Беларусь і Італія гатовы выйсці на новы этап супрацоўніцтва не толькі паміж дзяржавамі, але і паміж прадпрыемствамі, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 лістапада ў Мінску, адкрываючы сустрэчу з прэм’ер‑міністрам Італіі Сільвіё Берлусконі ў вузкім коле.

Лукашэнка нагадаў, што дамоўленасць аб прыездзе Берлусконі ў Мінск была дасягнута падчас яго візіту ў Італію. «Вельмі добра, што пасля нашай сустрэчы ў Рыме прайшло пару месяцаў. За гэты час нас наведалі некалькі італьянскіх палітыкаў і бізнесменаў. Стан спраў у беларуска‑італьянскіх адносінах дазваляе казаць пра тое, што зроблена вельмі шмат», — сказаў Лукашэнка.

Сільвіё Берлусконі зазначыў, што асабіста садзейнічаў як візіту міністра замежных спраў Італіі Франка Фраціні ў Беларусь, гэтак і ўзрастанню цікавасці італьянскіх прадпрыемстваў да Беларусі. Паводле слоў Берлусконі, яго цяперашні візіт можа даць «моцны імпульс для развіцця італьянска‑беларускіх адносінаў ва ўсіх сферах».

Берлусконі зазначыў, што на сённяшняй сустрэчы плануецца абмеркаваць арганізацыю і візіт місіі італьянскіх прадпрымальнікаў у Беларусь.

«Думаю, што я змагу ўзначаліць гэтую місію. Сёння мы можам абмеркаваць канкрэтныя тэмы, якія могуць быць закранутыя падчас візіту нашых прадпрымальнікаў. У нашых адносінах мы можам зрабіць значна больш»,— падкрэсліў Берлусконі.

Прэм’ер‑міністр паведаміў, што па выніках перамоў плануецца падпісанне пагаднення аб гандлёва‑эканамічным супрацоўніцтве, а таксама пагадненне з італьянскім канцэрнам «Фінмеканіка», якое «адкрые вялікія перспектывы для супрацоўніцтва».

Берлусконі таксама зазначыў, што Італія зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў сферы будаўніцтва. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі будуецца шмат жылля, а ў Італіі ёсць «тэхналогіі, якія дазваляюць хутка будаваць дамы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?