Пра гэта паведаміла 29 лістапада журналістам міністр аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Расіі Таццяна Голікава пасля пасяджэння ўрадавай камісіі па ліквідацыі наступстваў крушэння.

Паводле яе інфармацыі, сярод пацярпелых падчас крушэння «Неўскага экспрэса» — шэсць іншаземцаў. «З далёкага замежжа пацярпелі два чалавекі — італьянец і бельгіец», — сказала міністр. Грамадзянін Італіі знаходзіцца ў НДІ хуткай медыцынскай дапамогі Санкт-Пецярбурга. «Яго стан цяжкі, урачы зафіксавалі ў яго закрытыя пераломы», — паведаміла Голікава. Грамадзянін Бельгіі знаходзіцца ў бальніцы Расійскай чыгункі ў Санкт-Пецярбургу, яго стан здавальняючы, дадала міністр.

Паводле яе слоў, устанаўліваюцца звесткі яшчэ па чатырох іншаземцах, сярод якіх азербайджанец, два ўкраінцы і беларус, паведамляе РІА Новости.

У пасольстве Беларусі ў Расіі пакуль не маюць інфармацыі аб пацярпелым суайчынніку.

Згодна з апошнімі звесткамі, 25 чалавек загінулі і 26 зніклі без вестак у выніку катастрофы цягніка «Неўскі экспрэс» 27 лістапада. Дзевятнаццаць ахвяр апазнаны, 85 пацярпелых застаюцца ў бальніцах.

Хуткі цягнік № 166 маршрутам Масква — Санкт-Пецярбург пацярпеў крушэнне ўвечары 27 лістапада прыкладна ў кіламетры ад адміністрацыйнай мяжы Наўгародскай і Цвярской абласцей. Згодна з асноўнай версіяй праваахоўных органаў, прычынай катастрофы стаў тэракт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?