ніякіх маралітэ чытаць не будзе. На першым плане — інтарэсы бізнэсу. Вось і італьянскі міністр Фраціні, і тамтэйшыя бізнэсоўцы пацвярджаюць, што інвестыцыйны клімат у нас спрыяльны, падкрэсліў Лукашэнка.

Ну, а так заявы журналісту «Стампы», кажучы каламбурам — набор штампаў. Прыватызацыя ў нас пунктавая. Прадаваць будзем тым, хто дасць добрыя грошы і захавае працоўныя месцы. Сябраваць з Еўропай не адмаўляемся, але не ва ўрон Расіі. І каб не даставалі рознымі ўмовамі. Ну і г.д.

Адзначым хіба свежую метафару з адценнем фрывольнасці: маўляў, тутэйшая апазіцыя «гатовая выйсці замуж за Еўразвяз на любых умовах». Для яго ж, афіцыйнага кіраўніка, «унутрыпалітычная стабільнасць» — гэта «святое». Што маецца на ўвазе пад такой стабільнасцю, вам, шаноўныя чытачы, тлумачыць не трэба.

Даводзячы гуманізм тутэйшай улады, Лукашэнка з’едліва параіў айчынным змагарам за дэмакратыю прайсці стаж у якой-небудзь заходняй краіне. Каб там як след надавалі дручкамі па рэбрах ды пачаставалі слезацечным газам — «тады б яны разумелі, што такое апазіцыя і што такое грамадскі парадак». Карацей, хай радуюцца, што тут з імі яшчэ цацкаюцца.

Ну і вось такі новы момант: вырашана разгарнуць публічную дыскусію ў пытанні скасавання смяротнага пакарання. «Мы тыдзень таму вызначыліся, што пачынаем шэраг мерапрыемстваў у гэтым кірунку, пачынаючы ад парламенцкіх слуханняў і падымання гэтай тэмы ў медыях».

Зрэшты, ніякай гарантыі, што будзе прынята жаданае для Еўропы рашэнне, Лукашэнка не дае. Маўляў, як народ скажа. Нагадвае, што «на рэферэндуме практычна 90% насельніцтва выказаліся за гэту меру». І мяркуе: «Калі б мы зараз зладзілі новы рэферэндум, то вынікі былі б такімі ж, як і папярэдні раз».

Тут адразу шэраг, скажам так, недакладнасцяў. У 1996 годзе за смяротнае пакаранне выказаліся 80,44% тых, хто удзельнічаў у галасаванні. Добра вядома спецыфічная атмасфера рэферэндуму-96 — таго самага, што паставіў на вушы Еўропу, даў штуршок эры ізаляцыі. Тады, дарэчы, паводле афіцыйных лічбаў, большасць прагаласавала і супраць выбарнасці мясцовых кіраўнікоў, і супраць празрыстага фінансавання ўсіх галін улады выключна з бюджэту… Карацей, круты быў плебісцыт.

Можа, улады і насамрэч могуць зладзіць новы рэферэндум у стылі дэжавю. Але незалежная сацыялогія сведчыць, што за мінулыя гады погляды нашых суачыннікаў прыкметна гуманізаваліся. Сёлета ў верасні, паводле НІСЭПД, прапорцыя прыхільнікаў і праціўнікаў смяротнага пакарання была 54,8% vs 37,2%. І гэта — ва ўмовах, калі пра цывілізаваную дыскусію на гэты конт пакуль што гаварыць не выпадае.

Галоўнае ж, як даводзяць незалежныя юрысты —

рэферэндум у гэтым пытанні ладзіць не абавязкова. Ва ўсякім разе, мараторый элементарна можна было б увесці ўказам. Аднак гэтае пытанне пэўна ж зробяць прадметам палітычнага торгу.

У інтэрв’ю «Стампе» Лукашэнка пакпіў: «Што да дэмакратыі, мы можам з кім-кольвек яшчэ і падзяліцца гэтым дарункам».

Сапраўды: тутэйшаму кіраўніцтву і цяперашняй бутафорскай дэмакратыі аж занадта. А ўжо як пакутуе сябар Сільвіё! Хоць і медыямагнат, але ж не ўсе СМІ пад каблуком. Распавядаюць пра розныя пікантнасці. Ды і суды, халера, дапякаюць. Карацей, даецца ў знакі тая дэмакратыя, гары яна гарам!

Аляксандр Класкоўскі.

0
Вінцэсь / Адказаць
29.11.2009 / 16:57
Цікава, калі да нас будзе ехаць Абама, сп.Класкоўскі таксама будзе кпіць-"сябар Абама едзе"? Толькі няхай рэдактар не піша заўвагі кшталту "паменей жоўці". Да вашай жаўцізны мне яшчэ клыпаць ды клыпаць.
0
Вашынгтон 2 Вінцэсь / Адказаць
29.11.2009 / 17:25
У тым і рэч, што Абама сюды не хутка прыедзе :)
0
Еці / Адказаць
29.11.2009 / 17:29
сябар Сільвіё відаць не чуў, што беларуская радыяцыя дрэнна ўплывае на патэнцыю.
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру