Суд над Іванам Дзем’янюком у Мюнхене — мабыць, апошні з працэсаў над нацызмам. Піша Віталь Тарас.

Зло мае прыцягальную магію. Падчас вайны некаторыя афіцэры вермахта ўзнагароджваліся паездкай у Варшаўскае гета. Тыя афіцэры не былі спрэс тупымі істотамі ці садыстамі, для якіх экскурсія ў гета — усё адно, што паход у заапарк. Сярод іх былі адукаваныя людзі, якія не маглі не разумець, што адносіны нацыстаў да яўрэяў — нялюдскія, што робіцца нечуванае злачынства, якому няма апраўдання. Але для іх паездка была свайго роду выпрабаваннем, магчымасцю пераканацца ў велічы ідэі, велічы фюрэра, перад якімі адступаюць літасць і сумленне. Да ворагаў народа Германіі не можа быць ніякага спачування. Так на нямецкі лад «гартавалася сталь». З паездак афіцэры вярталіся, напэўна, адчуваючы сябе ачышчанымі і натхнёнымі, нібы пасля прычасця.

Але зло, страціўшы моц, паўстае ў святле праўды ва ўсёй сваёй гнюснасці і мізэрнасці. І тады яно адштурхоўвае. Яно набывае, напрыклад, аблічча Івана Дзем’янюка, якога ўвозяць у судовую залу на інвалідным вазку, і ён сядзіць з разяўленым ротам і заплюшчанымі вачыма, нібы нічога не бачыць, не чуе, не разумее…

Яго няма

У Германіі, як і амаль ва ўсёй Еўропе, няма смяротнага пакарання. Не пагражае 90-гадоваму Дзем’янюку і доўгі тэрмін зняволення. У яго лейкемія і жыць яму засталося, як лічаць лекары, некалькі месяцаў. Але ж лекары прызналі падсуднага дастакова здаровым і пісіхічна адэкватным, каб вытрымліваць тры гадзіны судовых слуханняў штодзённа (з перапынкам на абед). Інакш кажучы, ён не маразматык, якім выглядае перад тэлекамерамі. А грымасы болю — усяго толькі гульня на публіку.

Чалавеку даецца не толькі права на жыццё. Яму яшчэ даецца права спакойна памерці, памаліўшыся за грахі. Такога права ў Дзем’янюка няма. Ён баіцца не столькі смерці і пякельных пакутаў у іншым свеце, колькі справядлівасці — у гэтым. У справядлівасці і неадваротнасці суду сэнс працэсаў над злачынцамі супраць чалавечнасці, а не помста ахвяраў. Складанасць цяперашняга суду ў тым, што нікога з ахвяраў Дзем’янюка ў лагеры Сабібор, ужо не засталося ў жывых, ёсць толькі іх сваякі. Таму падсудны бачыць уратаванне ў адным — рабіць выгляд, што яго няма, што ён не ён, не той, за каго яго прымаюць. То бок, жыць і памерці ідыётам лягчэй, чым адказваць перад людзьмі за той нечуваны жах, які быў здзейснены ў далёкай маладосці.

Каб выжыць

Дзем’янюк карыстаецца ўсімі выгодамі сучаснай еўрапейскай юрыспрудэнцыі. У яго ёсць кваліфікаваныя адвакаты, права перапыняць працэс у любы момант, спаслаўшыся на стомленасць, права жыць у камфортнай камеры, нармальна харчавацца… усё тое, чаго былі пазбаўлены вязні Сабібора. Ды што там нацысцкія лагеры смерці — далёка не ва ўсіх сучасных турмах і судах Расеі, Беларусі ці Украіны ёсць падобныя ўмовы.

Адзін з адвакатаў падсуднага будуе абарону на тым, што Дзем’янюк — усяго толькі ахвяра. Такая, як і іншыя вязні канцдагераў. Яго проста прымушалі збіваць, катаваць, забіваць, запіхваць арыштантаў у газавыя камеры. А інакш ахоўнік паводзіць сябе не мог дазволіць — яго самога адправілі б у газавую камеру.

Адавакат, зразумела, не чытаў «Карнікаў» Алеся Адамовіча, дзе раскрыта псіхалогія гітлераўскіх памагатых. Яны‑ то не лічылі сябе ахвярамі — лічылі, што ім пашанцавала. Але справа не ў псіхалогіі. Справа ў элементарнай няпраўдзе.

Вязні канцлагера — яўрэі, не маглі стаць ахоўнікамі, нават калі б у іх быў такі выбар. Выбар, што праўда, быў у грамадзян СССР, якія трапілі ў палон (а такіх на пачатку вайны былі мільёны) — расейцаў, беларусаў, украінцаў, татар і іншых. Многія перайшлі на бок немцаў, каб выжыць. Але пераважная частка тых, хто пагаджаўся супрацоўнічаць, служылі ў дапаможных частках — транспартных, сувязных, гаспадарчых, куды пашлюць. У ахову канцлагераў адбіралі выключна добраахвотнікаў. І прычыны тут навідавоку.

Незнакаміты лагер

Сабібор не належыць да ліку самых знакамітых лагераў, сярод якіх найперш называюць Асвенцым, Бухенвальд, Майданэк, Трэблінку. У лагеры каля польскай вёскі Сабібор знішчылі ўсяго 250 тысяч яўрэяў — з Літвы, Нідэрландаў, Францыі, СССР, Чэхаславакіі. Ахоўнікамі тут служылі ў асноўным украінцы — былыя ваеннапалонныя, якія прайшлі навучанне ў нямецкім спецлагеры «Траўнікі» і прынялі прысягу СС. Іх так і называлі — «траўнікі». Ім выдавалі амуніцыю, зброю, пасведчанні. Сабібор адрозніваўся ад іншых лагераў тым, што ён спецыялізаваўся на знішчэнні. Большасць яўрэяў, якіх прывозілі сюды, знішчалі ў той самы дзень. Забівалі з дапамогай звычайнага ўгарнага газу, які напампоўваўся са старых танкавых матораў.

А яшчэ Сабібор быў ці не адзіным канцлагерам, дзе адбылося адносна паспяховае паўстанне. У верасні 1943 сюды з Мінска былі дастаўлены ваеннапалоныя‑яўрэі. Сярод іх быў лейтэнант Аляксандр Пячэрскі, які ўвайшоў у падпольную групу равіна Лявона Фельдхендэра. Яны ўзнялі паўстанне, у выніку якога 550 вязням удалося ўцячы. Усе астатнія былі адразу знішчаны. Каля 90 чалавек, якія хаваліся ў лесе, мясцовыя палякі выдалі гітлераўцам і «траўнікам», і іх таксама расстралялі. Да канца вайны ацалелі толькі каля пяцьдзесяці ўцекачоў. Адразу пасля паўстання лагер быў ліквідаваны — засталося поле, дзе садзілі бульбу і капусту. У 1993 на месцы лагера польскія ўлады адчынілі мемарыял.

Ні кроку наперад?

Што тычыцца ахвяраў і катаў — тут ёсць пытанне. Ці сапраўды звычайныя немцы — напрыклад, пенсіянеры і хатнія гаспадыні, далёкія ад вайны, не ведалі праўды пра лагеры смерці? А калі нават не ведалі — ці не служылі яны надзейным апірышчам гітлераўскага рэжыму, падтрымліваючы фюрэра і яго агрэсіўную палітыку?

Пасля вайны ў Германіі быў Нюрнберг, потым адбыліся яшчэ дзсяткі малых «нюрнберагаў». На тэрыторыі Германіі канцлагераў амаль не было. Савецкі Саюз уяўляў сабой, як вядома, суцэльны ГУЛАГ. Выключэнне складалі, хіба, Масква (хоць і там адбываліся масавыя расстрэлы) ды яшчэ некалькі дзясяткаў буйных гарадоў. Мільёны людзей не проста ведалі пра ГУЛАГ — яны будавалі яго аб’екты, штодня гінулі ад голаду, холаду, здзекаў і пакаранняў, іх расстрэльвалі пры спробе ўцёкаў. Для аховы такой колькасці лагераў патрэбна было вельмі шмат людзей — дзясяткі, сотні тысяч. Не ўсе з іх былі садыстамі, не на ўсіх ляжыць аднолькавая віна за гібель вязняў. Але ніводнага судовага працэсу над сталінскімі катамі дагэтуль не адбылося. (Суд над КПСС пасля паразы путчу 1991 ператварыўся ў пародыю). Між тым, масавыя рэпрэсіі працягваліся да самай смерці Сталіна ў 1953, ды яшчэ і пасля — калі Германія даўно вычысцілася ад нацызму. Многія, хто ў тых рэпрэсіях удзельнічаў, яшчэ жывыя.

Праз пятнаццаць гадоў пасля абвяшчэння Рэспублікі Беларусь галоўная афіцыйная газета ўпершыню выказалася за тое, каб прызнаць Курапаты мемарыялам і паставіць там помнік.

Але гэта будзе — калі будзе! — толькі самы першы крок да аднаўлення справядлівасці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?