10.08.2006 / 23:24

«…А вось паміж імі – мы»

Два гады мы не пісалі пра справы суайчыньнікаў, якія знаходзяць асалоду ў абкружэньні чужых фішак

Два гады мы не пісалі пра справы суайчыньнікаў, якія знаходзяць асалоду ў абкружэньні чужых фішак. Між тым прыхільнікі «прыгожага цячэньня камянёў» (так гучыць пажаданьне посьпеху ў гульні го, яна ж бадук, яна ж вэй-чы) актывізаваліся і ў віртуальнай прасторы, і ў «офлайне». Яны адкрылі інтэрнэт-старонку, зь якой любы ахвотны можа навучыцца правілаў го. Тамсама – захапляльны аповед пра тое, як беларускі чэмпіён Аляксандар Супонеў змагаўся з прадстаўнікамі Францыі і Манголіі на 27-м Чэмпіянаце сьвету сярод аматараў у Сасэба ля Нагасакі. Набраў ён усяго тры балы ў васьмі турах, затое пазнаёміўся з майстрамі, паўдзельнічаў у кангрэсе IGF – сусьветнай фэдэрацыі го.

«Клюб інтэлектуальных гульняў Усходу» пры БДУ атрымаў новую назву «Сад камянёў», што адразу завабіла навабранцаў. У час вакацыяў зьбірацца афіцыйна гошнікам няма дзе, і яны выбралі для міжсобных баталіяў… мансарду гандлёвага дому «Няміга». Хоць «у гэтым годзе на Нямізе кепска – зашмат п’яных маладзёнаў», як са скрухай адцеміў наведнік сайту igo.jino-net.ru.

Знайшоўся й аматар, нязгодны з тым, што правілы гульні выкладаюцца адно на мове суседняй дзяржавы. Паляшук пад нікам «Сымонка Салавейка» самахоць пераклаў падручнік го Хірокі Моры на беларускую. Такім чынам, яна стала 26-й мовай сьвету, на якой мажліва ацаніць дасягненьні японскіх прафэсіяналаў.

На форуме беларускіх вэйчыстаў сп.Супонеў расказаў пра пацешную неспадзяванку. Ён гуляў у пары зь японскімі аматаркамі супраць іншых гасьцей, дык выявілася, што яго партнэркі, якія валодалі толькі японскай, ня мелі жаднага паняцьця пра Беларусь. Яму даводзілася тлумачыць нешта накшталт: «вось Расея, вось Польшча, а вось паміж імі – мы». Каб жа гэткія тлумачэньні зрабіліся, урэшце, залішнімі…

Правілы го па-беларуску

Як бы вы згулялі?

З.Лыбін – М.Панкоў. Сэанс адначасовай гульні ў «НН», Менск, 2006.

Адказ: 1. Сg6! fg 2. Tg6+ hg 3. Фg6+ Kph8 4. 0-0-0 Tf5 (адзіны ход) 5. Фh6+ Kpg8 6. Tg1+ Kpf7 (тут зацягвала супраціў 6…Сg5) 7. Фg6+ і мат. «Тыповая атака на караля», — cказаў сэансэр, аднак варыянты разьбіраў доўга і з прыемнасьцю.

ВР

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру